Feb 19, 2010 11:29
Дзякуючы публікацыі Тацяны Кекелевай і Віктара Жыбуля ў Архэ 11-12 2009 лістоў Дубоўкі да Бабарэкі асоба паэта адкрылася новымі гранямі. За назву публікацыі ўзята цытата з ліста ад 8 снежня 1928 года - “Мы застанемся чыстымі сумленнем перад гісторыяй і народам”. Чысціня сумлення перад гісторыяй парадаксальным чынам складалася ў дадзеным выпадку ў тым, што пры запланаваных выбарах беларускіх акадэмікаў (кожнае з трох апошніх слоў Дубоўка даў у двухкоссі) у лік акадэмікаў мелі трапіць Сцяпан Некрашэвіч і Зміцер Жылуновіч -- але гэта, паводле Дубоўкі, было нікуды не варта.
Некрашэвіч, паводле Дубоўкі, - “барахольшчык”, яму месца “каля клёзэтаў якіх, а не каля навукі… Такога непісьменнага чалавека цяжка знайсці… Вядомы яго слоўнік - прыклад на гэта… Ён добра ўмее лізацца да некаторых “адказных” з казною”.
Жылуновіч - “наш сучасны Булгарын… пролетарскага нічога няма ў гэтага графомана, няма нічога і мастацкага. За што ж яго будуць выбіраць акадэмікам? За што компромэтуецца беларуская культура?”.
Трэба спяшацца, піша 8 снежня 1928 г. Дубоўка Адаму Бабарэку, бо “думаюць агаласіць сьпіс 1/1-29”, трэба “падаць протэсты ў ЦК ці ў ЦВК. Трэба, каб да чысла 20/ХІІ ужо быў пададзены даклад. Можна напісаць яго па-расейску, тады можна будзе сюды (у Маскву) прыслаць, перадаць у ЦК… Да справы!”. Трэба тэрмінова, да Новага года перадрукаваць крытычную, апублікаваную ў Маскве, рэцэнзію на зборнік Гартнага ў беларускім друку з каментаром, дзе Гартны называецца “выдатным празаікам”. “А можа, прайшла б такая штука ў “Зьвязьдзе”?.. Няхай возьмуцца нашы малодшыя хлопцы. Трэба зрабіць хутчэй. Мо’ ў “Комc[омольскай]” газэце? Няхай пагавораць з Мішкай Гольд[бэргам]”.
Я не ўпэўнены, што ўсё з працытаванага (напрыклад, лаянка пра клёзэты) мелася быць апублікаваным. Але калі так, то павінен быў быць сур’ёзны каментар. Аднак усе гэтыя пасажы пакінуты без заўваг публікатараў.
Напісанае ніжэй ні ў якім выпадку не з’яўляецца каментаром, але толькі эмацыянальнай рэакцыяй на выключна недарэчныя прэтэнзіі Дубоўкі вызначаць вартасць Некрашэвіча як мовазнаўца.
Паэт Уладзімір Дубоўка за тры тыдні да абвяшчэння першых беларускіх акадэмікаў ведаў дакладную дату абвяшчэння і асобы будучых акадэмікаў, паэт гэтым вельмі цікавіўся, яму моцна заміналі лінгвіст Некрашэвіч (дарэчы, і Мікола Байкоў) і Цішка Гартны (настолькі, што ён прапаноўваў Бабарэку ў тым ліку заняцца інтрыгамі) таму, што Дубоўка, падобна, лічыў сябе нешараговым мовазнаўцам. Дубоўка высвятляў, ці можа ён друкавацца ў выданнях Інбелкульта і хацеў прапанаваць туды "цікавую для іх працу". Масквіч Дубоўка быў знаёмы з тагачасным “свяцілам” савецкай мовазнаўчай навукі акадэмікам Марам. Дубоўка збіраў матэрыял па гісторыі беларускай азбукі і сёе-тое наконт азбукі друкаваў. Паэт Дубоўка сам добра ўмеў лізацца да некаторых “адказных” з казною, што між іншым відаць з публікацыі “Архэ”.
P.S. З нагоды публікацыі ў першым томе прац класа філалогіі "заўваг Растаргуевых, Ільлінскіх" Дубоўка пісаў пра "ў поўным сэнсе гэтага слова, акадэмічнае барахло". Узор для Дубоўкі -- марыст Кусік'ян, артыкул якога ён прыцягнуў на старонкі "Узвышша". Н-да...
Некрашэвіч,
кур'ёзы,
пісьменнікі vs лінгвісты,
Дубоўка