Няхай і гэты (МІХАЛЕВІЧ) сядзіць

Feb 03, 2011 01:09



Калі чарговы раз чую пытанне: “А за што ж Міхалевіча трымаюць за кратамі?”, ужо не стае моцы трымацца, так і хочацца зараўці: “Ты дурны, ці толькі робіш выгляд, што дурны?!” Вядома ж, так я рэагую на тых, хто праходзіць пад лэйблам “апазіцыя” (гэта не толькі партыйцы і рухаўцы, але і розныя НДАшнікі, незалежныя эксперты, аналітыкі, палітолагі, карацей, ўсе тыя, каго Лукашэнка называе грэблівым, паводле яго разумення, словам “свядомыя”). Тым жа, чыя цікавасць да беларускай псеўдапалітыкі з’яўляецца выпадковай (ад выбараў да выбараў) ці выдае сябе толькі ў сувязі са знаёмствам са мною, я падрабязна выкладаю свае меркаванні на гэты конт. Цікава, што людзі, далёкія ад апазіцыі (яны проста не галасавалі за Лукашэнку і, дарэчы, большасць за Міхалевіча таксама), праслухаўшы мяне, самі выказваліся прыкладна так: “Зразумела. Ім трэба, каб такія маладыя і непадобныя да іх, як Міхалевіч, не заміналі ім у будучыні”.

У гэтай фразе, акрамя яе сэнсу, вельмі важны займеннік - ІМ. Заўважце, не “яму”, а “ім”. Я сам звярнуў увагу на гэтую аклічнасць не адразу, але ж у адзін дзень, калі мне давялося расказваць пра лёс Алеся разоў пяць, маё вуха злавіла яе. Вядома, вымаўлялі не толькі “ім”. Было і “яны”, і “у іх”, і “там”, і “гэтыя”, і “камусьці з тых”, і мо яшчэ што, цяпер не ўспомніць. Галоўнае, што не ЁН, а ЯНЫ. Закрытая структура, элітны клуб (некалі чуў, што слова “элітны” на пачатку дваццатага стагоддзя ўжывалася выключна ў дачыненні да пародзістых сабак), клан, мафія - вось як грамадзяне успрымаюць беларускую вертыкаль. А ЁН - ну дык у кожным статку ёсць правадыр (вунь у Казахстане не хацеў Назарбаеў быць Елбасы, то бок лідарам нацыі назаўсёды, а парламент прыняў рашэнне, што ён мусіць быць Елбасы, і Назарбаеву прыйшлося скарыцца).

Наяўнасць ЯГО забяспечвае пэўную субардынацыю, калі ўнутры сістэмы пачынаюцца нейкія “цёркі”. Апроч гэтага, ЁН патрэбны ІМ як spokesman (афіцыйны прадстаўнік арганізацыі) ці нават як прэс-сакратар. Некаму ж трэба публічна вярзці лухту, напрыклад, пра падрыхтоўку спецслужбамі Германіі і Польшчы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Сказаў бы пра гэта кіраўнік КДБ Зайцаў ці галоўны міліцыянт Куляшоў - навіна на адну гадзіну, адна з версій, непадрыхтаваная прамова. Не, такое павінен казаць той, хто ўпаўнаважаны казаць ад імя ўсяго клана. Вось ЁН і гаворыць, гаворыць, гаворыць… Нічога іншага яму не застаецца, адно “оправдывать оказанное [мне] высокое доверие”. А давер гэты заключаецца ў тым, каб ён ад свайго імя ўказваў усялякім “выскачкам”, накшталт нядаўніх кадыдатаў у прэзідэнты, дзе іхнае месца ў агульным раздзяленні роляў у дзяржаве.

“Такія, як Міхалевіч, не павінны замінаць ім у будучыні” - пачуў я ад “звычайных” выбарцаў. Што тычыцца версій арышту Міхалевіча ад “няшэрагавых” выбарцаў, г.зн. асоб, абазнаных у беларускай псеўдапалітыцы, то мушу спыніцца на дзвюх з іх, бо яны, на маю думку, ёсць адным са сведчанняў таго, што прынцып “аганіць таго, хто адрозніваецца” лучыць апазіцыю з уладай.

