М. Пагодзін не быў аўтарам беларускага слоўніка 1813 г.

May 23, 2014 12:49



З вялікай цікавасцю і прыемнасцю пазнаёміўся са змешчаным у № 18 газеты "Наша слова" ад 30 красавіка допісам Аляксея Каўкі пра датаваны 1813 годам "Слоўнік беларускай мовы". Прызнаю: канстатацыя А. Каўкі пра тое, што апісаная ім праца мала вядомая ў тым ліку даследчыкам-адмыслоўцам, -- праўдзівая. То дзякуй вялікі шаноўнаму спадару Аляксею!Аднак, на жаль, публікацыя не толькі выклікае цікавасць, але і прымушае выказаць пэўныя сумненні.
Напрыклад -- хто быў аўтарам слоўніка? Калі верыць загалоўку публікацыі і першай частцы допіса, то гэта быў расійскі гісторык і журналіст М. П. Пагодзін. Калі ж, аднак, прачытаць перадапошні абзац (якому аўтар публікацыі не надаў належнай увагі), то нехта з езуітаў Віцебскага кляштара. Публікацыю суправаджаюць сканаваныя старонкі слоўніка, але яны ўзноўлены такім чынам, што прачытаць што-небудзь немагчыма.
Асцярожную здагадку А. Каўкі пра тое, што падчас сустрэчы ў Празе з Паўлам Ёзафам Шафарыкам у сярэдзіне 1830-х гг. М. Пагодзін, магчыма, "пасціплічаў" і не прызнаўся, што сам ужо нешта зрабіў у беларусістыцы, трэба прызнаць неверагоднай. Хоць бы таму, што Пагодзіна немагчыма лічыць аўтарам гэтага слоўніка: у 1813 г. яму было... толькі 13 гадоў, ён тады жыў у Суздалі і нават яшчэ не быў гімназістам. Гэтаксама няма падстаў меркаваць, што падчас сустрэчы ў Празе М. Пагодзін пазнаёміў Шафарыка са слоўнікам К. Калайдовіча 1822 г. (у газеце памылкова надрукавана: "Канайдовіча"). У нашым артыкуле "Павал Ёзаф Шафарык як беларусіст (На матэрыяле "Гісторыі славянскай мовы і літаратуры ва ўсіх дыялектах" 1826 г.), апублікаваным два гады таму назад, паказана, што Шафарык ведаў пра існаванне публікацыі К. Калайдовіча да знаёмства з Пагодзіным, ужо ў 1826 г. (хоць і падаў яе ў сваёй працы без назвы).
Спадзяюся, што шаноўны спадар Аляксей або Юрась Пацюпа, якому была прысвечана гэтая публікацыя аб "слоўніку Пагодзіна", знойдуць магчымасць  выкласці матэрыял аб гэтай важнай працы поўна і акуратна, такім чынам, каб ім можна было карыстацца ў навуковай практыцы.

гісторыя мовазнаўства, Каўка, лексікаграфія, Пагодзін, кур'ёзы, беларуская мова, 19 стагоддзе

Previous post Next post
Up