Mar 30, 2016 08:17
- Галоўная задача - не дапусціць, каб наша мова і далей гінула так, як яна гіне цяпер. Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні.
- Калі не зменіцца ў нас культурная палітыка, не зменяцца адносіны да літаратуры, да культуры, да беларускай мовы, нічога добрага нас не чакае. Свіней можна праз год нагадаваць ізноў. Ураджай можна павысіць. Машынаў можна нарабіць больш сучасных. Але калі загіне мова - канец. Разумныя людзі, асабліва інтэлігенцыя і тыя, якія маюць уладу ў краіне, павінны гэта разумець. Але пакуль не разумеюць. І гэта мой самы вялікі клопат і боль.
- Увесь час, як толькі мы пачыналі набіраць глыбокае дыханне, нас білі па галаве і асаджвалі, заганяючы ў становішча рабоў. Згадайма 20-я гады - які ўзлёт беларускага духу быў! Што адбывалася! Колькі цягнулася? 6−7 гадоў. А колькі паспелі зрабіць, якая літаратура вырасла! Было 5 пісьменнікаў, а стала 105! Ды якія таленты! І што? Адразу - па галаве. У гады вайны, у час акупацыі, нібыта павярнулася трошкі да лепшага ў Маскве, з’явілася ўвага да нацыянальнага пытання. Ясна чаму, бо трэба было, каб беларусы, якія тут засталіся, не пайшлі на згоду з акупантамі, не сталі калабарантамі. Таму - калі ласка. Імем Каліноўскага нават партызанскія атрады называліся. І колькі такая палітыка пратрымалася пасля вайны? Некалькі гадоў. У пачатку 50-х зноў пачалі гакаць і біць. І зноў - па галаве, па галаве. А вазьміце нядаўнія 90-я. Ізноў - які ўздым быў! Колькі цягнуўся? Тры-чатыры гады… Наш народ гатовы жыць у сваёй краіне, сваім ладам-парадкам, толькі трэба па-Боску паставіцца да яго памкненняў.
- Гэта, дарэчы, непадзельнае: няма праўды - няма свабоды. Доўгія стагоддзі забівалі ў народзе ўсё, што можна было забіць. Але ж не забілі дарэшты. Тое, што народ сёння не бярэ зброю ў рукі і не змагаецца - нічога. Беларускі народ і ў маўчанні вялікі. Прыйдзе пара, і вырашальнае слова будзе сказана.
З інтэрв'ю Ніла Гілевіча «Радыё Свабода» і Саюзу беларускіх пісьменнікаў
"...Наш народ гатовы жыць у сваёй краіне, сваім ладам-парадкам, толькі трэба па-Боску паставіцца да яго памкненняў..."
-Тут уж действительно. Пока мы сами себя не обретем, не почувствуем свои корни, свою землю под ногами так и будем жить абыяк.
родная мова,
Беларусь