НЯХАЙ ЖЫВЕ І ПАСЕЦЦА БЕЛАРУСКАЯ ПТУШКА ГУСЬ

Jan 10, 2017 20:26

#птушківучаць #Бакур

Мы апынуліся ізноў далёка ад дому, у непрыглядным на першы погляд кутку Палесься. Да музы гэтай мясцовасьці Прыпяці далёка, а навакольле кьвітнее рапсавымі палямі калгасных гаспадарак. Вёска Ласіцк на поўдні Пінскага раёна. Ветлівыя жыхары пазычаюць для нашай экспедыцыі дзьве лодкі-пласкадонкі, а іншыя добразычлівыя, але крыху нецьвярозыя вяскоўцы ўважліва сочаць і спрабуюць “дапамагчы” словам пабудаваць адзіную байдарку з мноства розных металічных трубак і перакладзінаў. Бераг ракі Стыр, хуткая плынь і прыемныя думкі ў галаве ад чаканьня чагосьці невядомага, але загадзьдзя прыемнага. Апошнія рэчы запакаваныя ў шчыльныя пляштыкавыя мяхі і кінутыя ў нашу баявую флатылію. Пад час збору байдарак мы знаёмімся зь вясковымі мінакамі, што прыйшлі паглядзець на незнаёмцаў, а ўжо на вадзе разьвітальна машам адзін аднаму рукамі, быццам ужо даўно пасьпелі прырадніцца. Адкрытая і адначасова таемная душа паляшукоў, як тая рака Стыр з павольнай плыню, сваемі амутамі, нізкімі та круткімі берагамі.
Мой напарнік Сяржук ліха кіруе шастом, навучаны водаплаўнаму майстэрству з дзяцінства жывучы на беразе вялікага возера. Рака робіць некалькі паваротаў і ўжо праз колькі сотняў мэтраў вёска губляецца ў зеляніне берагоў круткай ракі. Мы жа, не насыціўшыся хуткасьцю і лёгкай хадой па вадзе, хутка зварочваем у вузкую, парослую высокім трысьнягом пратоку. Вада запаволела і бяжыць у розныя накірункі. На старых вайсковых мапах гэтая пратока завецца Гнілая Прыпяць, яна злучае рэкі Стыр і Простыр, а само міжрэчча ператварылася ў дзікі забалочаны кавалачак прыроды, амаль зусім не даследваны навукоўцамі.
На некалькі дзён зьнікаюць сельскія ландшафты, навокал толькі блакітныя і зялёныя колеры. Гнілуха, як называюць раку мясцовыя жыхары, мае вельмі топкія берагі. Паабапал ракі хмызьнякі ды трысьнягі, калі ж сустракаецца лес, то гэта толькі алешнік, які таксама стаіць па калена ў вадзе. Вялікі сахаты лось на ўскрайку альхоўніка, пачуўшы гоман людзей, хутка ламануўся ў бок хмызьнякоў, гучна шлёпая па вадзе лапамі і зьмінаючы гальлё на сваем шляху. Трэск, шум, бульбатаньне - а потым ізноў - смачная цішыня прыроды са сьпевамі чаротавак і цвыркуноў недзе ў трысьнягах. Сонца ўсьміхаючыся хіліцца на адпачынак. Сьмяецца яно з нас таму, што мы аніяк ня можам знайсьці хоць які сухі куточак, каб прычаліць свае маламерныя судны і пераночыць на зямлі. Усьміхаецца яно яшчэ таму, бо ведае, што апошнія сонечныя праменьні асьвецяць высокі сухі дуб, паказаўшы нам шлях да сухога месца, але й да яго яшчэ трэба даплыць, пятляючы па заблытанаму руслу павольнай балотнай ракі. І ўжо ў прыцемках мірныя місіянэры ступаюць на адзінокую выспу, сярод топяў і разліваў. Місія ў нас, як заўсёды цікавая - даследваць птушынае царства міжрэчча, каб у будучыні стварыць тут рамсарскае водна-балотнае ўгодзьдзе - важнае зьвяно ў ланцужку міжнароднай аховы водных рэсурсаў і біяразнастайнасьці.
