Неадэкват

Mar 24, 2010 01:33

Абавязкова на любым мерапрыемстве, асабліва калі яно мае на ўвазе камунікацыю паміж удзельнікамі, ня вельмі знаёмымі паміж сабой - напрыклад, круглыя сталы і дыскусійныя клубы ў ТБМ - прысутнічае Неадэкват. Часьцей за ўсё гэта нейкі пенсіянер, але сустракаюцца і самага рознага ўзросту. Неадэкват перапыняе выступоўцу словамі "пачакайце", "а можна пытаньне", "а чаму", "а я ня згодны" і г.д. І пачынаецца... Ён гаворыць хутка, гучна, пераканаўча нейкую лухту, спыняцца і не зьбіраецца, а калі яго перапыняюць і пачынаюць адказваць на ягонае пытаньне, ён пачынае спрачацца. Прычым не разьбіраючыся ў пытаньні альбо маючы відавочна памылковае меркаваньне. Аднак ён даводзіць сваю лухту, гучна, упэўнена, трохі з наездам, яго не спыніць, не стрымаць, бо ветлівасьць не дазваляе інтэлігентным людзям сказаць: "Ды колькі можна, забейся ты ўжо, стары пень!" І ўсе спачатку няёмка маўчаць, схаваўшы вочы ў нататнік ці разглядаючы сьценку, якая раптам стала такой цікавай. А потым, калі Неадэкват зноў заводзіць катрынку, усе прысутныя пачынаюць іранічна-стомлена пасьміхацца адным краем вуснаў і перакідвацца спачувальнымі позіркамі з тымі, хто ім найбольш падабаецца. У гэтыя моманты адчуваецца сапраўдная духоўная еднасьць ўсёй грамады.

А ёсьць людзі, за якімі замацавалася рэпутацыя неадэкватаў. Яны прыходзяць, напрыклад, на паэтычную вечарыну са спазьненьнем на паўгадзіны і могуць нават нічога не казаць, бо людзі ўжо зразумелі, ведаюць: Неадэкват паміж іх. Але ён абавязкова скажа нешта на ўсю залю, перапыніўшы выступоўцу, хоць пару словаў, але не прамаўчыць. "Вітаю ўсіх!" - пачынае прасоўвацца паміж крэслаў Неадэкват. І ўсе прысутныя зноў дзівосна аб'яднаныя ў адным парыве, і крыху паварочваюцца галовы, адцягваюцца краёчкі вуснаў, і лятуць па ланцужку спачувальныя позіркі з адценьнем сьцёбу..

дэталь

Previous post Next post
Up