Прачытаў
вось гэта і прабіла на настальгію... Для мяне, тады яшчэ вельмі малога, гэты час быў надзвычай цікавы. Памятаю яшчэ сінія аўтаматы з газіроўкай, якія потым неяк хутка зніклі, адмысловыя папулярныя тады джынсы у белую крапінку, якія называліся "варонкамі". Школьнікі тады жувалі нейкія жуйкі са шнабатымі упырамі у акулярах на абёртцы. Падаецца, яны называліся "ціп і ціп" ці неяк падобна то(дзякуй Богу, я тады жуваў "дональд-дакаў" і "том і джэры", прывезеныя бацькам з Польшчы). Яшчэ памятаю савецкія капейкі і хутка змяніўшыя іх купоны, а потым і першыя "зайчыкі". Часам ненавідзеў сваю маці і яшчэ жывую-здаровую тады бабулю, якія цягалі мяне у краму прастойваць бясконцыя чэргі. Праўда, потым у кампенсацыю набывалі за тое 4 кексы у кардоннай чырвонай каробцы з напісаным на ёй коштам " 1 р. 55 коп." ці ваду "Дюшэс" альбо "Тархун".
А яшчэ на маім раёне дзевяціпавярховікі былі амаль новымі, не аблезлымі, ня тое што зараз. У дзіцячым садку на паліцы стаяла разам з рознымі там казкамі ксёнжка "Пра герб і сцяг". А калі я рассякаў паветра на сваім трохкалёсным лісапедзе ці сядзеў у пясочніцы, у паветры пастаянна лёталі гэлікоптэры, ды й летакоў было значна болей. На кампах "электроніка" у школе графіка была як пазьней на тэтрысах. У суседцы па лецішчу быў казёл па мянушцы Мэйсан, названы у гонар аднаго з герояў папулярных тады "мыльных опер". У вушах пастаянна гучалі песні "Сектара газа", што тады слухаў мой стрыечны брат на савецкім магнітафоне "Рамантык".
Потым хутка з'яўляцца і гарэць пачалі фанерныя камерцыйныя шапікі, а на пад'ездх з'яўляцца лістоўкі з фота кандыдатамі у прэзідэнты. Першай з іх была агітацыйная улётка З.Пазьняка. Хтосьці з нашай банды 6-7-і гадовых дваровых мальцаў вызначыў яго як дэсантніка, бо Зянон на фота быў у берэце. Гэтая мянушка на пэўны час( пакуль паперку не садралі) трывала замацавалася за ім. А потым прыйшлося ісьці у школу. Пачаўся новы этап жыцця.