Nov 29, 2013 22:35
Два тыдні таму Багдан пайшоў :) Не, не пайшоў - паляцеў. Ён носіцца так паміж снамі, што як толькі прыходзіць час заснуць - вырубаецца на бягу - і на бягу ж я спрабую начапіць на яго памперс. І спіць усё яшчэ тры разы ў дзень. І толькі ў гэты час маўчыць і не лётае.
А так у нас рэжым вясёленькі: пад’ём а палове на пятую - ці, у лепшым выпадку, а пятай. І - паехалі: запальваем усе лямпы, якія ёсць дома (інакш я проста не прачнуся) і катаем па чарзе ўсе сем машынак па перыметры пакоя. Пасля трошкі танчым (гэта асобнае відовішча - я паказала яму ча-ча-ча, і Бодзька цяпер, пачуўшы музыку, выцягвае рукі, заводзіць іх за спіну, прысядае і ідзе бокам, роўненька ўбок), снедаем толькі пры ўмове, што нам дадуць лыжку і гэтай лыжкай мы будзем САМІ тыкаць у кашу і кідаць ёй у шпалеры, чысцім зубы, вырываем у мамы шчотку і гвалтам чысцім зубы маме, святому Міколу на календары на лядоўні, Джойсу на партрэце над столікам і татку, калі пашанцуе.
Са стоса стракатых цікавых кніжак мы нязменна выцягваем “Дыктатара” і аж задыхаемся ад радасці, гартаючы ў соты раз адны і тыя ж старонкі. Дзетак на пляцоўцы палохаем радасным крыкам - таксама на ўдыху, а не на выдыху, атрымліваецца злавесна - некаторыя дзеткі хаваюцца за маміны ногі… Калі мама спрабуе выскачыць на паўхвілінкі на кухню - каб прыгатаваць супчык - Багдан стралой ляціць да дзвераў, якія я абачліва паспяваю зачыніць за сабой, і б’е ў іх так, што на кухні падскоквае партрэт Джойса з пачышчанымі зубамі.
Мі ўонт іт, бат мі ўайт, - крычу я з кухні павучальна.
Сільна разумная? - крычыць мне Бодзька ў адказ і спрабуе вынесці дзверы.
І я вымушаная крычаць: Гары, хелп!!!Тады з кабінета выходзіць наш ратаўнік-тата, бярэ падпашкі маленькага бармалея і забірае яго на мульцік да сябе.
Праз поўгадзіны я знаходжу іх абодвух у поўным шчасці - яны назіраюць за смоўжыкам, які робіць ку-ку, і заліваюцца смехам. Затое калі я забіраю сына назад, ён верашчыць, б’е мяне па рэбрах, у пячонку, шчыпаецца за нос, выгінаецца, караскаецца мне на плечы і дэмаралізуецца цалкам. Аж пакуль я не дастаю сем чароўных машынак. Мы катаем іх па перыметры пакоя разам і забываем пра ўсе крыўды.
І так цэлы дзень. Дзень у дзень, дзень у дзень. Ніколі ў жыцці так хутка дні не праляталі.
Праз два тыдні нам будзе год.
Гараскопы прадказваюць Багдану на гэты месяц - удалае набыццё рухомай маёмасці (драўляны конь на дзень нараджэння?), Ігару - спрыяльны час для навядзення парадку (J у нас усё яшчэ капітальны рамонт - на тым тыдні памянялі батарэі і вось-вось будуць здымаць калонкі - бруду хапае), а мне - раптоўны кар’ерны рост (што гэта значыць - мне нават страшна падумаць).