Чаму Менеск прыйшоў з Польшчы?

May 03, 2017 11:50

Сёлета зноў зацікавіўся паданнем пра Менеска з пэўнай нагоды і падумаў пра польскае паходжанне героя падання паводле Сяргеева.
Раней au_hey_there ужо выказваў цалкам верагодную гіпотэзу пра імперскую прапаганду заходнерусізму або тэорыі афіцыйнай народнасці, а я прасочваў паралелі з біяграфіяй Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага і гісторыяй яго роду. Цяпер варта звярнуць увагу на іншае.
Аляксей Мікалаевіч Сяргееў у 1866 г. выдаў тры выпускі "Географические очерки России". У першым выпуску прыводзіцца апісанне Беларусі, якое з'яўляецца канспектам або, па-сучаснаму кажучы, рэрайтам працы Паўла Міхайлавіча Шпілеўскага "Путешествие по Полесью и Белорусскому краю", апублікаванай у часопісе "Современник" у 1853-1855 гг. У першым выпуску сваёй працы Сяргееў, магчыма, упершыню пераказаў паданне пра Менеска. Сёлета гэтыя кнігі з'явіліся ў Сеціве, таму прыводжу дзве старонкі:



Звярніце ўвагу, што з усяго масіву інфармацыі пра губенскі горад Сяргееў абраў толькі месцазнаходжанне на Свіслачы, тлумачэнне назвы "Мінск Беларускі", паданне і звесткі з ранняй гісторыі, прычым паданне займае большую частку абзаца. Відаць, аўтар меў асаблівую цікаўнасць менавіта да тапанімічных паданняў і тапонімаў. А калі аўтар цікавіўся назвай "Мінск Беларускі", то не мог не пацікавіцца і "Польскім Мінскам", і тамтэйшымі тапанімічнымі паданнямі.
Збіраючы матэрыял для далейшых публікацый, Сяргееў знайшоў столькі паданняў, што пазней у 1891-1894 гг. апублікаваў цэлы цыкл "Предания о некоторых русских городах и местностях" у часопісе "Север". Там жа ў 1892 г. ён выдаў і свой уласны варыянт падання пра Менеска, беларускі пераклад якога я ўжо змяшчаў.
На жаль, арыгінал гэтага тэксту дагэтуль недаступны, таму застаецца адкрытым пытанне наконт крыніц Сяргеева. Сярод іх, відавочна, была праца Шпілеўскага, а вось ці былі іншыя інфарманты, сказаць цяжка. Так ці інакш, менавіта на працу Шпілеўскага і варта звярнуць увагу зноў, бо пачынаецца яна, нягледзячы на назву, з апісання тэрыторыі Польшчы.
Паданне пра Менеска змешчанае ў дзявятай частцы "Путешествия", якая выйшла ў 1854 г. у часопісе "Современник" Т. XLVIII, № 11. А ў другой частцы, якая выйшла ў тым жа часопісе ў 1853 г. Т. XXXIX, № 6., ёсць караценькае паданне пра заснаванне "Польскага Мінску", які цяпер называецца Міньск Мазавецкі. Вось яно:



Простонародье утверждаетъ, что на мѣстѣ нынѣшняго Минска была маленькая деревушка Менско, построенная какими-то женщинами, но послѣ сожжена чародѣемъ-исполиномъ, и въ одну недѣлю выстроенъ новый, красивый городъ.

Як мы бачым, герой гэтага падання - адмоўны персанаж. Тое ж можна сказаць і пра Менеска паводле Сяргеева. Ці не той гэта самы чарадзей, які ў Польшчы спаліў вёску Менско, а потым з яго млынам зрабілі тое самае легендарныя продкі беларусаў? Вось чаму, як можна меркаваць, Менеск прыйшоў з Польшчы.

Менеск

Previous post Next post
Up