03.09.2010 | Вольга Грынявіцкая, «Народная воля»
1 верасня новы навучальны год пачаўся не толькі для 940 тысяч беларускіх школьнікаў, але і для больш як 100 тысяч настаўнікаў. Ці выйшла на працу ў гэты дзень выкладчыца гісторыі з вёскі Талька Пухавіцкага раёна Наталля Ільініч?
Чаму менавіта лёсам гэтай настаўніцы мы вырашылі пацікавіцца, сталыя чытачы “Народнай Волі”, мяркую, здагадаліся. У мінулым навучальным годзе не па сваёй волі Наталля Ільініч была ўцягнута ў дзікую гісторыю. Яе і яшчэ пяцярых настаўнікаў з розных школ Мінскай вобласці начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч паставіла перад ганебным выбарам: альбо праца ў школе, альбо членства ў апазіцыйных партыях, сябрамі якіх яны з’яўляюцца.
Скандал выйшаў за дзверы чыноўніцкага кабінета, пра яго напісала наша газета, тэму падхапілі іншыя СМІ. Рэзананс быў велізарным. На “размову” ў кабінеце Данілевіч вымушана была рэагаваць пракуратура, бо Наталля Ільініч напісала заяву на імя пракурора Мінскай вобласці з просьбай правесці пракурорскую праверку таго, што адбылося ў Мінаблвыканкаме.
Здавалася, што настаўнікі абаранілі свае правы. Па-першае, з працы іх ніхто не звольніў, хаця амаль усе яны засталіся сябрамі апазіцыйных партый. А Наталля Ільініч атрымала ліст з пракуратуры на сваю заяву, у якой сцвярджалася, што начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч была запрошана ў пракуратуру Мінскай вобласці, дзе ёй “растлумачылі канстытуцыйныя і працоўныя правы грамадзян, у тым ліку і на свабоду думкі і перакананняў, а таксама права грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоду аб’яднанняў у палітычныя партыі”.
Але Наталля Ільініч прызнавалася, што знешне скандал заціх, а па сутнасці - працягваўся, бо ўвесь час яна адчувала “ўвагу” да сябе з боку начальнікаў ад адукацыі. Наталлю Ільініч пазбавілі метадычнага дня, не далі правесці метадычнае аб’яднанне для настаўнікаў раёна, да якога настаўніца з вучнямі рыхтавалася не адзін тыдзень. Увогуле Наталля Ільініч - вядомы на ўвесь Пухавіцкі раён настаўнік гісторыі. Яе вучні не аднойчы перамагалі на рэспубліканскіх і абласных краязнаўчых конкурсах, яна некалькі разоў праводзіла семінар для калег у Абласным інстытуце развіцця адукацыі па тэме краязнаўства... А тут, як яна прызналася, з ёю нават калегі ў школе пачалі здароўкацца праз зубы. Неяк Наталля, калі мы ёй патэлефанавалі з пытаннем “Як справы?” нават заплакала і сказала: “Не ведаю, ці змагу і далей заставацца ў школе, маральна вельмі цяжка сябе адчуваю... На крайні выпадак буду малако прадаваць, у мяне ж ёсць карова, з голаду не памру. Але так не хочацца, каб да гэтага дайшло”.
...1 верасня голас Наталлі гучаў бадзёра.
- Можа, і не трэба пра мяне пісаць, каб не сурочыць, - заўважыла яна. - Настрой добры, святочны. Спадзяюся, што пра той скандал ужо буду ўспамінаць, як пра дурны сон... У школе захаваліся мае гадзіны, класнае кіраўніцтва таксама засталося. Вярнулі метадычны дзень, таму змагу зноў ездзіць у архіў, займацца краязнаўствам.
- Наталля, а сябрам Партыі БНФ засталіся?
- Для мяне цяпер гэта ўжо прынцыпова. Я ніхто ў партыі, радавы сябра. І шчыра кажучы, апошнім часам маю многа прэтэнзій да таго, што адбываецца ўнутры партыі. І можа, нават і выйшла б з яе радоў, але цяпер застануся там прынцыпова...
http://nv-online.info/by/105/300/19940/Наталля-IЛЬIНIЧ-«Спадзяюся-што-пра-той-скандал-ужо-буду-ўспамінаць-як-пра-дурны-сон».htm