Колькі заўваг аб насельніцтве Наваградчыны 10-13 ст.

Oct 17, 2010 00:29

Наўздагон палеміцы http://datcanin.livejournal.com/146527.html
Панове, разумею канечне вашу узаемную непрыязь, калі можна так сказаць, альбо розныя погляды з Гедыгольдам, але ня трэба перакручваць факты. У Гедыгольдавым пасце, справа ішла не аб тым, што Навагрудак ня ёсць Літва, а аб тым што насельніцтва Наваградчыны ў 10 - 13 ст. насіла куды больш славянскіх рысаў чым балцкіх . Спынімся на іх. Я б усё такі не стаў цалкам ігнараваць дадзеныя археалогіі. Выдатна разумею аб тым, што “славянскія” ці “балцкія” рэчы не могуць на 100% сведчыць аб этнічнай прыналежнасці іх уладальнікаў, але ў выпадку калі пахавальны абрад, інвентар помнікаў Навагрудчыны вельмі падобны на валынскі і дрыгавіцкі - гл.працы Ф.Гурэвіч, К.Паўлавай, Я.Звяругі, ці нават артыкул Э.Зайкоўскага на які вы спасылаліся. Калі гэтага мала-можаце пачытаць артыкул вядомага польскага археолага Я.Тышкевіча пра працэс славізацыі Верхняга Панямоння ў 7-11 ст. ). Невялікая колькасць артэфактаў, характэрных для балтаў ня могуць сведчыць аб іх перавазе у рэгіёне. Спісваць усё на культурныя уплывы тут наўрад ці карэктна(такім чынам, Засвір, дзе пражывлі усходнія літоўцы можна залічыць на падставе некаторых непераважаючых знаходак да славянскіх помнікаў, маўляў, моцны балцкі ўплыў, хоць насамрэч там было наадварот - нязначны славянскі (у плане інвентару, зразумела, бо пра астатняе, мы, на жаль,не даведаемся ніколі). Але адной археалогіі, зразумела, замала. Любую з’яву трэба даследаваць, як вядома, у комплексе. Давайце параўнаем колькасць балцкіх тапонімаў на Наваградчыне, і на паўночным захадзе, напрыклад, у Павіллі ці на Мядзельшчыне і Браслаўшчыне. Не трэба быць вялікім лінгвістам, каб заўважыць, што ў Верхнім Панямонні іх нашмат меней чым на паўночным захадзе. І урэшце, у нас не усё так дрэнна з пісьмовымі крыніцамі. Ёсць Іпацьеўскі летапіс, у тым ліку найболь яго цікавая галіцка-валынская частка. Адназначна Літвой Наваградчына там не называцца. З барацьбы першых вялікіх літоўскіх князёў з галіцка-валынскімі вынікае што Наваградак ( як і пазней Гародня, што знаходзіцца прыкладна на той жа паралелі, але значна заходней) намаганнямі Літвы былі вырваныя са сферы уплыву Г.-В. княства. У дадатак, да гэтага ня трэба забывць, што тэрмін “Літва” як тэрмін “Русь” полісемантычныя. Наваградчына даволі рана, у пачатку 14 ст. ужо моцна злілася з палітычным ядром ВКЛ дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу (чыт. Любаўскага). Дый межы Літвы шырыліся пастаянна (чыт. артыкулы В.Насевіча і М.Спірыдонава, В.Вароніна) Таму Навагрудак і стаў Літоўскім, як і пазней Менск называлі Мінск-Літоўскім.
Увогуле гісторыя гэта усе ж такі навука са сваёй доляй верагоднасці, няхай не такой як матэматыка ці фізіка, але не поле для мадэлявання канструкцый, якія падабаюцца таму ці іншаму яе даследчыку. Хацелася б каб дыскусіі не перарасталі у ідэалагічныя спрэчкі наконт таго, каму што больш падабаецца, бо толькі тады з іх можна вынесці рэальную карысць.

дыскусійнае, гісторыя, Літва

Previous post Next post
Up