May 01, 2012 16:04
У спрэчцы знасіць ці не знасіць дом, у якім у Горках жыў, дарэчы, не толькі пісьменнік Максім Гарэцкі, але і яго брат, навуковец Гаўрыла Гарэцкі, нечакана ўзнікла яшчэ адна тэма. Сфармуляваць яе можна прыблізна так: “А што нам той Гарэцкі?!” Маўляў, не асабліва ён важная птушка, каб пра яго памяталі ды дом захоўвалі! Такой пазіцыі прытрымліваюцца менавіта тыя, хто ўсяляк агітуе за знішчэнне адзінага захаванага пасля Гарэцкіх дома, дзе жылі гэтыя знакамітыя браты.
Аднак вось якія якія факты ў сваёй кнізе “Браты Гарэцкія” прыводзіць сучасны беларускі навуковец і грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі (сын Гаўрылы Іванавіча, пляменнік Максіма Гарэцкага).
У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Горках існаваў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, які ўзначальваў М.Ц.Козыраў - камуніст, малады ініцыятыўны арганізатар ды вораг беларушчыны. У яго каманду ўваходзілі такія відныя прафесары - вялікадзяржаўныя шавіністы, як У.І.Кіркор, У.У.Вінар, А.В.Ключароў. Іх актыўная падтрымліваў А.І.Крыніцкі - першы сакратар ЦК КП(б)Б (па сённяшніх мерках - кіраўнік Беларусі) і намеснік наркамасветы П.І.Валасевіч.
Гэтая група імкнулася аддзяліць ад Беларусі як смаленскую частку, а таксама Магілёўскую губерню і асабліва Горацкі раён, дзе знаходзіўся сельскагаспадарчы інстытуту, і далучыць іх да Смаленскай губерні РСФСР. У процівагу гэтым дзеячам выступіла вялікая група маладой беларускай інтэлігенцыі. Сюды амаль цалкам увайшлі супрацоўнікі Інбелкульту (цяпер Акадэмія навук).
Дзякуючы прынцыповай пазіцыі нашай інтэлігенцыі Горацкі раён пакінулі ў складзе БССР. Такім чынам, у Савецкай Беларусі апынулася два сельскагаспадарчыя інстытуты: Горацкі ў Горках і Беларускі ў Мінску. Разгарнулася новая вялікая дыскусія, ці пакідаць абодва інстытуты, ці аб’яднаць у адзін. А калі аб’яднаць, дык дзе тады пакінуць новую ўстановы - у Горках ці Мінску?
У гэтую барацьбу ўключыўся і Гаўрыла Гарэцкі, які стаў адным з самых актыўных удзельнікаў “беларускай групы”. Апошняя дабівалася, каб зрабіць адзіную моцную сельскагаспадарчую ўстанову ў Горках. Гарэцкі апублікаваў на гэту тэму шэраг артыкулаў. Адзін з іх выйшаў у 1922 годзе ў газеце “Савецкая Беларусь”. Назва таго артыкула “Дзе быць Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі”.
“Беларусі патрэбна свая Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, якая б стаяла па навукова-навучэбнай каштонасці разам з заходнееўрапейскімі і расійскімі вышэйшымі сельскагаспадарчымі ўстановамі. <…> На Усходняй Беларусі няма адраджэнскай базы. Горкі такое месца, дзе Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і магла б найлепш заснавацца”, - адзначаў у сваім артыкуле Гаўрыла Іванавіч.
Тая даўняя дыскусія, як не складана здагадацца, скончылася перамогай “беларускага крыла”: было вырашана спалучыць Горацкі і Беларускі інстытут сельскай гаспадаркі ў адзіную ўстанову - Беларускую дзяржаўную акадэмію сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі з цэнтрам у Горках. Рашэнне было зацверджана пастанова СНК БССР ад 5 жніўня 1925 г.
Выходзіць, што без гарачых старанняў Гаўрылы Іванавіча, не было б зараз у Горках акадэміі, без якой наш горад - і не горад зусім. І не было дзе працаваць некаторым тым у цяперашняй БДСГА, якія хочуць, каб ад дома Гарэцкага не засталося каменя на камні.
асобныя асобы