Першая. Міхалевіча адразу затрымалі на дзесяць сутак, а пасля, высунуўшы абвінавачанне, яшчэ на два месяцы для таго, каб упэўніць грамадства, што ён не быў падстаўным кандыдатам. “Падстаўны” азначае, што Міхалевіч пайшоў у прэзідэнцкую кампанію, адгукнуўшыся па прапанову з Маркса,38. Яму даюць магчымасць засвяціцца, стаць больш значнай фігурай, што пасля яму дазволіць наўпрост кантактаваць з заходнімі палітыкамі і высокімі чыноўнікамі, а ён наўзамен робіцца адным з “правільных” лідараў апазіцыі (неўзабаве, мажліва, і адзіным), і тады “рэжыму” ад такой апазіцыі ніякага галаўнога болю.

Спектакль разыгрываецца цудоўны. 20 снежня ў 4.30 кэдэбісты ломяцца ў дзверы, забіраюць учорашняга кандыдата ў прэзідэнты, і жонка Мілана даведваецца, дзе ейны муж, толькі праз 30 гадзін. На другі дзень у той самай кватэры, што служыла штабам, дзверы ламаюць іноў, але гэтам разам ціха, што ніхто з суседзяў не чуў. Пасля гэтага прайшлі ператрусы “с изъятием” кампутараў і іншых рэчаў у другой кватэры Міхалевічаў, кватэры бацькоў Міланы, кватэры сястры Алеся, гаражы, што належыць маці Міланы, і ў кватэрах некаторых давераных асоб Міхалевіча. Гэтых і іншых давераных асоб і сястру цягаюць на допыты ў КДБ. Адвакат бачыў Алеся толькі двойчы. Мілане ў сустрэчы з мужам адмаўляюць. Нарэшце, дзіўнае тэлефанаванне, у якім Міхалевіч не сваімі словамі просіць жонку не ехаць у Варшаву на паседжанне Сойма, пры гэтым зазначае, што калі яна паедзе, то нічога горшага, чым ужо здарылася, з ім не будзе. Старэйшая дачка, пачуўшы голас таты, перажывае нервовы зрыў. Мілана вырашае ехаць, кажа аб гэтым публічна - да яе на кватэру прыходзяць з другім ператрусам, пакуль поркаюцца, імітуючы працу, цягнік на Варшаву адыходзіць. Мілана ўсё роўна хоча трапіць у Польшчу, але машыну затрымліваюць за Баранавічамі, і жонка палітыка даведваецца, што ёй забаронены выезд за межы краіны. Цяпер носіць перадачы і атрымала тры паштоўкі, такія ж, як і тэлефанаванне, не ў стылі Алеся.

“Не, гэта ўжо занадта, - вырашаюць “няшэрагавыя” выбарцы. - Калі ўжо так жорстка, праз сям’ю, ціснуць, то, відаць, не планавалі рабіць яго сваім агентам у апазіцыі. Тады чаго яны ад яго хочуць?” І ў іх з’яўляецца другая версія. Спецслужбам цікава, дзе Міхалевіч узяў грошы на правядзенне кампаніі. Пра грошы Някляева і Саннікава ў “саўбелцы” напісалі, Статкевіч асабліва і не траціўся, дый трымаюць яго, хутчэй, за тое, што асабіста “наехаў” на Лукашэнку, а вось Міхалевіч, скуль у гэтага жука сродкі.

Даходзіла да мяне яшчэ адна… Не версія - ацэнка. І гучала яна так: “Міхалевічу пашанцавала. Зняволенне дадасць яму палітычнай вагі”.

Далібог, Алесь, кепска ты сябе паводзіш: нават седзячы ў “амерыканцы”, перашкаджаеш свяціць і свяціцца сапраўдным зоркам беларускай апазіцыі, а не такім, як ты, што невядома адкуль вылузваюцца. Хто ты такі, каб пакутаваць за Беларусь? Хто ты такі, каб пра цябе так шмат пісалі пасля выбараў? (Хаця каб не маніякальная ўвага з боку КДБ да Міланы, то нашыя “незалежныя” СМІ і іхнія сталыя чытачы, якія падчас выбарчай кампаніі спаборнічалі між сабой у тым, хто мацней дзяўбане Міхалевіча, здаецца, нават і не заўважылі б, што ён таксама за кратамі). Давай ужо расказвай следчым, адкуль набраў даляраў, еўрыкаў і беларускіх рублёў, і выходзь! Мы цябе чакаем, нам жа таксама цікава, хто твае фундатары. Так, прызнаёмся, мы памыляліся, лічачы цябе падстаўным кандыдатам, але ж пытанне наконт грошай… Ну, вызодзь, хай цябе халера!.. Ад твайго неспадзяванага геройства ў нас поўнае бязладдзе ў думках і бяссонне.

