Фактар К.

Sep 17, 2010 23:12

Пасьля абвешчаньня даты прэзідэнцкіх выбараў гульня ў апазіцыйнае частцы беларускага палітычнага поля прыажывілася. Зноўку ў СМІ пачалі друкаваць палітычныя партрэты прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты ўсяго, самі прэтэндэнты з новымі сіламі пачалі нахвальваць кожны сам сябе на свой лад, а паспаліты люд на форумах звыкла пачаў ламаць коп'і і сьціраць дашчэнту пальцы, абіраючы лепшага з іх.

На маю думку, наяўнасьць ці адсутнасьць адзінага кандыдата ад апазіцыі аніякім чынам не паўплывае на расстаноўку сілаў у перыяд выбараў і, што нават важней, пасьля іх. Насамрэч, што ці хто ў апазіцыі зможа перашкодзіць мадам Ярмошынай абвесьціць загадзя падрыхтаваныя «вынікі выбараў», «пераабраўшы» тым самым на новы тэрмін дзейнага «кіраўніка дзяржавы». На вялікі жаль, рычагі ўплыву на гэты працэс засяроджаныя зараз толькі у Адміністрацыі прэзідэнта ды па-за межамі нашае краіны. Тым ня менш, выйсьце з сітуацыі ёсьць. Выйсьце радыкальнае, але тым ня менш магчымае. Пры рэалізацыі ніжэй апісанага сцэнару ў выйгрышы, думаю, застануцца ўсе. А хто не застанецца, тыя ўсё адно будуць палягаць люстрацыі і іх меркаваньне для нас неістотнае.

На бягучы момант маем наступную сітуацыю.

1. Уся ўлада засяроджаная ў рукох аднога чалавека і ягонае каманды. Мы відавочна маем у краіне аўтарытарны рэжым, асноўная мэта якога - захаваньне ўлады ўсімі магчымымі сродкамі.
2. Выйграць выбары ў аўтарытарнага лідара ў найноўшай гісторыі Беларусі дый сьвету ні ў кога пакуль што не атрымоўвалася.
3. Вулічны сцэнар захопу ўлады не прадстаўляецца верагодным з-за моцнай аховы дзейнай улады, адсутнасьці яскравага харызматычнага лідара апазіцыі і памяркоўнага грамадзтва.
4. Існуе меркаваньне, што для нармальнага дэмакратычнага разьвіцьця краіны неабходныя адкрытыя дэмакратычныя выбары, ў якіх пажадана ня будзе прымаць удзелу чалавек, які зараз называе сябе прэзідэнтам Беларусі. Калі такія выбары адбудуцца, усё будзе харашо.

У адсутнасьці адзінага лідара, які павядзе краіну за сабою да перамогі, існуе толькі адная стратэгія - стварыць яго самім. І зараз такая магчымасьць існуе. Мы ў стане стварыць тое, перад чым будуць бяссільныя як рэпрэсійны, так і выбарчы апараты дзейнае ўлады.

Нашага лідара немагчыма будзе спыніць. Ён зробіць сваю справу! Для гэтага яму не будуць патрэбныя ані грошы, ані зарэгістраваная ініцыятыўная група, ані сотні тысячаў сабраных подпісаў, ані пасьведчаньне кандыдата. Яго ня спыняць шматлікія кардоны на шляху да рэзідэнцыі намінальнага кіраўніка краіны, бо яго не магчыма забіць. Ён будзе падтрымлівацца толькі нашай воляй да Перамогі, нашым жаданьнем вольнага жыцьця! А пасьля нашае перамогі ён ціха сыдзе, не патрабуючы нічога для сябе.

Яго клічуць Кандрацій. Ён прыйдзе і схопіць дыктатара. А пасьля гэтага будуць свабодныя выбары!

Але Кандрацій аніколі не прыходзіць сам, мы мусім спрычыніцца ягонаму прыходу. Што для гэтага зрабіць? Як выклікаць Кандрація і направіць яго па добра вядомаму адрасу? Гэта вельмі проста. Трэба перастаць баяцца, падняць галаву і сказаць самому сабе: «Я вольны чалавек!» І калі нас стане шмат, калі плыня нашае сьвядомасьці дасягне шыкоўных палацаў, рэжым рухне. Мы звалім яго. А на чале нашае грамады будзе стаяць Кандрацій, якому мы абавязкова паставім помнік на месцы аднога з Лядовых палацаў за ягоны ўнёсак у перамогу.

графаманства, палітата, актыўная жыцьцёвая пазіцыя, паліттэхналёгіі

Previous post Next post
Up