Учора. Кампутарныя праграмы і дождж.

May 28, 2007 23:11

Калі ўсе нармалёвыя людзі Беларусі, усе самыя лепшыя і самыя звычайныя яе прадстаўнікі, самыя прыгожыя і сьвядомыя хлопчыкі і дзяўчынкі: вучні школ, студэнты і іншыя асобы крыху пасталей і сурьёзней, атрымліваюць асалоду ад гэткіх сонечных дзянькоў, што ўсталяваліся цяпер, і з усяе моцы адпачываюць сабе на карысьць, я сяджу і пішу праграмы..

Калі беларусы і беларусачкі ходзяць адзін з адным па нашых амаль што свабодных гарадах, трымаюцца за рукі і вельмі кахаюць адзін аднаго, дыхаюць амаль што свабодным вельмі чыстым травеньскім паветрам, катаюцца ў перапоўненых аўтобусах, вусатых тралейбусах і хуткіх цягніках, апошнія разы карыстаючыся, як высьветлілася, зусім не патрэбнымі ім ільготамі, а некаторыя (вось павезла!) ездзяць адпачываць на самае лепшае ў сьвеце Мінскае мора, каб пазагараць і добра правесьці свой час, я сяджу і пішу праграмы..

І не тое каб я маньяк нейкі, і не тое, што ў БДУІР вучуся, і не тое каб праца... Проста, я сяджу і пішу іх.. Зараз. А тут і сесія падыйшла (дарэчы, віньшую ўсіх!). І падумаў я, што трэба курсач напісаць. Сябе. Вось і пішу.

Вось так бы сядзеў, сядзеў, нікуды не выходзіў бы:

- Лёша, паехалі на Мінскае мора?
- Ай, справы, вучоба, ды й наогул... - адказваю я.
- Сёньня ж выхадны!!
- А? Насамрэч!? Ну і што з таго?
- Можа, у цябе тэмпература?
- ..

- А давай сустрэнімся!?
- Давай у наступны раз. Добра? А то ў мяне зараз...

- Мы тут сёньня зьбіраемся...
- Сёньня без мяне...

Ну і гэтак далей.

У-у-у-у-у... Відаць я сапраўды маньяк. Толькі сам не ведаю які. І так бы сядзеў бы сябе і нічога б не здарылася і "было б усё добра", але ж не, стукнула нешта ў галаву а палове адзінаццатага, сабраўся я і пайшоў на вуліцу. Думаю, чым я горш, пайду і я шчасьця пашукаю.

Ну і блукаю я гэткім чынам па Менску. Марожанае сабе купіў. Добра так. Вось, думаю, які я малайчына, што вылез з-за кампутара на свет Божы, як прыгожа навокал, як цёпла, хараство! Толькі гляджу, нешта маланкі недалёка зіхацяць, і вецер усё мацней, але не зьвяртаю ўвагі - іду далей.

І тут як дасьць добры такі дождж, навальніца нават. І ўсё больш і больш! Народ як драпане хто куды, каб схавацца.. А я іду далей, марожанае ем. Няхай, думаю, што дожджыка баяцца? Так і ішоў.

Калі пачаўся град, незнарок зьявілася думка, што лепш бы сядзеў я дома і праграмы пісаў.. Але думка была з тых, якая амаль адразу ж знікае, як толькі прамільгне.

Прыйшоў дахаты мокры, але ў добрым настроі. Сабака соладка дрымаў на падлозе. Асьцярожна, каб не спужаць яго сон, я прайшоў у свой пакой і сеў за кампутар.

life

Previous post Next post
Up