ДЗВЕРЫ

May 19, 2012 22:14


Фігавае дрэва, гледзячы на іншае фігавае дрэва, пачынае прыносіць фігі. Гэтую арабскую мудрасць я прачытала калісьці ў Эмэрсана - у яго эсэі пра крыніцы натхнення. Ён пісаў пра тры крыніцы - прыроду, жывое сэрца і добрыя кнігі. Мне здаецца, гэта не ўсё. Я спадзяюся, гэта не ўсё. Бо добрыя кнігі перастаюць мяне займаць. Я, здаецца, перачыталася…

У сераду на канферэнцыі адзін студэнт расказваў пра Георге і яго дзверы ўспрыняцця. І ўвесь час набліжаўся да таго, каб сказаць, як Геогре іх прачыняў - ды кожнага разу збіваўся на цытату, на нешта нацякаў, рабіў адступленні і так і не сказаў - што ратавала Георге ад нямога свету. Дзівакі гэтыя даследчыкі нямецкай літаратры - яны, у адрозненне ад англістаў, не адрываюцца ад самога твора і на пяць секунд, амаль ніколі нічога не абагульняюць, не класіфікуюць, не прыцягваюць тэорый, амаль нічога не тлумачаць больш, чым тлумачыць сам тэкст. Таму кожны выступ Галіны Веніямінаўны так безумна мяне натхняе.

У чацверак зранку шукала падобнае ў Рыльке - мне здавалася, у яго былі вельмі падобныя пошукі. І ў першай жа Дуінінскай элегіі, у Рыльке той жа анёл, што і ў Георге - толькі страшны. І Рыльке, каб не апякчыся, латвей самому ратавацца ад гэтай няўтульнасці і нематы. Вось толькі галоўны паратунак Рыльке - не для мяне.

У мяне зараз выспявае свой паратунак. Эмоцыя. Усё пачынаецца з раптоўных успамінаў - проста сіла нейкая выкідвае мяне ў мясціны, сітуацыі, водары, дзе я была і якія я нават не памятаю - і ўсё разгортваецца як карціна - так ярка і падрабязна. І з такой моцнай эмоцыяй. За адін ранак - нікуды не выходзячы з дому - мая душа блукае па неверагодных месцах. І самае галоўнае - паверыць ёй. Быць вернай сваёй душы. Накрыцца тоўшчай акіяну, каб не чуць шум гэтага нямога свету. Бо такія станы так рэдка са мной здараюцца - толькі калі я захворваю, ці маргіналізавалася, губляючы працу, ці доўга галадала.

А на працы мяне па-ціху хаця на высокіх танах цкуюць. Самая старэйшая выкладчыца - ёй ці то 65 ці то 70 - за тое, што я не раюся з ёю, як весці заняткі, і не бяру ў яе каштоўныя выразкі з савецкай беларусі, каб раздаваць на кожнай пары студэнтам для рэндэрынга па-ангельску. У мяне анёльскае цярпенне - я ні разу, за тры гады, нікому не адказала груба. Але ў мяне ўсё-такі вядзьмарскія вочы: летась яе напарніца павысіла на мяне голас - я толькі глядзела на яе, пакуль яна махала перада мной савецкай беларусяй, і яна пачала кашляць, кашляць, задыхацца - скончылася ўсё прыступам астмы і інгалятарам. На тым тыдні ўжо сама бабулечка, абураная тым, што я самастойна склала фінальныя тэсты для сваіх жа студэнтаў, а не прасіла ў яе дапамогі, так раскрычалася, што схапілася за сэрца і ціха села. Я да яе ні разу не адчула злосці - толькі падумала пра яшчэ адну крыніцу натхнення - энергію нянавісці. Калі-небудзь я абавязкова напішу змрочную, але хітра сплеценую, антыўтопію пра банду старых у Менску, якія зададуцца мэтай вынішчыць усіх маладых. І горка за гэта паплацяцца. Праўда, нешта падобнае ўжо ёсць у лацінаамерыканцаў - але што з таго? Мая бабулечка з савецкай беларусяй пад пахай - такая непаўторная. І такая да болю рэальная.

unheard melodies, дзённік магічнага жыцця, душэўнае, Ідэя для гісторыі

Previous post Next post
Up