Пра новую серыю піва

Jun 28, 2017 23:47



З нагоды з'яўлення лімітаванай серыі піва "Крыніца" хочацца зрабіць аналіз. Гэта не першае з'яўленне вобраза Менеска ў брэндзінгу піва гэтай гандлёвай маркі, але цяпер выкарыстаны не толькі малюнак з відавочна памылковым ветраком, але і тэкст легенды.
Генеалогія апошняга даволі празрыстая. Легенда піва збольшага з'яўляецца рэрайтам тэксту Кастуся Цвіркі (Цвірка, К. Млынар Менеск і заснаванне Менска / К. Цвірка // Гісторыя Беларусі паводле паданняў і легендаў. - Мінск, 2006. - С. 74-77), натхнёнага вершам "Мянеск" Р. Барадуліна (Барадулін, Р. Мянеск / Р. Барадулін // Горад і годы - Мінск, 1967. - С. 11-14), які, у сваю чаргу, грунтуецца на тэксце П. М. Шпілеўскага (Шпилевский, П. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю / П. Шпилевский // Современник. - 1854. - т. 48. - С. 2-3, 4.).
Сюжэт варыянту Цвіркі адрозніваецца ад першапачатковага варыянту Шпілеўскага наяўнасцю экспазіцыі з дзяцінствам героя ў паселішчы хлебаробаў, завязкі з нападам ворагаў-чужынцаў і кульмінацыі з батальнай сцэнай з удзелам дружыны Менеска і крэпасці-млына. Развязкай, як і ў варыянце Шпілеўскага, з'яўляецца заснаванне горада. Капірайтары "Крыніцы", відаць, з прычыны эканоміі месца апусцілі кульмінацыю, тым самым парушыўшы логіку аповеду пра сірату-мсціўца. Змененая і матывацыя набору дружыны, мэтай чаго замест арганізацыі абароны ад магчымага нападу ворагаў з'яўляецца пабудова гораду.
Палёты Менеска на млыне, хутчэй за ўсё, узятыя з памылковага прачытання тэксту Цвіркі, у якім дзеяслоў "ляцеў" мае пераноснае значэнне, бо ў далейшым млын ездзіць. У апісанні млына акрамя колаў прысутнічае і мост. Тут, напэўна, мае месца ўплыў Шпілеўскага, які згадвае Пярэспінскі масток у якасці аднаго з арыенціраў "оселища" Менеска.
Графічны малюнак мусіць быць ілюстрацыяй тэксту. У ім прысутнічае млын, сілуэт шлема і стылізаваныя хвалі. Для пачатку, варта заўважыць, што ўяўленне пра млын Менеска як вятрак, характэрнае для шматлікіх мастакоў і дызайнераў, вынікае з памылковага прачытання тэксту. Пералік твораў і аўтараў, якія дапускалі такую памылку, варты асобнага артыкулу. Калі коратка, сучасны чытач ці наўрад бачыў на свае вочы вадзяны млын у працоўным стане, таму творчыя асобы свядома ці не натхняюцца вобразам героя М. Сервантэса Донам Кіхотам, які "ваяваў" з кастыльскімі каменнымі ветракамі. Іншай крыніцай натхнення могуць служыць беларускія музеі пад адкрытым небам, дзе знаходзяцца драўляныя ветракі казловага і шатровага тыпу.
У нашым жа выпадку мастак уявіў млын Менеска ў выглядзе павернутага да гледача заднім фасадам каменнага ветрака са скатным дахам і круглым акенцам на трохкутным франтоне. Чатыры крылы ветрака маюць фантазійныя крыжападобныя завяршэнні і знаходзяцца ў плюсападобнай пазіцыі, такім чынам хаваючы адно з іх за будынкам. Пры гэтым вал, на які насаджаныя крылы, відаць, знаходзіцца не на ўзроўні даху, а на ўзроўні сярэдняга ярусу будынка. Фантазіяй таксама з'яўляецца скатны дах млына, бо каменныя млыны паводле канструкцыі звычайна былі шатровымі, а дах можна было круціць, каб падставіць крылы пад вецер.
На фоне млына выяўлены гіпертрафіраваны скандынаўскі шлем з напаўпразрыстым паўсферычным звонам, які нагадвае палову кола з трыма бачнымі спічакамі, і паўмаскай, пад якой вертыкальна ідуць хвалі, нагадваючы ці то бараду, ці то раку. У першым выпадку шлем і барада могуць з'яўляцца партрэтам героя, у апошнім верх млына з'яўляецца колам, а паўмаска можа з'яўляцца згаданым у тэксце мостам, на якім мастак уявіў вятрак. На карысць апошняга кажа сумарная даўжыня бакавых крылаў, якая перавышае сумарную вышыню будынка і верхняга крыла. Нягледзячы на наяўнасць сямі колаў у тэксце, мастак паказаў толькі адно напалову бачнае, і ўключанае ў контур шлема, таму не адразу заўважнае кола. Крыжападобныя завяршэнні крылаў, зыходзячы з авіятранспартнай функцыі млына ў тэксце, можна разумець як прапелеры, размешчанне якіх нагадвае сучасныя дроны.
Звяртаюць на сябе ўвагу анахранізмы, што прысутнічаюць як у тэксце, так і на малюнку. На апошнім паказаны шлем з Г'ёрмундбю X ст. і вятрак. Паводле савецкага даследчыка М. А. Панамарова, у X ст. ветракі існавалі толькі ў Персідскім Сейстане, прычым мелі гарызантальнае кола з ветразямі. З'яўленне ветракоў шатровага тыпу ў каменным корпусе або вежавых млыноў у Заходняй Еўропе (Англія, Францыя) датуецца XIII ст. На Беларусі вядома няшмат каменных ветракоў (адзін існуе ў в. Тарнова, другі быў у Навагрудскім замку), якія не старэйшыя за XIX ст. Роднае паселішча Менеска ў тэксце названае мястэчкам, а яны на Беларусі з'явіліся ў XV-XVI ст. Таксама згадваецца інстытут дружыны, які вядомы з VIII ст., а ў ВКЛ існаваў да тых самых XV-XVI ст., пазней ператварыўшыся ў рыцарства. Варыянту Шпілеўскага прэтэнзію ў анахранічнасці выставіць нельга, бо ў ім інстытут дружыны суіснуе з больш простым вадзяным млынам, вядомым на Беларусі з XV ст. Анахранізмам з'яўляецца толькі суседства гэтых пазнейшых з'яў з матывам заснавання гораду.
Такім чынам, у тэксце прысутнічаюць нехарактэрныя першапачатковаму варыянту анахранізм (мястэчка), трагічная завязка і авіятранспартная функцыя млына, на першы план выведзеная другасная мэта стварэння дружыны (пабудова гораду). Адсутнічае такі варты згадкі на піве матыў першапачатковага варыянту як таямнічыя начныя вясёлыя шумы. На малюнку шлем X ст. суіснуе з ветраком, канструкцыйны прататып якога на Беларусі з'явіўся толькі ў XIX ст., і які да таго ж у выніку памылковага разумення тэксту мае фантазійныя рысы (размешчанне на мосце, скатны дах, ніжэйшы за ўзровень даху вал, кола, прапелеры).
Нягледзячы на ўсе тэкстуальныя і візуальныя недахопы, такі брэндзінг сведчыць аб росце цікаўнасці вытворцаў піва да беларускай мовы і міфалагічнай тэматыкі. Пра спажыўцоў казаць у гэтым выпадку не даводзіцца, бо серыя лімітаваная.

Менеск

Previous post
Up