Верхні ў імя знаёмства допіс

Jan 31, 2015 23:48

Вітанкі ўсім упершыню зайшоўшым!
Гэты допіс фіксаваны, і з яго вы можаце даведацца пра мяне і мой дзённік.

Мяне зваць Ірына, я філолаг-беларусіст з Беларусі з няпэўным месцам жыхарства (Рагачоў-Бабруйск-Менск).

Акрамя мовы і літаратуры, цікаўлюся палітыкай, прыродазнаўчымі навукамі, турызмам - і яшчэ многа чым, але гэта асноўнае.

Пішу па-беларуску, часам ужываю трасянку. Пры патрэбе магу адказаць па-руску чалавеку з Расіі ці іншай замежнай краіны - калі ён пра гэта папросіць, а вось калі запатрабуе, то магу і на*й паслаць. Выкарыстоўваю, як вы толькі што заўважылі, абсцэнную лексіку ў допісах і каментарах, бо з'яўляюся зацятым праціўнікам табуявання якіх-кольвек лексічных груп.

Я замужам. Не, не варта задаваць пытанні кшталту "І калі ўжо нам чакаць маленькага?..".

У мяне здаровае пачуццё гумару.

Я рэаліст і скептык.

Гэта не блог, а асабісты дзённік, у якім большасць допісаў тычыцца майго жыцця і таму хаваецца пад замком. Хаця ёсць адкрытыя допісы пра палітыку, сітуацыю ў краіне, а часам бываюць рэпосты і рэцэпты. Пішу я нячаста, але стужку сяброў чытаю штодня. Каменты пакідаю толькі тады, калі мяне нешта закранула або мне ёсць што сказаць.

У мяне тут ужо някепскае кола добрых сяброў, таму фрэнджу я рэдка і толькі тых, каго мне сапраўды цікава чытаць. У адказ фрэнджу амаль заўжды, але ўсё адно толькі жывых людзей з нерэкламнымі допісамі, якіх мне, зноў жа, чытаць цікава.

Я далёкая ад радыкальнага адмаўлення чыйгосьці меркавання, прынамсі да таго моманту, пакуль мне гэтае меркаванне не пачынаюць навязваць. Але ў сеціве я, як і ўсе, больш рэзкая, чым у "рэальным жыцці". Спрачацца тут не люблю, бо лічу бессэнсоўным.

А таму міма майго дзённіка смела могуць ісці ўсе тыя, хто перакананы ў пералічаных ніжэй рэчах і хоча мне нешта даказаць наконт іх. Такім чынам, міма ідуць адэпты ідэй:

вялікасці Расійскай імперыі, СССР, РФ
неабходнасці аб'яднання "славянскіх народаў" пад сцягам "рускага свету"
неправамернасці існавання беларускай (украінскай) дзяржаўнасці
непаўнавартасці беларускай (украінскай) мовы
лукашызму, пуцінізму, сталінізму...
камунізму, тэрарызму...
неабходнасці і правільнасці рэлігіі (любой)
памылковасці эвалюцыйнай біялогіі
няроўнасці людзей паводле гендэрных, расавых, нацыянальных і г.д. прымет
тэорыі змовы (любой)
небяспекі алкаголю і марыхуаны
небяспекі ГМО
небяспекі глутамату натрыю і іншых харчовых дадаткаў
вегетарыянства/веганства/сыраедства...
памяці вады

і г.д. Спіс будзе папаўняцца па меры выяўлення непрымальных ідэй.

Вы можаце верыць ва ўсё, што напісана вышэй, ды хоць у чорта лысага: вы маеце на гэта права. Мне збольшага ўсё адно. У мяне многа, напрыклад, рэлігійных сяброў як тут, так і ў рэале, з якімі ў мяне цудоўныя стасункі. Але не трэба мне ў маім дзённіку даказваць, што гэта - тое, у што вы верыце - правільна. На гэтым нашы добрыя адносіны скончацца і пачнецца бан.

Тым не менш я спадзяюся, што такіх выпадкаў будзе мала і што ўсе мае фрэнды і госці будуць адэкватнымі людзьмі.

Я зусім не такая страшная і суворая, як магло падацца, а, наадварот, даволі мілая і добрая дзевачка. І ўсіх іншых добрых людзей я ласкава запрашаю :)

жыццё, жж, фота

Previous post Next post
Up