ШЧАСЬЦЕ [казка]

Mar 02, 2016 15:56

*
*
На невялічкім балотцы, што за лясным азярцом, жыцьцё б’е шматгалосым гоманам закаханых жывёлак. Тут і жабкі з рапухамі варкуюць, конікі з цыкадкамі на скрыпачцы граюць. А колькі птушак вакол лётае і сьпявае! Гучыць балота і зелянее!
Праўда, адной птушачцы-чаротаўцы вельмі сумна жылося. Ніколі ў яе хлопца не было, бо рэдкая птушачка тая была. Заляцаліся да яе розныя жаніхі, і ўсё ня тыя. Песьні ў іх ня тыя былі, ня родныя. Так і жылі, усе знаходзілі сабе пару па вясне, а вось нашая прыгажунька ўсё сумнай хадзіла, толькі часам радавалася шчасьцю сяброў-суседзяў. А калі заставалася адна, адразу ж дзюба павісала, ды хацелася плакаць. Суседзі таксама разумелі яе, і ўсе хацелі суцешыць, прыносілі ёй розных прысмакаў, ды гралі зь ёй у розныя забаўкі. Гэта, канешне, ратавала крышачку ад самоты, і птушачка была вельмі ўдзячная ўсім тым, хто жыў побач.
Пра прыгажуню-чаротаўку ведалі ўсе па суседству, нават з дальніх краёў прыляталі жаніхі сватацца. Вось, і сёньня ізноў аднаго адшыць прыйшлося. Увесь ранак сьпяваў, круціўся па хмызьняках, заляцаўся. Але ж голас ня той, ня родны голас. Сказаўшы чарговае “не” прыгажунька схавалася ў трысьнягах і заплакала. Увесь дзень праплакала яна, як пад вечар пачула песьню родную. Загаласіў нехта на ўскрайку балотца, ды так мілагучна і таленавіта, што птушачка нашая прасядзела на сьцяблінцы трысьнягу да поўнай цемры, баючыся парушыць тую музыку.
Уначы ёй не спалося, увесь час думала, хто жа так сьпяваў мілагучна, але з ранку цікавасьці ўзялі сваё, і на самым світанку, калі толькі-толькі прачыналіся першыя жыхары, перабралася чаротаўка на той бок балота, дзе гучала песенка, з чаканьнем пачуць першыя ночы. Сэрца разрывалася ад згрызоты, а што, калі больш музыка не загучыць, што калі трэба было ўчора не саромеючыся паляцець на сустрач?!
Усё йшло добра. Зь першых нотак птушачка пазнала родны голас і пачала ўглядацца ў музыку. Такая ж шэранькая з трыма белымі палоскамі на галаве птушачка ўзьнялася на высокую галінку лазы і засьпявала песенку пра шчасьлівае каханьне. З кожнай хьвілінай прыгажуня падлятала ўсё бліжэй і бліжэй. А яшчэ праз некаторы час увогуле то дзюбай, то хвастом круціла перад самым носам маэстра, а той сьпяваў, ды ўвагі не зьвяртаў.
- Ты хто такі? - зрэшты раззлавалася чаротаўка.
- Я вулічны сьпявак-мастак. Вось, павярнуўся з выраю, а радзіма, дзе я нарадзіўся і жыў, за зіму ператварылася ў чорнае поле. Людзі абрабавалі нашае балота ды так, што няма магчымасьці нам там болей жыць-сьпяваць. Лятаю, шукаю лепшай долі.
- Дык жыві тут, у нас весела! - заўсьміхалася прыгажуня, але хутра зразумела, што ўсьмешка тут ня вельмі дарэчная.
- А ты мілая, - падкрэсліў маэстра.
Пра новага жыхара хутка даведаліся суседзі, і кожны спрабаваў пазнаёміцца з маэстрам. Хтосьці нёс падарункі, а нехта нават прасіў узяць пару ўрокаў сьпеваў.
З таго дню ні кропелькі суму не было больш відаць на твары чаротаўкі.
