Найбольш распаўсюджаным сімвалам Купалля ў масавай свядомасці сучаснага грамадства з'яўляецца кола. Запаленае кола адназначна параўноўваюць і ўспрымаюць у якасці сімвала Сонца, бо, як вядома, Купалле - гэта свята, прымеркаванае да сонцастаяння і мае выразныя салярныя матывы ў абрадавых тэкстах. Аднак гэта не адзіны аспект сімволікі кола, які актуалізуецца на Купалле. Кола - гэта больш складаны сімвал, які складваецца з некалькіх пластоў, кожны з якіх адлюстроўвае свае ўяўленні і мае асобныя функцыі.
Фрагмент з кліпа VAPOR HIEMIS "Праз сем агнёў"
Што рабілі з колам на Купалле? П.Гуд у кнізе "Беларускае купалле: кампазiцыя і семантыка абрадавых дзей" зрабіў падборку такіх дзеянняў:
1) Напярэдадні свята засеяныя палеткі абходзіла працэсія, на чале якой ішоў мужчына, што трымаў у руках шэст з запаленым колам наверсе (Чашніцкі р-н). Гэты звычай, на думку даследчыка, адлюстроўвае імкненне праз агонь як адлюстраванне сонца ачысціць ад нячыстай сілы поле, павысіць яго ўраджайнасць.
2) У асобных месцах (Барысаўскі, Чэрвеньскі, Мінскі, Слуцкі, Навагрудскі р-ны) старое кола, аблітае дзёгцем, насаджвалі на жэрдку, якую ўбівалі ў зямлю так, каб кола высока гарэла. Калі адно кола згарыць, запальвалі іншае і г.д.
У Слуцкім раёне зверху шаста замацоўвалі старое кола, скрынку ад дзёгцю (мазніцу), усё гэта абкладвалі саломай і запальвалі. Калі шэст валіўся, то на яго клалі бярозкі, а потым ладзілі касцёр, праз які скакалі. Калі патухне касцёр, галавешкі ад яго кідалі адзін на аднаго. У Барысаўскім павеце насаджвалі на жэрдку старое кола, аблівалі яго дзёгцем і, запаліўшы, высока ўздымалі ўгару. Калі адно кола згарала, то на кол насаджвалі наступнае кола і вакол яго танцавалі пад спеў купальскіх песень. Цікавай дэталлю рытуалу купальскага вогнішча з’яўляецца тое, што ў працэсе гарэння кастра толькі пасля таго, як шэст з колам паваліцца, на яго клалі бярозкі, прыгаворваючы: “Каб мой лён такі вялікі быў, як гэтая хварасціна”.
3) Карнавалізаваная працэсія з палаючымі коламі на шастах (Слуцкі р-н).
4) Качанне па гасцінцах і дарогах палаючых колаў (Аршанскі р-н).
5) Качанне палаючых колаў вакол вёскі (Пухавіцкі р-н).
6) Скочванне палаючых колаў у рэчку (Цэнтральная, Паўночная і Усходняя Беларусь),
Кола - сімвал Сонца.
Ахарактарызуем гэты асноўны пашыраны матыў. Сапраўды, у беларускіх міфалагічных уяўленнях Сонца параўноваецца з колам. Напрыклад, "Сонца - гэта вялікае калясо" (К.Машыньскі), ці фрагмент з купальскай песні: "Купала на Йвана, // На Купала сонца гуляла, // Над Бобрынаю калясом стала" (П.Гуд, Беларускае купалле). Параўнанні Сонца з колам уласцівы ўсім індаеўрапейскім народам і вядомы з бронзавага века.
Спальванне і скатванне кола, сапраўды, могуць з'яўляцца сведчаннем міфалагічнай тоеснасці Сонца і кола. Кола спальваецца, бо Сонца таксама ўяўляецца агнём: "Сонейка - гэта той агонь, што грэе неба, каб там было цёпла" (А.Сержпутоўскі), "Сонца, ета Божае огнішчэ" (Ч.Пяткевіч). Фактычна само купальскае вогнішча ўжо ёсць пэўным увасабленнем нябеснага свяціла.