Раніца. Сонца павісла на сухіх галінах вялізарнага дуба-старажыла, ізноў усьміхаецца нам сваёй цёплай усьмешкаю. Сьнедаем. Над ракой пралятае арлан-белахвост, які таксама сьпяшаецца на сьняданак. Белы рамбавідны хвост кідаецца ў вочы. Дарослая птушка, што хутчэй за ўсяго азначае ягонае гнездаваньне недзе недалёка. Арланы - вялікія аматары рыбы, і гняздуюцца яны побач з рыбнымі мясьцінамі. Часта такімі могуць быць рыбгасы, але ўтульна арланы пачуваюцца і на палесскіх рэчках, бо рыбы тут яшчэ багата. Ненасытным рыбакам складана дабрацца ў такую глыб балотаў, і толькі сьмелыя мясцовыя паляшукі бываюць тут, ловяць рыбу, косяць сена, каб узімку па лёдзе яго вывезьці ў сяло. А нашая дружная каманда тым часам зьбірае намёты і зноўку ў шлях, адчыняць невядомае.
Праз колькі кілямэтраў чарговы завіток ракі ўпіраецца ў пафарбаванае сьвежай салатавай фарбай калярытнае асаковае балота - лепшае месца для гнездаваньня адной з самых рэдкіх птушак на эўрапейскім кантыненце - вяртлявай чаротаўкі. Прыйдзецца крышачку пахадзіць па вадзе. Не сьпяшаючыся валочымся ўздоўж асаковага балота і чуем звонкую песьню-трэль нашай беларускай птушкі. Не па-вясноваму сьпякотнае надвор’е надае нам большай радасьці пабыць у вадзе, чым ад гэтага чакаеш напачатку. Налічыўшы пяць самцоў на невялікім ускрайку балотца, задаволена вяртаемся да сваех лодак. Вяртлявая чаротаўка - цудоўны індыкатар некранутасьці прыроды, яна выбірае выключна падобныя асаковыя балоты, якія хутка зарастаюць трысьнягамі ды хмызьнякамі пры малейшай зьмене гідралагічнага рэжыму, што заўсёды адбываецца пад час меліарацыі. Гнездаваньне вяртляўкі тут робіць добры крок наперад да заветнага Рамсарскага статусу. А тым часам над невялічкай шапкай леса кружыць чорны сілуэт драпежнай птушкі. Крылы дугою апушчаны ўніз, не інакш, як арлец. Так, вялікі арлец - яшчэ адзін рэдкі від птушак, яшчэ адзін індыкатар. Ён ў сваю чаргу гняздуецца сярод шырокіх балотных мясьцін і зусім ня пераносіць прысутнасьці чалавека. Час ад часу на шляху сустракаюцца чорныя буслы, то павольна снуючы высока ў небе, то нечакана выпорхваюць з трысьнягу, быццам чорныя чапліі.
А навокал усё тая ж зямля, накрытая вадзяным дываном, які не пакідае нам аніякага сухога месца. Толькі вада пабегла хутчэй, а берагі ўсё больш і больш робяцца акрэсленымі. Праз колькі часу рэчка ператварылася ў вузенькую і вельмі шпаркую ручаіну, якая выносіць лодкі наўпрост на шырокую ваду Простыра. Гул вады ад яго чуецца яшчэ здалёк, хоць рака і хаваецца за хмызьнякамі. Невялічкая па даўжыні Простыр зьдзіўляе сваёй шырынёй і хуткім патокам вады, гатовай паспрачацца нават з Прыпяцьцю. Бераг на месцы зьліцьця ўжо высокі і сухі. Тут нават праходзіць нейкая закінутая дарога, а праз Гнілуху перакінуты бетонны мост. Побач зь ім на круткім пясчаным беразе звонкай песьняй сустракае нас зімародак і імчыць над самай вадой блакітна-чырвонай стралой, хуценька перабіраючы крыламі, быццам сіняя пчала. Сам мост аблюбавала белая сініца - прыгажуня Палесься. Яе месцапражываньне пачынаецца з гэтых мясьцін і цягнецца на Ўсход, таму заходнія аматары птушак, бываючы ў Беларусі, моцна прагнуць сустрэчы зь ёй. А сініца, нахохліўшы свой белы чуб, весела шчабеча, час ад часу совае пад мост сухую траву.
