..Поўн (і) я..

Oct 16, 2008 02:33

Начное неба перашытае белымі стужкамі слядоў самалётаў.. Яны падлятаюць зусім блізка да поўні, амаль дакранаюцца і  разам з той становяцца падобнымі да каметы, што падае, але шчэ гарыць, раскідваючы ўбокі срэбраныя праменчыкі..

Ці не такія ж мы, як гэтая камета: ярчэйшыя разам дый ляцім у глыбокай прасторы, пакуль не згаснем..

Я назірала за бегам “каметы” (ад руху аблокаў,здавался, жывой і яна) седзячы на кукішках у парку батанічнага сада.. Вакол нікога.. Ні людзей за агароджай, ні коткі (што сустракала нас у першы дзень адкрыцця намі гэтага раю, куточка спакою пасярод Віцебска), ні вартаўніка (нічога з дзяцінства не змянілася - ні сабакі, ні варты:) ).. Я трымала ў руках далоньку майго дзіцяці - маленькага на паўметры ростам дуба.. Ён зусім не вырас за гэтыя вясну і лета, але стаў мацней, перастаў хварэць.. Далонька была мокрай ад вечаровай расы, і я грэла яе, успамінаючы як мы саджалі гэтае дрэўца..капалі фактычна рукамі.. у нас не было рыдлёўкі і ўжо ніякага пачуцця з твайго боку.. проста абавязак, ажыццяўленне абяцання пасадзіць разам дрэвы.. ты выбраў месца, дзе былі закапаныя кавалачак ад фарфоравага кубачка з намаляванай незабудкай, адбітак талеркі, шмат цэглы і жалеза.. прафесійнае пачуццё гістарычнага цікавага?:)

Я не памятаю, чаму я вырашыла прыйсці сюды ноччу..  Я прыходжу сюды ў заблытаныя, складаныя моманты жыцця.. Дый яшчэ да помніка Уладзіміра Караткевіча.. Калісьці, у сваіх пачуццях да Беларусі адчувала сябе вельмі самотнай, хацелася, каб побыч быў  чалавек, які перажываў за Беларусь так, як і я.. З часам такія людзі з’явіліся, а звычка засталася.. Стоячы перад помнікам ці прысеўшы на прыступкі каля яго, лёгка думаецца пра жыццё, лёгка размаўляецца з ім, уяўляецца, што бы ён мог параіць мне, як падтрымаць, падбадзёрыць (адзін знаёмы сказаў, што гэта, пэўна, і праўда, вельмі цяжкія моманты, калі ён яшчэ і АДКАЗВАЕ! :) )..

І праўда супакоеная, я пайшла дадому.. паўсюль сустракаліся парачкі мянтоў (хм, мо, уключыць у маё даследаванне такі раздзел, як “як уплывае праца ў пары на арыентацыю”:) ).. Яны баяцца хадзіць па аднаму.. А я - не.. Нягледзячы на тое, што забыла нож, што ты мне даў.. У мяне толькі поўня, што глядзела на мяне ўжо пільным вокам.. Вока маці-зямлі.. ці вока Бога? Глядзіць, каб абае мае анёлы (маць казала, што ў мя менавіта два.. аднаго з маёй суіцыднасцю не хопіць:) ) ахоўвалі мяне:).. Ці баіцца, што двух не хопіць?

Заходзячы ў пад’езд яшчэ раз кідаю погляд у бок месяца.. Цяпер ён нагадвае мне закаханага, што глядзіць з надзеяй, што каханая застанецца шчэ на хвілю, паўгадзіны, гадзіну.. да раніцы..

Вы не думалі, што месяцу самотна ночыць адному? Хто праводзіў усю ноч з ім?

Previous post Next post
Up