Кола, якое спальваецца на вогнішчы, - гэта сімвалічнае Сонца, якое знікае ў агні сонцастаяння і адраджаецца/абнаўляецца на наступны ранак. Качанне палаючых колаў - таксама можна успрымаць як сімвал Сонца, якое коціцца у агні па небасхіле і знікае. Падобныя дзеянні можна разглядаць як спробу падтрымаць Сонца ў час, калі светлавы дзень пачынаецца скарачацца, што азначае страту Сонцам часткі сваёй моцы.
Кола на слупе купальскага вогнішча, 2018 г. Крупскі р-н. Здымак - Зм.Скварчэўскі
Кола - сімвал неба.
У індаеўрапейскай традыцыі кола са спіцамі таксама з'яўляецца атрыбутам бога Грымотніка і ў сваім першапачатковым сэнсе з'яўляецца сімвалам неба (А.Голан). У беларускім фальклоры таксама сустракаюцца ўяўленні пра круглае (=кола) неба: "Круглае, доўгае, ніхто не дастане" (БНТ Загадкі).
У такім рэчышчы ёсць падставы казаць, што кола на Купалле таксама можа сімвалізаваць неба, а не толькі Сонца. Выкарыстанне кола - гэта сродак усталявання сімвалічнай сувязі з нябесным светым. Акрамя таго, у індаеўрапейскай міфалогіі існуюць уяўленні пра шлюб Неба і Зямлі, ці іншых багоў, а самі стасункі, напрыклад, блізнечных бостваў Ямы і Ямі ў Рыгведзе, параўноваюцца з рухам колаў калясніцы: «Як жонка мужу, хачу я аддаць сваё цела. Няхай будзем мы двое катацца туды-сюды, як колы калясніцы!» (Рыгведа, Х, 10).
Гэта значыць, што качанне палаючых колаў можа быць рэхам міфаў пра шлюб багоў, гэта сімвалічнае паўтарэнне шлюба, ад якога залежыць жыццё тут. І прыгадаем радок з купальскай песні, як "Іван ды Мар'я каціліся з гарушкі". Гэта сэксуальная метафара, а таксама рэха міфа. Качанне кола - гэта той жа сэнс, але які выяўляецца не ў словах, а ў дзеяннях. Зрэшты, гэтыя песні маглі спяваць суправаджаючы дадзенае дзеянне.
Кола - ведзьма (зло, ліха, бяда).
У купальскіх тэкстах і вераннях выразна прасочваецца ідэя "кола - ведзьма". Выяўляецца сюжэт, дзе ведзьма ператвараецца ў кола, у тым ліку менавіта на Купалле. Характэрны запіс з Лепельскага р-на: "Дажа расказвалі, што ў кола прэўрацілася на Купала да усходу сонца. Дык людзі гналі карову. Гоняць, а на ўстрэчу кола каціць па дзярэўне. А яно тады гэта у тым баку было, у Ушацкім. А тады будзе мужчына з ім ішоў, а ён кажа: “Сейчас мы паглядзім”. Скоранька - раз - з забора кол, і яно бяжыць, а ён паднаставіў кола - трах у гэтае сама у кола. І закруцілася, і калясо астанавілася, а на тым канцы баба ратунку крычыць. “Падбягу, - кажа, - хто ж там крычыць, туды. А яна, - кажа, - на кол прабілася” (Полацкі этнаграфчіны зборік. Вып.2, Ч.2).
На Вялейшчыне занатаваны яшчэ адзін цікавы сюжэт, паводле якога, запаленае кола - гэта спаленне ведзьмы: “Ў нас на Яна інцерэсна, на Купалле. У нас там вот гара есць… [...] Там... калесо запалівалі і ведзьму пускалі, і яна да палавіны поля, очэнь інтерэсна... Даследчык: “А гэта во ведзьма - эта само калясо было?”
Дачка: “Эта само, да. ...Внутрь калёсы многа-многа, а адно аддзельна ставілі, укреплялі. І када ужэ касьцёр сільна загарыцца, тада ўжо пакелам падпалівалі гэта калесо і пускалі.” Маці: “Эта ж усягды гэта нада было ведзьму спаліць. Я помню, яны малыя былі, я іх вадзіла на горы. А яны: "Ба-а-абачка, ай, змяя як загарэлася!.."
Дачка папраўляе: “Ведзьма!” Маці: “Ведзьма як загарэлася і ляцела аж у раку. Калясо каціла[ся].” (запіс выкладзены ў суполцы "Вольны архіў").