Аднак, вернемся да пытання, што было пастаўленае ў пачатку. Я б, магчыма, і не стаў бы адказваць на яго ў выглядзе артыкула, каб яго не задаў аднаму з сябраў нашага штаба… Мікалай Лазавік. Так, той самы сакратар ЦВК. Яны сустрэліся ў звычайнай грамадскай лазні. Наш сябра не стаў бы чапляць сп.Лазавіка, але таго зачапіў іншы мужчына, запытаўшыся, ці не ён праводзіць выбары. Лазавік заззяў - пазналі! А пасля, нібы толькі і чакаў моманту, пачаў свой бэтэшны выступ пра дрэнную апазіцыю і чэсныя выбары. Апазіцыю наш сябра бараніць не стаў, а вось калі пачуў, што фальсіфікацый не было, то не вытрываў і на прыкладзе ўчастка, дзе быў назіральнікам, у дэталях апісаў сакаратару ЦВК і іншым слухачам, як фальшаваўся падлік галасоў.

Гэтае апісанне сп.Лазавіку, вядома, не спадабалася, але, тым не менш, праз нейкі час ён сам падышоў да нашага сябра, каб вымавіць: “Скажыце, а за што сядзіць Міхалевіч?” Ён атрымаў адказ. Я не буду перадаваць яго змест, каб раптам не перакрывіць што, а лепш адкажу сам. Толькі перад тым, як зрабіць гэта, зазначу: “за што сядзіць” і “чаму не выпускаюць” - гэта дзве вялікія розніцы, як кажуць ці казалі калісьці ў Адэсе. Чаму не выпускаюць, ужо відавочна нават тым, хто шчыра ненавідзіць Міхалевіча: не гаворыць следчым тое, што яны хочуць ад яго пачуць, і не піша ніякіх зваротаў да Лукашэнкі. Мілане адзін з кэдэбістаў, які праводзіў ператрус у кватэры, так і сказаў: “Если бы не геройствовал, давно бы был на свободе”.

А сядзіць вось за што:

1)      стаў працаваць на электаральным полі Лукашэнкі, прычым з той яго часткай, якую складаюць не настаўнікі, выкладчыкі і пенсіянеры, а сярэдняе (значыцца, маладзейшае і больш актыўнае) чынавенства, менеджары дзяржаўных прадпрыемстваў, войска і міліцыя (не розныя куляшовы, а нармальныя следчыя, аператыўнікі, участковыя);

2)      бясконца казаў пра мадэрнізацыю эвалюцыйнага тыпу, якая не абмяжоўваецца выключна эканомікай і тэхналогіямі, а закранае ўвесь грамадскі арганізм, у тым ліку і дзяржаўную сістэму. Здаецца, у значнай ступені прамаўляў тыя самыя словы, што маюцца ў шматлікіх дзяржаўных праграмах, але рабіў удакладненне: “Каб такая мадэрнізацыя стала магчымай, патрэбная палітычная воля, якой у дзеючых кіраўнікоў дзяржавы няма”. Такім чынам, прапаноўваў змены, якія насамрэч чакаюць грамадзяне і пры гэтым упэўненыя, што змены магчымыя толькі з новымі лідарамі дзяржавы;

3)      падчас сваіх выступленняў упарта падкрэсліваў, што нам трэба пакінуць у мінулым падзяленне грамадства на “апазіцыю” і “астатніх”. На сваіх улётках і плакатах, а таксама ў другім тэлевыступе скарыстаўся лозунгам “Вместе мы Беларусь” з бігбордаў - гэта не проста тэхналагічны ход, гэта падкрэсліванне абранай стратэгіі яднання нацыі;

4)      не палохаў “чысткамі” і прыватызацыяй і не ганіў агулам усё тое, што было зроблена ў краіне за Лукашэнкам, дый сам вобраз інтэлігента, адукаванага хлопца, “батаніка”, які падчас першага выступу на БТ хваляваўся, нібы вучань каля дошкі, нікога не насцярожваў: “Гэты дасць жыць усім. Калі будзем дзейнічаць паводле закона, то хвалявацца няма чаго”;

5)      з прычыны маладосці і добрай адукацыі (юрыст, стажыроўка ў Оксфардзе, валоданне замежнымі мовамі, дасведчаннасць у розных галінах грамадскага жыцця) выглядае вельмі перспектыўным палітыкам.

