Памяці Ніла Сымонавіча Гілевіча

Mar 29, 2016 22:13


Сёння, калі не стала Ніна Сымонавіча Гілевіча, апошняга Народнага паэта Беларусі, запішу свае сямейныя паданні.

Мая бабуля Марыя Цітаўна Казанцава (дзявочае прозвішча Жардзецкая) была аднагодкай і зямлячкай паэта. Яе няма ўжо 19 год. Я слаба яе памятаю, аднак, дзякуючы маці, нешта пра яе ведаю. У 1943 г., калі гітлераўцы за сувязь з партызанамі (а сувязным быў мой прадзед Ціт Жардзецкі) знішчылі вёску Рудня на Лагойшчыне, Ціт з жонкай і трыма дзецьмі перабраліся ў мястэчка Гайна. Там пасля вайны вучыўся Ніл Сымонавіч. Маці казала, што яны з маёй бабуляй былі знаёмыя, а пасля вайны будучы народны паэт нават сватаўся да Марыі Цітаўны, аднак той не спадабаўся занадта вялікі нос, і яна адмовіла. Пазней быў пераезд у Мінск, педагагічнае вучылішча, шлюб з маім дзедам, завадскім рабочым Уладзімірам Фёдаравічам Казанцавым, і праца загадчыцай дзіцячага садку. Аднак гэта - іншая гісторыя...
Вось што сам Ніл Сымонавіч згадваў пра той перыяд:
Бліжэйшая сямігодка будзе, сказала начальства, у суседняй Гайне. Хоць вялікі тыповы школьны будынак, таксама зусім новы, партызаны зьнішчылі і там (спалілі), але засталіся два колішнія, ужо і моцна аселыя і скрыўленыя, папоўскія дамы,- вось у іх і будзе месьціцца сямігадовая школа. Туды будуць хадзіць падлеткі і са Слабады і з усіх навакольных вёсак. (Неўзабаве высьветліцца, што хадзіць няма каму - усе шухнулі, ратуючыся ад голаду і галечы, у Менск: хлапчукі - пераважна ў «фабзайцы», у «пэтэвушнікі», дзяўчаткі - у нянькі, у домработніцы.).

Яшчэ адно сямейнае паданне звязанае са знакамітай "песняй беларускага гультая" або "Вы шуміце, бярозы" на словы Ніла Гілевіча. Стары гасцінец, які згадваецца ў песні - колішняя дарога з Гайны ў Лагазу на Лагойшчыне. Зараз паміж гэтымі населенымі пунктамі праз лес праходзіць дарога Р66 (Калачы-Лагойск), аднак на даваенных картах можна заўважыць, што стары гасцінец пачынаўся з вуліцы ў Гайне, кружляў паміж пагоркамі ў полі і лесе, перасякаў рэчку Лагазінку і пераходзіў зноў у вуліцу ў Лагазе. Кавалак таго гасцінцу захаваўся на поўдзень ад Гайны. Напэўна, пасля з'яўлення дарогі Р66 яго пачалі называць Старым Гасцінцам. Пры магчымасці, можна туды з'ездзіць і "стамлённыя рукі вольна ўшыркі раскінуць".

память

Previous post Next post
Up