Ды ня доўга ў радасьці ім жылося. Аднойчы ранкам завітаў на балота адзін барадаты дзед і выставіў там свае сеткі-пасткі, каб выкрасьці рэдкага сьпевуна, а потым прадаць яго, бо на птушыным кірмашы такія птушкі каштавалі даражэй за золата.
Узрадаваўся дзядуля, злавіў ён маэстра, ды ажно запляцкаў у ладкі. “Вось зараз прадам птушку і набуду сабе новую хату,” - думае ён. А балота гэтым часам змоўкла, а чаротаўка-прыгажуня лятала вакол і білася аб клетку. А маэстра суцяшаў яе: “Ня бойся, сэрца маё, я павярнуся!”
Дзед згроб сеткі і пакрочыў, трымаючы ў руках клетку. Чаротаўка паляцела ўсьлед, выглядаючы, куды панеслі ейнае шчасьце.
Прайшлі ўскрайкам леса, па азёрнаму беражку, полем-полем, ды вышлі ў невялічкі гарадок. Дайшоў старык да дому на самым ускрайку ля поля, ды ляснуў за сабой дзьвярыма. А чаротаўка ў вакно глядзіць і вачэй ня можа адвесьці ад маэстра, які зусім заціх. У клетцы сядзіць, і вокам не павядзе.
А чаротаўка білася ўся, думала-гадала, як вызваліць свайго сьпявака. Ды так і заснула на дубе ля акна. З ранку яе абудзіў павучок, які прапаўзаў побач. Птушачка распавяла яму ўсю сваю сумную гісторыю, а павучок, пасьміхнуўся і паабяцаў дапамагчы.
І гадзіны не прайшло, як той прывёў усіх сваех знаёмых майстраў плясьці павуціну з усёй ваколіцы, і пакуль дзед храпеў у сваем ложку, усе яны прыняліся за работу. Выплялі вялікую ліпучую сетку на ўваходнай дзьвяры, ды такую моцную і шчыльную, што нават асілку яе не парваць.
Прачнуўшыся, дзед паглядзеў на маэстра і радасна загаласіў. Выйшаў на вуліцу, праціраючы вочы і оп! Патрапіў у павучыную сетку. Махаў рукамі і нагамі, ды яшчэ больш заблытаўся, заматаўся ў сетку і зваліўся на зямлю. Ляжыць там, быццам у кокане.
А ў гэты час чаротаўка заляцела ў хату і прытулілася да клеткі.
- Як ты, родны?
- Ты тут, любая, што ты робіш?!
- Цябе ратую, маэстра, хіба ня бачыш?
Засталася справа за малым, узламаць клетку ды вырваць з пасткі жаніха. Адной ёй гэтага не зрабіць і тут таксама на дапамогу прыйшлі павучкі. Падвязалі да ручкі клеткі вялікі гліняны кубак, які стаяў непадалёк на стале. І вялікімі намаганямі піхнулі той кубак уніз. Зваліўся ён на падлогу і разбіўся на дробныя ашчэпкі, але пацягнуў за сабой вяроўку і ручка адзёрнула дзьверцу. Маэстра выскачыў з клеткі, зашчабятаў і прыціснуўся да сваёй вызваліцелькі. Удзячылі яны павучкоў вясёлым канцэртам, выляцелі з хаткі, пашчабяталі над вухам паланёнага дзеда, і паляцелі свабодныя і шчасьлівыя. Дзед на ўздагон крычаў нешта крыўднае і абразлівае, але зрабіць анічога ня мог. Сяброў у яго не было і тыдзень так праляжаў у кокане, пакуль суседзі, што праходзілі побач, не пабачылі небараку. Зьліталіся, вызвалілі, ды пакармілі барадзеда. Дзед падумаў-падумаў, ды зразумеў, што лепей мець сяброў побач, а не багацьця кошык, ды падарыў суседзям-вызваліцелям вялікі букет кьветак. Падабрэў на старасьці год дзядуся. А птушачкі нашыя вярнуліся на балота, але не засталіся там, бо баяліся, што дзед-барадзед ізноў скрадзе іхняе шчасьце. Паабдымаліся з жучкамі-павучкамі-птушкамі-зьвярамі, ды паляцелі ўдвох песьні сьпяваць ды свой дом шукаць.


Бакур, казкі, Шчасьце, Беларусь

Previous post Next post
Up