Мы жа, узяўшы дзьве байдаркі, паграблі супраць хуткага струменя да бліжэйшай вёскі. Вёска Парэ знаходзіцца на ўскрайку цывілізацыі - вакол балоты і мяжа з Украінай. Раней Парэ лічылася ў продкаў-беларусаў дык увогуле канцом Сусьвету, а на мясцовых могілках па старых паданьнях пагрэбены вампіры. Людзі ў вёсцы нас сустракалі холадна, з пад нізкага ілба назіралі за намі, таму мы пачувалі сабе няўтульна. Парэ - вёска ў памежнай зоне, таму мясцовыя жыхары шчыльна супрацоўнічаюць з памежнікамі. Але нам пашанцавала, нас ніхто не затрымаў, а набыўшы хлеба ды яшчэ нейкіх прадуктаў, уселіся ў свае байдаркі, і ўжо па хуткай плыні паплылі назад у міжрэчча Гнілухі ды Простыра. Не забыліся заглянуць на могілкі, што знаходзяцца ля самай ракі. Тут і сапраўды на многіх магілах стаяць агромныя асінавыя калоды, быццам бы падкрэсліваючы, што паданьні ня проста так складаюцца.
Заказьнік Простыр раскінуўся ў два бакі ад ракі. Дубы-веліканы ля самай вады, гушчар лазьнякоў ды вялікія натуральныя заліўныя поплавы расфарбаваныя ў самыя прыгожыя колеры вясны. Тут мы знайшлі новую гнездавую калёнію вялікай белай чаплі, у пачатку нулявых яны толькі пачалі асвойваць страчаныя стагодзьдзе таму беларускія землі. Белая чапля занесена ў Чырвоную кнігу. Калісьці праз усеагульную моду на зьнішчэньне птушак дзеля забавы і ўкрашэньняў для жаночых убораў, вялікая белая чапля была цалкам зьнішчана на тэрыторыі цэнтральнай Эўропы. Такога ж сумнага фіналу чакаў і лебедзь-шыпун. Але лёс зьлітаваўся над ім, і цяпер для нас лебедзь - нешта роднае і сьвятое. Цяпер лебядзі паўсюдна сустракаюцца і зусім не баяцца чалавека. Ды напэўна назіраючы за гэтым і белыя чаплі таксама пачалі пашыраць свой гнездавы арэал, асвойваючы ўсё новыя і новыя палесскія землі. Нажаль, ня гледзячы на ахоўваемы статус віда, многія рыбныя гаспадаркі зусім ня ветліва аднесліся да павышэньня колькасьці белых чапляў на рыбгасах. Іх зразумець можна, але ж складана, бо ў адрозьненьні ад шэрых чапляў, у рацыён белых ня часта ўваходзіць рыба.
