"Быць беларусам на Беларусі - гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага месіянерам новай веры, для кагосьці варожым прыблудам, а для ўсіх астатніх - ат такім сабе блазнам."
"Ва ўсім сьвеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, то ня проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве."
"Таму зусім ня выключана, што ў нейкую, магчыма і не зусім аддаленую пару, каб размаўляць па-беларуску на людзях, трэба будзе браць дазвол у гарадскіх уладаў з адзнакай месца і часу, як сёньня патрабуецца “заяўка” на палітычны пікет ці аматарскі канцэрт на вуліцы."
"Неяк, калі адзін і другі былі яшчэ толькі дэпутатамі Вярхоўнага Савету і ня надта варагавалі міжсобку, пры абмеркаваньні нейкай канцэптуальнай праграмы, зачытанай Пазьняком, Лукашэнка з трыбуны заявіў, што гэта выдатная праграма, але для яе патрэбны зусім іншы народ."
"зьвернем увагу, што беларуская мова (у адрозьненьне ад старабеларускай) паўстала і доўгі час функцыянавала выключна як плебейская мова сацыяльнага нізу. На ёй размаўлялі адно тыя паспалітыя (вяскоўцы, жыхары апошніх ускраінаў, мястэчак і гарадоў), што жылі з мазаля і былі цалкам адлучаныя ад хоць якіх выгодаў прывілеяванага жыцьця больш заможных групаў і класаў. З чаго кожны асобны выпадак падвышэньня сацыяльнага статусу селяніна ці наёмнага працаўніка перадусім патрабаваў замены ўласнай мовы на нейкую іншую. Адсюль і быў сфармаваны сацыяльны стэрэатып беларускай мовы як таго, што ў кожным разе трэба пераадолець (адрачыся), калі ты жадаеш сабе лепшай долі."
"На бацькаўшчыне я хутчэй па інерцыі, хаця і не бяз пэўнага форсу, нейкі час працягваў размаўляць па-расейску. Ах, з якім захапленьнем і зайздрасьцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай і шчасьлівай радасьцю сьвяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маё “оканье”.
Адным словам, для ўжо ўласна беларусаў тутэйшая мова ад самага пачатку была тым ганебным, зьневажальным таўром, якое кожны мусіў вытравіць (ці хаця б старанна прыхаваць), калі жадаў падвысіць свой сацыяльны статус. "
"Горшае мову чакала наперадзе, калі ў першай палове ХХ стагоддзя беларуская нацыянальная ідэя пацярпела шэраг глабальных паразаў (апошнюю - у трыццатыя гады), пасьля чаго яе актыўных носьбітаў пачалі татальна рэпрэсаваць і вынішчаць. (Прыкладам, да апошняга чалавека быў зьнішчаны ўвесь даваенны мовазнаўчы атрад рэспублікі, які працаваў над пяцітомным “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” - у жывых застаўся толькі адзін тэхнічны работнік). Менавіта тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам сацыяльнага аўтсайдэрства, сталася для калектыўнай беларускай сьвядомасьці яшчэ і знакам бяды. Бяды рэальнай, блізкай, сьмяротнай для кожнага публічнага адэпта роднай мовы. У самым лепшым выпадку зацятых карыстальнікаў матчынага слова чакалі занядбанасьць і нішчымніца, у горшым - эміграцыя, Сібір ці Курапаты (як закатаваных там тысячаў “нацдэмаў”).
А цяпер мы можам вярнуцца да “феномену” партызанскага кіраўніка “партызанскай рэспублікі”. Пётр Машэраў стаўся нацыянальным героем з розных падставаў, але яшчэ (а, можа, і перадусім) таму, што лакалізаваўшы нацыянальнае красамоўства вузкім пісьменьніцкім асяродкам, ён насамрэч загнаў у рэзервацыю не беларускую мову, а беларускую бяду, якая палягала на гэтай мове. І калі Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч паспрабаваў вызваліць мову з рэзервацыі, яго хуценька адлучылі ад ганаровай пасады. Паспаліты беларус калі ня розумам ведаў, то нутром прадчуваў, што як толькі кіраўнік беларускай дзяржавы пачне размаўляць на мове бяды, то неўзабаве ўсёй краінай гора не абярэшся."
"Калі мова сістэмна зьніжае ўзровень дабрабыту масавага шарагоўца - у гэтай мовы няма персьпектывы, прынамсі, гарантаванай."
"На праблемнае пытаньне: мова ці каўбаса, звычайны шараговец цалкам слушна адказвае - каўбаса. Бо мова створаная дзеля жыцьця, а не наадварот. І калі нейкая мова не паляпшае жыцьцё чалавека, то навошта яму такая мова? І ўсе самыя палымяныя і пераканаўчыя аргументы рамантыкаў ад нацыяналізму будуць заставацца для паспалітага чалавека пустой балбатнёй, калі з мовы нельга жыць - і жыць добра."
"Калі б ня колькі палітычных перадачаў на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, якія не стамляюцца ганіць “нацыяналістаў”, то сёньня ўжо мала хто б ведаў, што ў Беларусі, акрамя проста тутэйшых, ёсьць яшчэ нейкія сапраўдныя (“шчырыя”, “сьвядомыя”, “зацятыя” і да т.п.) беларусы."
"А вось “беларускі народ” (і гэта пераважная бальшыня насельніцтва Беларусі), у адрозьненьне ад нас, меркаваў, што ніякай свабоды ён не займеў, але затое страціў вялікую дзяржаву, з якой лічыўся ўвесь сьвет. “Беларускаму народу” сьмешна было нават слухаць пра нейкае там шматгадовае рабства ў расейска-камуністычнай імперыі, бо ладную частку палітычнай, эканамічнай ды інтэлектуальнай эліты Расеі складалі беларусы па паходжаньні, а сама Беларусь у канфігурацыі імперыі займала адно з самых паважных месцаў, была індустрыяльна мадэрнізаванай і мела ці не найвышэйшы ўзровень дабрабыту сярод астатніх рэспублік Савецкага Саюзу."
"Тым болей, што мы яму прапанавалі памяняць ролю вялікага воя і вялікага дойліда (які за гэтыя два стагоддзі ці то пабраў, ці то вызваліў палову сьвету, засвоіў касьмічнае прадоньне і збудаваў першую ў сьвеце камуністычную цывілізацыю), на ганебную ролю скаланізаванага раба, які сам з гэтага рабства нават вызваліцца ня здолеў."
"Карацей кажучы, мы паклікалі “беларускі народ” у краіну, дзе ніхто не жыве, акрамя гістарычных і літаратурных зданяў ды прывідаў. І зусім натуральна, што ён не адгукнуўся на наш покліч у нікуды. А мы яго за гэта незалюбілі і нават трохі ўзьненавідзелі. Якімі толькі словамі мы ні бэсьцілі гэты балотны народ, што не хацеў караскацца за намі на голыя выспы свабоды! “Народ” нейкі час абыякава трываў нашую лаянку, а потым узяў ды адсунуўся ад нас падалей. І, здаецца, назаўжды."
"Уся розьніца хіба ў тым, што як толькі дынаміка нацыянальнага руху пайшла на спад, Зянон Пазьняк эміграваў за мяжу сам, а Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў зрабіць гэта разам з усёй краінай."
" І ў той Беларусі аб’явіцца процьма беларускіх нацыяналістаў, якім не да галавы будзе ні беларуская мова, ні нацыянальная культура…
Так яно станецца. Ужо ж напэўна."
Взято
отсюда. Автор: Валянцін Акудовіч