Стаўроўскія Дзяды ў сучаснасці

Oct 29, 2017 22:22

Яшчэ раз хацелася б звярнуць увагу на артыкул Уладзіміра Аўсейчыка "Абрад "Стаўроўскія Дзяды" на Докшыччыне", у якім разглядаецца гісторыя і сучаснасць абраду. Гэты тэкст не асабліва быў заўважаны ў "масах", хаця ён важны, бо прысвечаны абраду, што звязаны з касмаганічным і этнаганічным міфам беларусаў. У час Дзядоў актуальна нагадаць пра яго.

Некаторыя заўвагі і высновы аўтара:

Час правядзення: "...можна зрабіць дапушчэнне, што першапачаткова Стаўроўскія Дзяды святкаваліся напярэдадні Тройцы, а потым пад уплывам пэўных фактараў (у першую чаргу царквы) былі перанесены на іншыя дні (напярэдадні Узвіжання, на Дзмітраўскія Дзяды)".

"Аднак дастаткова аргументаванай і пацверджанай палявымі матэрыяламі з'яўляецца толькі версія аб прымеркаванні Стаўроўскіх Дзядоў да Узвіжання (14/27 верасня".

Арэал святкавання: "Абрад мае вузкалакальны характар. Арэал абраду лакалізуецца на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Усе іншыя геаграфічныя прывязкі...не мелі дадатковага пацвярджэння падчас палявых даследаванняў".

Сучасны стан: "Як сведчаць матэрыялы сучасных палявых этнаграфічных даследаванняў, жыхару шэрагу населеных пунктаў Докшыччыны яшчэ захоўваюць традыцыю святкавання Стаўроўскіх Дзядоў. Аднак да нашага часу абрад дайшоў значна рэдукаваным, з яго зніклі асобныя элементы і абрадавыя дзеянні. У сучасны перыяд Стаўроўскія Дзяды амаль не маюць адрозненняў ад іншых Дзядоў. Разам з тым, у народнай свядомасці жыхароў Докшыччыны захоўваюцца надзвычай архаічныя элементы (паданне пра паходжанне абраду, частка рытуальнай формулы запрашэння дзядоў"), характэрныя яшчэ для абраду ХІХ ст.".

"Адметнай асаблівасцю дадзенага памінальнага абраду з'яўляецца рытуал запрашэння памерлых на вячэру і сама рытуальная формула такога запрашэння ("Стаўры, Гаўры, гам, прыхадзіце к нам!")".

"...у шэрагу месцаў Докшыччыны ў сучасны перыяд выраз "Стаўры, гаўры, гам" мае значэнне і самой памінальнай вячэры".

***
Трэба адзначыць, што арэал абраду ў мінулым, відаць, быў больш шырокім, але сёння адзначаны навукоўцамі пакуль толькі ў адным раёне. Народныя традыцыя працягвае захоўваць памяць пра міфічных сабак Стаўры і Гаўры, якія вядомы з паданняў пра князя Бая і пра паходжанне беларусаў.

Стаўроўскія Дзяды сёння захоўваюцца ў вёсках недалёка ад Сцёп-каменя, які пазначае водападзел басейнаў рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. Сцёп-камень - сімвалічны цэнтр Сусвету, каменная Нябесная Гара, з якой сцякаюць рэкі ў розныя бакі і на вяршыні якой жывуць багі і продкі. Сляды Стаўры і Гаўры таксама сталі рэчышчамі рэк, што цякуць на поўнач і поўдзень і пазначаюць зямлю беларусаў. Мо таму на Докшыччыне і захаваўся абрад? Мо ён сілкуецца з тых крыніц і жывы менавіта там, дзе ўсё пачалося? І адтуль народная традыцыя будзе пашырацца і ўмацоўвацца? Калі ў свой час зноў паклічуць: "Стаўры, Гаўры, гам, прыхадзіце к нам!".



Мастак Тодар Кашкурэвіч. З выдання "Беларуская міфалогія" (2014).

народны каляндар, этнаграфія, Крыўя, свята, ДЗЯДЫ, традыцыя

Previous post Next post
Up