Мы блукаем па бясконцых джунглях Простыра, уважліва назіраючы за пярнатым сьветам. Шчыльна пераплецяная лаза ўскладняе нашае перасоўваньне. Замыленых ад пастаянных намаганьняў выблытацца з чарговага лябірынту, нас зноў і зноў чакаюць цяжкасьці. Нарэшце хмызьняк перарваўся трысьнягом. Крочым па пышнай балотнай расьліннасьці, як неўзабаве перад намі выпорхвае шэрая гусь. Гняздо сярод высокай травы. Дзясятак яек пяшчотна схаваны пад коўдрай гусінага пуху. Шэрая гусь - яшчэ адзін рэдкі жыхар Палесься. І калі лебедзю-шыпуну пашанцавала перажыць агрэсію, стала замацавацца і нават падружыцца з чалавекам, то шэрая гусь не заслужыла такой увагі. Вучоныя зрабілі ўсё, што змаглі. Шэрая, гагатлівая і малапрыкметная на першы погляд птушка патрапіла ў Чырвоную Кнігу, так як спарадычна і не рэгулярна гняздуецца ў Цэнтральнай Эўропе, у тым ліку ў Беларусі, але гэтая акалічнасьць усё адно ня здолела абараніць птушку.
На нашай радзіме, апошняй сярод Эўрапейскіх краінаў, дазволена страляць вясной. Прычым сэзон паляваньня працягваецца да двух месяцаў, таму цалкам накладваецца на сэзон размнажэньня птушак і другіх жывёл. І калі нават шэрая гусь і занесена ў Чырвоную Кнігу, яе можна зьнішчаць пад час міграцыі на роўні зь іншымі гусямі. Толькі вось прылятаюць мясцовыя птушкі раней за дальніх мігрантаў, а значыць, першымі патрапляюць пад стрэл. Углядаешся ў вясновае неба і бачыш, як радзеюць доўгія чароды гусей, бо людзей нараджаецца болей, збоя робіцца даступней, як і тэрыторыі гнездаваньня птушак. Час мяняецца. Цяпер нас вельмі шмат, мы забяспечылі сябе гаспадарчай ежай, і нам трэба абмяжоўваць сваю прысутнасьць, каб захаваць тое, што яшчэ ў канец ня зьнішчылі. Запаволіць крыху свае здаўна зфармаваныя паляўнічыя рэфлексы, ды замест ружжа часьцей браць фатаздымач, каб рабіць сэлфі зь вясёлым лосем, прыткім зайцам-беляком, ці хітраю рыжаю лісой.
Чаму жа ў Беларусі пануе грахатаньне стрэлаў вясной замест цішыні? Нават у эўрапейскай частцы Расеі не бяз цяжкасьцяў, але абмежавалі вясновае паляваньне. Адказ відавочны - адсутнасьць разгалінаванай улады ў краіне. Там, дзе пануе дыктатар, ніколі не пануе Закон. Беларусь зрабілася цэнтрам паляваньня для ўсіх багатых эўрапейскіх аматараў пастраляць. Асабліва з’едліва і крывадушна варушаць нашую прыроду італійцы. У нацпарку “Прыпяцкі” над звонкай маляўнічай Прыпяцьцю не заціхаюць стрэлы, ня гледзячы на тое, што нацпарк прызваны абараняць прыроду, а не зьнішчаць яе. Іназемцы, дорага заплаціўшы за магчымасьць пастраляць, карыстаюцца момантам і страляюць-страляюць-страляюць амаль без перапынку. Такі крывавы бізнэс - адна з галоўных прычын вострага канфлікту паміж аматарамі птушак і адміністрацыяй нацпарку, а таксама і пануючага ў ягоных ваколіцах прадпрыемства АграТураўшчына.
“І чаму ж трэба забараніць вясновае паляваньне?” - пытаюцца і беларускія паляўнічыя, якім ня церпіцца расчэхліць зброю і правесьці першыя вясновыя дні на прыродзе. Хоць адказ на гэтае пытаньне відавочны, многія паляўнічыя ўступаюць у бясконцыя спрэчкі. Птушкі, як і большасьць іншых пазваночных жывёлаў вясной размнажаюцца, даюць новае пакаленьне, каб захаваць саміх сябе, дый пракарміць інтарэсы тых жа ненасытных паляўнічых. Многія жывёлы ўтвараюць пары яшчэ пад час зімоўкі, і страта партнэра раньняй вясной не дазволіць ім прыступіць да размнажэньня ў гэты год, а якія віды ды ўвогуле ствараюць пары на ўсё жыцьцё (такімі вернымі дарэчы з’яўляюцца і гусі). Нават і палігамныя птушкі, сутыкаючыся з пастаянным стрэсам ад суцэльных сьмяротных стрэлаў, шукаюць больш ціхія мясьціны, губляючы ўжо абжытыя.