У 2010-м Алесю споўнілася толькі трыццаць пяць, таму ён можа браць удзел у выбарах яшчэ, як мінімум, чатыры разы. Праз дваццаць гадоў яму будзе 55 - самы ўзрост для прэзідэнта. Таму яго трэба зламаць ужо цяпер, каб бліжэйшыя дваццаць гадоў не раздражняў клан сваімі прэтэнзіямі. Прычым зрабіць з яго пачвару, вырадка ці проста слабака не столькі для апазіцыі (бо яна і сама ўмее пэцкаць людзей), колькі для тых, каго я ўзгадваў у першым пункце.

Ці не занадта складана? Няўжо Міхалевіч так моцна ўплывае на гэтую групу? Зразумела, не. Які можа быць уплыў, калі ў краіне, па сутнасці, няма палітыкі. Тут мае месца іншае. Вось ёсць у нас міністэрства фінансаў. Вы што, думаеце, там пляскаюць у далоні, калі падлічваюць выдаткі, што ідуць на кантору, за кратамі якой сядзяць чатыры кандыдыты ў прэзідэнты ды іх паплечнікі? А ўзяць участковых. Яны, афіцэры, займаюцца неабходнай людзям справай і зарабляюць удвая меней, чымся сяржанты з АПАПа, якія толькі і робяць, што збіваюць грамадзян на мірных акцыях. І чыноўнікі з міністэрства фінансаў, і ўчастковыя міліціыянты разумеюць, адкуль бяруцца такія хібы, таму яны хочуць мець свайго кандыдата.

Міхалевіч ім прапанаваў сябе. Пакуль яны не могуць падтрымаць яго адкрыта, але ж невядома, што будзе потым. З гэтай прычыны клану выгадна пазбавіць Міхалевіча нават мінімальнай палітычнай вагі. У той момант, калі стане зразумела, што беларускаму грамадству Лукашэнка абрыд канчаткова, клану прыйдзецца прадэманстраваць чынавенству, гаспадарчай наменклатуры, міліцыянтам і вайскоўцам новую фігуру, а Міхалевіч, калі не знішчыць яго рэпутацыю, будзе вабіць гэтую групу значна болей, чым фігура ад клана, бо ён чалавек звонку, якому спатрэбіцца яе падтрымка. І гэта натуральна, на каго ж абапірацца, як не на свой электарат.

Меркаванні, якія тут суха распісаныя па пунктах і абзацах, учора я выклаў больш эмацыйна ў гутарцы аднаму свайму знаёмаму. Своеасаблівая праверка на адэкватнасць майго ўспрымання Алеся як кандыдата, да малявання электаральнага вобраза якога я спрычыніўся асабіста (пачынаючы з сакавіка мінулага года). Рэагуючы на пытанні знаёмага, яго заўвагі і просьбы патлумачыць той ці іншы момант, я, як аказалася, аўтаматычна выбудаваў структуру гэтага невялічкага артыкула. А назву для яго я проста скраў. Знаёмы, праслухаўшы мяне, сказаў: “Уяўляю, як нейкі праўладны аналітык уважліва адсочваў усе выступенні і інтэрв’ю Міхалевіча і даносіў сваім заказчыкам тое, што вы і хацелі данесці выбарцам. Заказчыкі ўцямілі, якая небяспека для іх хаваецца за вобразам памяркоўнага “батаніка”, і адзін з іх вымавіў: “Няхай і гэты сядзіць!”

І вось я думаю… А каб такая нарада заказчыкаў (кіраўнікоў клана) сапраўды калісьці праходзіла, хто б з іх мог быць аўтарам гэтай фразы?..

http://ihardrako.livejournal.com/3504.html
Previous post Next post
Up