Пра флэшмоб я даведалася ад
volka_z_bolkava Яна ж мне і выдала складаную нескладовую літару "У". Зразумела, пасля таго, як я напісала пра кнігарню "Ў" :-) У мяне атрымалася толькі 8 пунктаў.
Правілы такія:
- Кожнаму, хто захоча, - літару.
- А гэты кожны піша 10 слоў - фактаў пра сябе, гісторый з уласнага жыцця, проста важных для яго рэчаў, - якія на яе пачынаюцца.
1. Украіна
Дарэчы, у мяне часта пыталі, адкуль такая цяга да Ўкраіны і да таго, што з ёю звязана.
Па-першае, я маю ўкраінскія карані. Але й у ўкраінскіх каранях усё пераблытана з беларускімі, таму я сябе паўнапраўна адношу да тых, і да другіх. Да таго ж, калі капнуць гістарычна, то Палескія мясціны адносіліся ці то да тых, ці то да гэтых. Тут няма ніякай пэўнай кропкі. Таму я проста сябе лічу паляшучкай.
Украінскую мову я добра разумею, трохі размаўляю, пішу з памылкамі. Люблю ўкраінскія народныя спевы. Шкада, з літаратуры мала што чытала.
Па бацькоўскай лініі вельмі блізкія родзічы жывуць у Вінніцкай вобласці (проста занясло). Маіх стрыечных сястрычак занесла адну ў луганскую вобласць, другую - у Адэсу.
Сама я жыла, здымала кватэру і працавала ў Львове год.
Таму ўкраінцы - гэта для мяне не проста суседзі, а сапраўды браты.
2. Убарць
Гэта рэчка, якая пачынаецца на тэрыторыі Ўкраіны, працякае праз Лельчыцкі раён, і ў Петрыкаўскім раёне ўцякае ў Прыпяць.
Калі мы едзем на машыне ў вёску, праяджаем Лельчыцы, - праязжаем праз гэтую раку. У дзяцінстве яна шырока ўвясну прасцягвалася і ўражвала бязмежнымі берагамі, якія хаваліся недзе ў балоцістых лясах, а вада даходзіла амаль да саміх парогаў дамоў. Зараз яна цячэ вузенькім ручайком.
Назва яе паходзіць ці то ад таго што цячэ яна паўз бары сасновыя, ці то праз бары бортніцкія (пчалярскія).
3. Улада
Мне не падабаецца ўлада ў нашай краіне.
Я сама не люблю, калі ў маіх руках ёсць нейкая пэўная ўлада, бо гэта не проста валоданне, а яшчэ й адказнасць.
Я ўвогуле скептычна стаўлюся да тых, хто мае ўладу ў любых варыяцыях. Але сама за сабой заўважаю, што калі ну вапшчэээээ аніяк з арганізацыяй, то бяру кіраванне на сябе. Па сутнасці - тая самая ўлада.
4. Утрыш
Гэта тое месца, куды б я хацела вярнуцца зноў і зноў. Гэта месца, дзе ўсё проста. Дзе здзейсніваюцца мары, і чалавек праяўляе сябе такім чынам, які ён ёсць насамрэч. Гэта месца, дзе б я хацела правесці сваю работу над памылкамі.
Утрыш сапраўды пакінуў рубец на маім сэрцы.
Уся справа не ў моры, не ў лесе, нават не ў людзях, а ў тым духоўным скарбе, у той бязмежнасці, што незаўважна лунае над той зямлёй. Калі коратка, Утрыш - гэта месца сілы. Камусьці трэба ехаць на Гоа і ў Тайвань, хтосьці круглы год жыве ў хатцы ў лесе з барадой па калена і давольны сваім (выбарам) жыццем. Я разумею першых, але мяне прывабліваюць апошнія.
5. Уражанні
Менавіта для мяне нішто не мае такую моц і каштоўнасць, як уражанні. Няма ўражанняў - пустэча, смерць. Уражанні (впечатления) и задаволенасць (удовлетворение) далёка не адно и тое ж. Бо уражанні могуць быць кепскімі і жахлівымі, але я згодна й на іх. Абы не "нуль". Я сама сабе задаю пытанне: за што ты любіш фільмы кшталту "Волчок", "Четыре", "Жить"? За уражанні, якія я перажываю, гледзячы гэтыя фільмы. І не дай бог мне нешта такое перажыць насамрэч.
6. Універсітэт
Ад універсітэту ў мяне засталіся супярэчлівыя ўражанні. Я пачынала "за здравие", а скончыла вучыцца "за упокой". Гэта прагучыць так нібыта я шукаю сабе апраўданне, але з большасці гэтак атрымалася ад расчаравання ад усёй гнілой сістэмы. Ад таго, што калі ты чымсьці захоплены і хочаш напісаць курсавую працу на неверагодную тэму - гэта нікому не цікава, ніхто спецыяльна з гэтым не будзе сядзець і разбірацца. Па сутнасці ты сам сабе рэжысёр. Хочаш - рабі, не хочаш - не рабі. Узнікае пытанне, навошта ўніверсітэт, калі ёсць бібліятэка?
Я скончыла Педагагічны Універсітэт імя Максіма Танка калі што. Я не саромеюся гэтага, але самыя прыемныя ўражанні засталіся толькі з-за ўгарных п'янак на другім курсе і з-за некаторых выкладчыкаў.
Чаму б не напісаць іх? Гэта Ганчароў (антычная літаратура), Лепешава (древнерусская лит-ра и лит-ра 1-ой половины 18 века), Ждановіч (современная русская лит-ра и устное народное творчество), Ліхашапка Раман Аляксандравіч (які выкладаў нам ангельскую мову па-беларуску і з якім я зараз бачуся на суполцы ў СЭТе), Лясецкая Таццяна Эдуардаўна (выкладчык дзіцячай літ-ры і куратар майго курсавога праекту па сучаснай драматургіі). Дзякуй ім, даражэнькім.
7. Уначы
Я люблю ўсё рабіць уначы. Калі б не родзічы і не праца, на якую трэба рана ўставаць, я б рабіла ўсё-усё ўначы: ад генеральнага прыбірання і прыгатавання ежы, да бухгалтарскай працы і прагулянак па гораду. Ноччу ніхто не замінае, ноччу ціха і толькі ты гаспадар рэальнага жыцця, а не раб Марфея. Ноч натхняе.
8. Упрыгожванні
Я раблю ўпрыгожванні, я люблю гэта рабіць. Але самае цікавае, што я іх не нашу. Ну стыль у мяне нейкі такі ці то спартыўны, ці то мінімалістычны, што я рэдка нашу завушніцы ці пярсцёнкі. Я не сапожнік без сапог. Я маю шмат розных штучак, але не нашу чамусьці. Зімой не бачна і не зручна. Улетку неяк спякотна і ўсё замінае...
Літару не жадаеце? :-)