“Цыплятаў па восені лічуць,”- кажа старая гаворка. Калі абмежаваць вясновае паляваньне, як паказала практыка ў Эўразьвязе, колькасьць паляўнічых птушак будзе расьці, а значыць і восеньню ня будзе патрэбы ганяцца за адной і той жа качкай дзясятку паляўнічых. Балюча глядзець на безкантрольнае паяданьне прыроды, дзеля паверхневых аднадзённых інтарэсаў. Вучоныя рэкамендуюць максымальна абмежаваць паляваньне, а ў новым паляўнічым заканадаўстве наадварот, яшчэ й пашыраецца сьпіс паляўнічых птушак, нават на некаторых драпежнікаў. Магчыма, калі б аматараў прыроды было столькі ж, колькі аматараў сацыяльных сетак, то мы бы мелі больш прагрэсіўнае прыроднае заканадаўства. А пакуль у нашай краіне пануюць паляўнічыя.
Акрамя сумнага, усё ж такі ёсьць і невялікія посьпехі, ужо некалькі год выдзяляюць некаторыя прыродныя тэрыторыі, дзе вясновае паляваньне забароненае. Адна зь іх - рака Лясная, на якой будуе домік мой сябра. Не без яго тэхнічнага ўдзелу вясной не пачаліся стрэлы на ўлюбёных маляўнічых берагах. Дзякуючы такой забароне, мой сябра змог пастаянна слухаць гагатаньне дзясятка пар шэрых гусёў, крумкатаньне журавоў адразу ж са свайго падворку, дзе Правая і Левая Лясныя сярод густога трысьнягу зьліваюцца ў адзіную раку. Гусі пасьпяхова выгадавалі птушанят і паляцелі ўвырай, каб наступным годам зноў гагатаць, весяліцца на разьлівах ракі. Калі, канешне, стрэлаў ня будзе…
Нажаль, на наступны год, паляваньне на рацэ ўсё ж такі дазволілі, ня гледзячы на тое, што рака Лясная з’яўляецца важным вясновым міграцыйным карыдорам для вадаплаўных птушак, ад чаго і атрымала статус тэрыторыі важнай для птушак.
А сама шэрая гусь пакуль яшчэ не забыла беларускія балоты. Пакуль зьбіраюцца подпісы, ладзяцца кампаніі супраць вясновага паляваньня, пішуцца артыкулы ў газэтах, у яе ёсьць невялікі шанец на існаваньне. Балюча будзе, калі мы больш ня ўбачым на нашых землях гагатлівую, шэрую манагамную птушку, як ня ўбачылі нашыя продкі вялікіх белых чапляў, лебядзяў-шыпуноў, баброў ды многіх іншых жывёлаў, зьнішчаных у пагоні за спажываю, ненасытнасьцю, паляўнічымі рэфлексамі і грашыма.
Акуратна зрабіўшы памеры яек, мы накрываем гняздо мякькім гусіным пухам і пакідаем маці-гусыні на выхаваньне, а самі з добрым настроем зьнікаем у трысьнягах. Недзе ўнутры цепліцца мара, што паляўнічы з ружжом ніколі не дабярэцца да гэтых месцаў. Цепліцца надзея бачыць вывадкі шэрых гусёў на кожным вадаёме, як гэта атрымалася зь лебедзямі. І ўсё гэта магчыма, калі назаўсёды замяніць зброю на бінокль і фатаздымач перад паходам у прыроду.

Бакур, птушкі вучаць, Літва

Previous post Next post
Up