Боль прафесара

Sep 03, 2010 18:25


31.08.2010 | Яўген Гучок, «Народная воля»

Невялікая аб'ёмам, але балюча-прыцягальная зместам кніга вядомага абаронцы беларушчыны і асабліва беларускай мовы, доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча "Русіфікацыя (царская, савецкая, прэзідэнцкая)" не пакіне раўнадушным таго, хто любіць Беларусь, яе гісторыю, культуру, літаратуру і, вядома, мову.



У кнізе прасочваецца дынаміка планаў-намераў разбурэння беларускага духоўнага агменю, сцірання культурна-моўнай адметнасці тытульнай нацыі Беларусі, пераўтварэння яе ў бескаляровую бесструктурную масу з боку царскіх, савецкіх і сённяшніх улад. Натуральна, расказваецца пра пераемнасць паміж "архітэктарамі" ў гэтай, мякка кажучы, непрыстойнай справе.

Папярэднікамі русіфікацыі на нашых землях, як вядома, былі паланізатары. Аўтар кнігі звяртае ўвагу чытача на тое, што гэтыя два бакі, ажыццяўляючы палітыку культурна-моўнай асіміляцыі беларусаў (кожны на свой капыл), не пярэчылі адзін аднаму, а бывала, што часткова і супрацоўнічалі.

Рознага роду мерапрыемствы русіфікатарскага характару ў ранейшыя часы праводзіліся пераважна праз царкву і адукацыю (папоў і настаўнікаў); у новыя і навейшыя часы - яшчэ і праз кнігу і СМІ (газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне і іншае). Заслугоўвае ўвагі выступленне архіерэя мінскай праваслаўнай епархіі В. Садкоўскага пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) перад святарамі Слуцка, якіх ён заклікаў размаўляць толькі па-руску: "Я вас выкараню, вынішчу, каб і мовы не было вашай праклятай літоўскай (беларускай. - Л.Л.) і вас саміх. Я вас у ссылкі парассылаю або ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардона панаваджу". А вось больш як праз паўстагоддзе заява віленскага генерал-губернатара з надзвычайнымі паўнамоцтвамі М. Мураўёва-вешальніка: "У Паўночна-Заходнім краі так званую беларускую мову неабходна звесці на нішто, бо калі гэтага не зрабіць, яна пастаянна будзе інспірыраваць думку аб асобным беларускім народзе і аб праве гэтага народа на этнічную самастойнасць і нацыянальна-дзяржаўную суверэннасць, чаго дапусціць нельга".

Здавалася б, рэвалюцыі 1905-га, 1917 гадоў ліквідуюць русіфікатарскі курс з боку новай Расіі. Ды дзе там! Наследуючы царскім уладам, спачатку Часовы ўрад, а пасля бальшавікі па-ранейшаму Беларусь успрымалі як сапраўдную лабараторыю русіфікацыі, у якой ужо пераважна рыхтавалі сваёй гадоўлі русіфікатараў - самарусіфікатараў.

Кароткі перыяд беларусізацыі, на наш погляд, быў ні больш ні менш, як глыбока эшаланіраваная, вялікая правакацыя на выяўленне жрацоў, падзвіжнікаў і проста прыхільнікаў беларушчыны (і мовы, вядома, таксама), каб пасля адправіць усіх іх на Салаўкі, Поўнач, у Сібір, Курапаты і гэтак далей.

Пасля Другой сусветнай вайны, калі Беларусь была здадзена камуністамі пад акупацыю фашысцкай Германіі, а потым вернута назад, курс Масквы на далейшую русіфікацыю тытульнай нацыі тут больш узмацніўся. Палітычны статус БССР, хай яна і з'явілася адной з краін-ініцыятараў стварэння ААН, па-ранейшаму заставаўся марыянетачным і таму паўсюдна ў ёй трацілася прэстыжнасць беларускасці. Асабліва цярпела этнаўтваральная сфера - сістэма народнай адукацыі.

Постперабудовачныя зрухі, здавалася, давалі надзею на палёгку ў справе адраджэння сваіх спракавечных каштоўнасцяў, але і на гэты раз спадзяванні абярнуліся марнасцю. Страшней за ўсіх масцей іншаземных асімілятараў паўсталі самарусіфікатары, у сваіх намерах і здзяйсненнях яны намнога пераўзышлі папярэднікаў-суседзяў. Хіба гэта не зламысны абсурд: у 1696 годзе ў Рэчы Паспалітай з дзяржаўнага ўжытку была выведзена беларуская мова (на карысць польскай), а ў 1996 годзе новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зрабіла тое ж (толькі замаскіравана) - на карысць рускай мовы. Як бачым, польска-рускае паглынанне беларускай мовы змянілася самажэрствам на карысць Усходу ды і Захаду, вядома, таксама.

А цяпер пра тое, у чым з аўтарам "Русіфікацыі" ніяк нельга пагадзіцца: маўляў, у нас руская культура перамагае беларускую. Так, тут ідзе перамога, але перамога не культуры, а бескультур'я: папсы, таннага чытва, п'янства і гэтак далей. Сапраўдная культура як субстанцыя духоўная мае сваім правілам дапамагаць, а не душыць.

Застаецца толькі дадаць, што гэту кнігу за свой кошт Л. Лыч выдаў ва Украіне - у Львове: тут, у Беларусі, выдаўцы, нават тыя, што сябе пазіцыянуюць грамадзянскі спелымі і смелымі, адмовіліся мець справу з аўтарам, якога яны нібыта глыбока паважаюць (вылучана мной. - andersch). І яшчэ. У шрыфтавым афармленні назвы кнігі на вокладцы можна было ў кожным радку дзе дзве першыя, а дзе дзве апошнія літары змясціць адносна папярэдніх літар па крузе пад дзевяноста градусаў. Атрымаўся б тады салярны знак з пэўным (з прывязкай і да лёсу мовы) сэнсам, што сведчыла б, што нашы справы сёння пакуль кепскія.

http://nv-online.info/by/104/300/19811/Боль-прафесара.htm





2010, Учёные, Минск

Previous post Next post
Up