Размова на Раство

Jan 07, 2013 22:59


Размаўляючы з татам, прыгадала пра "падляскі пантэон" і падрыхтоўку да сустрэчы 500-гадовага юбілею Падляшша (www.svoja.org). Тата тады загаварыў за сваю вёску - Уладычыцы, якой цяпер ужо няма, а была яна за кіламетраў 30 на поўнач ад Берасця. Я папрасіла назваць суседзяў, якіх ён помніў - атрымалася музыка. Слухала б і слухала - адны імёны гэтыя хаваюць у сабе столькі сюжэтаў і эмоцый. Олэксій, Улуян, Кузьма, Якым, Стэпан, Фімчык, (Сэрафім), Олэндэр, Фэдір, Бахтун, Прымачок, Рой, Томаш, Яромчык... І самае цікавае, - горда дадаў тата, - амаль усе яны былі Харытанюкі. Толькі ў адной хаце жылі людзі з такім салодкім, як на мяне, прозвішчам Багацель. І назва рэчкі там была казачная - Люта, якая ўпадала ў Лясную, а цяпер і зусім ссохлася.

У ноч з шостага на сёмага яны хадзілі калядаваць. І мы - у сваім гарадскім дзяцінстве, у Берасці - таксама хадзілі калядаваць. І да нас ішлі і ішлі калядоўшчыкі, аж да чатырнаццатага, а пасля яшчэ і дзевятнаццатага прыходзілі. Тут жа, у Менску, такога чамусьці няма. Прынамсі, у нашым раёнчыку.
Previous post Next post
Up