Вынікі

Dec 31, 2014 03:49

Год выдаўся трохі цяжкім, але безумоўна для мяне класным!!!

Мне хацелася б пачаць з сумнага, каб скончыць на мажорнай ноце.

* Мы разышліся з Пашкам, з маім "Мастером", гэта быў найлепшы мужчына ў маім жыцці, і я рада, што мы год былі разам. Гэта былі вельмі важныя для мяне адносіны, бо я з ім была шчаслівая. Напраўду. Мы засталіся сябрамі і падтрымліваем у розных аспектах адзін аднаго. Дзякуй табе!

* Украіна.
Балюча.

* Брэкеты.
Думала здымуць напярэдадні Новага года, то бок зараз. Але дзе там... Чакаю вясны...

* Кнігарня.
Суд 5 студзеня. Трымайма кулачкі.

* Ровар.
Фактычна не маю.

* Грошы.
Заўседы на мелі. Заўсёды бомж.

* Стала кепска харчавацца.
Дзе мая дыета, калі я нават яешню сабе не дазваляла? :-\

Мажор:

* Кнігарня!!! Я Працую ў лепшым месцы, якое магла б ўявіць менавіта для сябе. Дэмакратыя, сябры (!), кнігі, мова, прыемная атмасфера, цэнтр горада...... Ой, блін, ды тут лічыць не пералічыць...
Першыя паўгады працавала не падымаючы галавы. Зваліла на сябе ношу, але ўсё давяла да цямы. Была задаволеная сабой у гэтым плане.
Зараз мы робім усё, каб кнігарня працягвала існаваць у будучым.

* Чарговая спроба жыць цалкам самастойна. У кастрычніку я з'ехала ад бацькоў на з'ёмнае жыллё. Прычым дужа класна з'ехала - гаспадынька кватэры вельмі цікавая дзяўчына маладая і мой сусед інтравертны інтраверт, інструктар ёгі. І гэтае ўсё шчасце ў 15 хвілінах ад бацькоў)))) Не, я не хажу да іх вячэраць)))

* Лета!!! Я была ўпершыню ў Крыму. У маім любімым нагім-дзікім фармаце. Я ўсвядоміла, што калі я зараз не з'езжу менавіта ў Крым, то можа й ніколі туды не патраплю. Нашае падарожжа захапіла Кіеў, Севастопаль, Адэсу, дзе я сустрэлася з стрыечнай сястрой, якую не бачыла 5 год.
У студзені, дарэчы, была ў Львове. Паказала Пашке свой любімы горад, штрудзелі, кава, сьнег, Дзіяна!, Юра, таннае таксі і смачныя стравы.
А ў жніўні былі на західФэсце пад Львовам (куды, натуральна, заехалі). Гэта было суперпадарожжа. Нас было 8-9, мы ехалі на бусіке, які ўсё ж такі нарэшце зламаўся пад Баранавічамі. Прычым крута зламаўся, некаторыя паехалі аўтаспынам, бо на працу трэба было.
У кастрычніку на выходных з'ездзіла ў Вільню, не была там гадоў 7-8.

* Мова. Нарэшце! Я магу ўдасканальвацца, практыкавацца і проста атрымоўваць асалоду, бо працую з тымі для каго гэта не марка, не брэнд, а звычайная справа.

* Сьпевы.
Неймавернае адкрыцце свайго ж голасу для сябе.
Я ніколі нідзе не выступала на сцэне і няма ніякага імпэту ці амбіцыяў рабіць гэта на публіку.
А, так атрымалася, што ўчора ну дууу-у-ужа ўжо прасілі людзі, якім я не магла ніяк адмовіць. І я засьпявала калядную. Мяне слухалі каля 30 чалавек. Нейкае неймавернае адчуцце - несці песню.
Унутры кожнага чалавека есць каробачка, да якой трэба падабраць ключ. А калі чалавек падбярэ - дужа здзівіцца, калі пабачыць ШТО там.
Вось я зараз ў такім здзіўленні, разгубленая...

* Цяпер я працую яшчэ й і ў краме "Ў". Я радая. :-)

* Шыю кашулю. Надта марудна. Надта, надта..... У студзені будзе год, як я пачала, але я й чвэрці не зрабіла.
Нічога. Адолеем.

* Я была на сапраўдным аўтэнтычным Купаллі!!! Гэта быў нейкі цуд.

* Дарэчы, што тычыцца этнаграфіі. У сакавіку мяне прынялі ў сябры СЭТ.
У чэрвені я прыняла ўдзел у праэкце "Сьпеўнае поле".
Была на гуканні вясны і на Багачы.

* Кераміка.
З гэтага году заняткі сталі платныя. Але па часе яны досыць доўгія: субота-нядзеля з 12 да 19. Гэта крута. Не хаджу ад званка да званка, натуральна. Але прыемная гэтая вольнасць у рамках.
Працягваю марыць пра ўласную майстэрню і пра ганчарны круг зроблены "пад сябе " уласнаруч.

* Сацыёніка і сямейныя растаноўкі.
Не магу не тыпізаваць людзей, якія мне цікавыя і ўжо раздражняю некаторых людзей тым, што... ну--у-у... шмат чаго становіцца напраўду прадказальным.
Паўдзельнічала ў сямейнай растаноўцы па Хелінгеру. Не адчуваю пакуль эфекту. Прайшло пару месяцаў, праз год можна падводзіць канчатковы вынік.

* Стала больш чытаць. Не так як на філфаку, канешне. Спадзяюся, да такіх тэмпаў я ніколі не вярнуся, але... Гэта вельмі радуе. А магло быць іначай, калі працуеш у кнігарні?

Што я хачу сабе пажадаць напярэдадні НГ :-)

* Заняцца спортам, схуднець на 3 кг;
* Набыць новенькі зручны ровар;
* І надалей здымаць асобнае жыллё, не падавацца на спакусы сэканоміць на гэтым;
* Абавязкова ездзіць у падарожжы. Хаця б недалека і на выходныя. Калі зусім ніяк, то ехаць на лецішча, ці да бабулі далека на Палессе. Не сядзець не месцы!
* Нарэшце ператварыцца са злога паліцэйскага ў харошага. Працаваць над сабой.
* Вярнуцца да практыцы медытацыі па сістэме Сахадж Марг;
* Канчаткова і безпаваротна кінуць паліць. Не падавацца на самакруткі.
* Не раздражняцца на дробязі;
* Быць меньш патрабавальнай да людзей
* Вярнуць традыцыю хадзіць у кінатэатр на рэтра-паказы.
* Дашыць строй лёгка і з насалодай.
* Навучыцца прачынацца хаця б у 9-10 ранку хаця б толькі ў будні.
* Набыць да вясны сабе красоўкі для бегу і пачаць бегаць хаця б раз на тыдзень.
* Намагацца размаўляць на мове ва ўсіх выпадках, а не "как карта ляжет".


уражаньні, Дзіяначка-трусік, керамика, nostalgie, Дзякуй, люблю, народныя сьпевы, Хачу, планы, hand-made, Йа, кнігарня Ў, pagan, Падарожжы

Previous post Next post
Up