Агулам, сярод славянскіх народаў распаўсюджаны ўяўленні пра кола, як увасабленне ведзьмаў і чараўнікоў ці як сродак перамяшчэння нячыстай сілы. На Палессі распавядаюць: "Если увидиш на Купалу, як бежить колесо, дак взять и на веревку и повесить - та ведьма и умрэ!"; "Ведьма може перетворитися в колесо, а якщо бити колесо, то вона перетворюеться в жінку" (Славянские древности Т.2).
Як бачна, гэты пласт уяўленняў зусім не звязаны з салярным сэнсам. Запаленае кола - гэта не сімвал Сонца, але сімвалічнае знішчэнне ведзьмы, як увасаблення зла і варожай, шкоднай для чалавека сілы.
У працяг гэтай ідэі можна прыгадаць, што ў паданнях і казках сустракаюцца згадкі, як хут (лятучы змей, што носіць багацце), ператвараецца ў кола: "...Збівалі людзі пажар, збівалі, але не далі рады. Стаяць, глядзяць на галавешкі. Непадалёку старое кола ляжыць. Нікому ў галаву не цюкнула, што гэта Хут. Не стала яму дзе жыць, вось ён у кола і перакінуўся. - Навошта, каб яно згарэла! - сказаў сусед пагарэльцаў і перакінуў кола ў свой двор" (БНТ Легенды і паданні). Чалавек, які перакінуў гэтае кола на свой падворак, стаў гаспадаром змея і разбагацеў. Гэта яшчэ адзін прыклад, як звышнатуральная істота ператвараецца ў кола.
Кола - старызна.
Вядома, што ў многіх рэгіёнах Беларусі на купальскім вогнішчы спальвалі розную старызну і непатрэбныя рэчы. Гэта можа быць вопратка, прадметы побыту, прылады працы. З аднаго боку, гэта мае ўтылітарныя прычыны - пазбаўленне ад непатрэбнага, што даволі добра гарыць. З іншага боку, традыцыйныя святы не маюць выпадковых дзеянняў, якія рабіліся проста так. Святы, асабліва прымеркаваныя да раўнадзенстваў і сонцастаянняў, маюць выразныя ідэі ачышчэння і абнаўлення. Такім чынам, знішчэнне ў купальскім вогнішчы старых непатрэбных рэчаў таксама з'яўляецца важным сімвалічным дзеяннем, праз якое чалавек пазбаўляўся ад непатрэбнага і непрыемнага. Як сёння можна сказаць - знішчалі непатрэбнае, пакідалі яго ў мінулым са спадзяваннем на новае. Фактычна гэта мае псіхатэрапеўтычны эфект, калі прадмет звязваўся з пэўнай праблемай і знішчаўся, такім чынам, сімвалічна пазбаўляліся ад праблемы. З улікам таго, што кола таксама ўвасабляе ліха (ведзьму), яго знішчэнне можна разглядацца ў якасці спробы пазбавіцца ад бяды, ліха і непрыемнасцяў, абарніць сябе, сям'ю і гаспадарку ад няшчасцяў.
Сучасныя колы ў купальскім вогнішчы, г.Барысаў, 2008 г. Уласны здымак.
***
Прыведзеныя прыклады сведчаць пра незвычайны, на першы погляд, момант: аўтэнтычныя тэксты, звязаныя са звычаем качання палаючых колаў, прама не суадносяць дзеянне з салярнай сімволікай. Пра гэта мы здагадваемся па ўскосных звестках. Пра сэнс ці не пыталіся, ці людзі не казалі пра відавочныя для іх рэчы. Як бы тое ні было, палаючыя колы з Сонцам звязалі ўжо даследчыкі. Пры гэтым, ёсць выразныя сведчанні сувязі кола з ведзьмай і ідэяй яе знішчэння. А таксама качанне кола ўскосна можа суадносіцца з купальскімі шлюбнымі матывамі.
І гэта даволі важны момант для разумення сэнсу сімвалаў і абрадавых дзеянняў на Купалле. У сучасным разуменні пераважае ўжо іншы пласт уяўленняў пра купальскае кола (=Сонца, і толькі так), які ў пэўнай ступені быў сканструяваны даследчыкамі і падхоплены паслядоўнікамі этнічнай культуры. Аднак варта не забывацца таксама пра іншыя пласты ўяўленняў, асабліва калі ладзіце Купалле, каб сэнсы, сімвалы, словы і дзеянні адпавядалі адзін аднаму.