Нашая мінуўшчына: правы позі

Jan 05, 2012 18:54


Як вядома, адной з асноўных, фундаментальных умоў існавання нацыі з’яўляецца нацыянальны міф - свой наратыў аб мінулым азначанай супольнасці. Менавіта з яго стварэння пачыналі ідэолагі ўсіх нацыянальных рухаў. У выпадку Беларусі, дзе фармаванне нацыі яшчэ не поўнасцю скончана, пераасэнсаванне старых міфаў і канструяванне новых працягваецца. Прыкладам гэтага могуць служыць як яшчэ час ад часу ўзнікаючыя зноў і зноў спрэчкі пра назву краю (“Беларусь”, “Літва”, “Крыўя”), што цягнуцца ўжо стагодзе, нанова перапісаныя падручнікі гісторыі, знакаміты “Будзьмаўскі” мультфільм і інш. Іншымі словамі, нацыянальны міф прапаноўвае сваю, адметную схему нацыянальнай гісторыі. Яе неад’емным кампанентам і адным з найважнейшых ідэалагічных складнікаў з’яўляецца наяўнасць сваіх нацыянальных герояў. Крытэрамі прыналежнасці той ці іншай гістарычнай постаці да іх пераліку, ці, так мовіць,“пантэону”, з’яўляюцца вялікія дасягенні і вельмі выніковая ахвярная праца і змаганне на карысць Радзімы і нацыі. Але неабходна памятаць, што разуменне карысці для нацыі, ацэнка дзейнасці таго ці іншага дзеяча ў прадстаўнікоў розных грамадскіх, палітычных плыняў можа істотна розніцца, бо напрамую залежыць ад прапагандуемых апошнімі каштоўнасцей. Напрыклад, для прыхільнікаў нацыянальна-дэмакратычных поглядаў сапраўднай іконай абавязкова будуць галоўныя беларускія дзеячы-адраджэнцы “нашаніўскага перыяду”, для камуністаў ці сацыялістаў, якія не адмаўляюць існаванне беларускай дзяржаўнасці - А.Чарвякоў ці П.Машэраў. Таму заканамерна паўстае пытанне аб права-кансерватыўным поглядзе на нашую мінуўшчыну.

Найперш тут падаецца неабходным вызначыцца з уласнай “сістэмай каардынат”.

Так, па-першае, трэба імкнуцца да максімальна незаангажаванага і ўзважанага погляду на гістарычны працэс. Свядомае скажэнне і, тым больш фальсіфікацыя гісторыі вядзе толькі да негатыўных наступстваў. Пабудаваная на заведама ілжывым фундаменце, нават з добрымі памкеннямі, у імя добрай мэты канструкцыя заўсёды дае трэскі і развальваецца. У сувязі з гэтым прыгадваецца прыклад С.Горбіка і С.Ярша ў “даследаваннях” беларускага пасляваеннага супраціву: сваімі фальсіфікацыямі гэтыя аўтары кінулі цень на сам факт існавання гэтай з’явы, якая, несумненна, мела месца, але далёка куды ў меньшых, чым апісаных гэтымі аўтарамі маштабах.

Па-другое, пры ацэнцы дзейнасці таго ці іншага гістарычнага дзеяча, трэба памятаць што паняцці “нацыя”, “нацыянальнасць” у цяперашнім іх разуменні на Беларусі з’явіліся толькі ў другой палове 19 - 20 ст. Адсюль вынікае:

-  немагчымасць прышчапіць дзяржаве, якая з’яўлялецца супольнай спадчынай сучасных беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў - Вялікаму княству Літоўскаму нацыянальны характар.

- неабходнасць ацэнкі той ці іншай асобы айчыннай гісторыі не паводле сучасных крытэраў, але праз перанос права-традыцыяналісцкіх каштоўнасцяў на рэаліі часу яе жыцця і дзейнасці. Так, ні Альгерд, ні Вітаўт не мелі нацыянальнасці ў сучасным яе разуменні, але могуць з поўным правам прэтэндаваць на ганаровае месца ў беларускіх і літоўскіх падручніках па гісторыі, бо былі кроўна параднёныя з зямлёю нашых продкаў. І на тое што яны сталі аднымі з магутнейшых валадароў рэгіёну, калі не Еўропы, паўплывала не ў апошнюю чаргу іх асяродзе. Менавіта, карыстаючыся азначанымі вышэй крытэрамі мы можам ганарыцца і тутэйшымі паўстанцамі 1830-31 гг. і 1863-64 гг., якія змагаліся са зброяй у руках за свой мясцовы лад і традыцыі, якія да 1795 г. існавалі ў дзяржаве пад назвай Рэч Паспалітая: бо тады не існавала мадэрных Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны.

І па-трэцяе, нават ацэньваючы дзейнасць таго ці іншага дзеяча з нацыянальных пазіцый, трэба памятаць ўсё ж такі і пра розніцу ў паняццях “нацыянальны” і “права-кансерватыўны”. Справа ў тым, што ў дадзеным выпадку паняцце “нацыянальны погляд” азначае разгляд якой небудзь з’явы ці чыёй-небудзь дзейнасці з кропкі гледжання асобы, якая выступае за самастойнае права беларускай нацыі на існаванне. Жыццёвая ці палітычная пазіцыя, таго, хто ацэньвае,  можа быць рознай. Іншымі словамі, нацыяналісты могуць быць не толькі правымі. Прыкладам таго можа служыць нават сучаснае беларускае палітычнае поле: з аднаго боку, улада можа ў некаторых выпадках рабіць сапраўды нацыяналістычныя крокі. З другога боку мы маем апазіцыйныя партыі, якія прадстаўляюць сабе як нацыяналістаў. І таму, напрыклад, носьбіту права-кансерватыўных каштоўнасцяў можа быць куды бліжэй постаць С.Булак-Балаховіча, які не ездзіў на паклон у Парыж да дых, хто здаў Беларусь Савецкай Расіі, а ўзброена змагаўся супраць галоўнай небяспекі для Айчыны у той час - бальшавікоў, чым асобы “айцоў БНР” (ніколькі не прыніжаючы іх велізарныя, сапраўдныя заслугі на ніве нацыянальна-культурнага адраджэння і абвяшчэння першай беларускай нацыянальнай дзяржавы).

Як падаецца, нам, беларускім правым трэба разглядаць тую ці іншую з’яву перш за ўсё праз прызму традыцыйных, правакансерватыўных каштоўнасцей. Бо традыцыя, традыцыйныя каштоўнасці нашага рэгіёну ўсё ж з’яўляюцца першасней за нацыю. Іншая справа, што ў сённяшніх рэаліях забяспечыць ім захаванне і стабільнае развіццё можа толькі нацыя і нацыянальная дзяржава. Урэшце, такі падыход можа паказаць у новым свеце некаторыя з’явы айчыннай гісторыі, як даўняй так і найноўшай - напрыклад, перад тым, як ва ўсіх бедах вінаваціць “крывавых маскалёў”, хаця б паглядзець, што ўяўляла сабой тая ж Рэч Паспалітая перад яе падзеламі. Ці абвінавачваючы ў не вельмі даўніх няшчасцях знешнія і ўнутраныя сілы, звярнуць увагу і на саміх сабе.

V.C.

палітыка, москали, Украина, Родина, маскалі, Польшча, памежнікі, Москва, Радзіма, пограничники, русіны, незалежнасць, Масква, политика, ВКЛ, русины, Літва, русские, история, Польша, рускія, Литва, Беларусь, независимость, Украіна, гісторыя

Previous post Next post
Up