#птушківучаць #Бакур
Шкварчыць пятэльня, рэжуцца цыбуля ды морква - хутка будзе абед на не зусім абітаванай выспе ў Індыйскім акіяне. На адчыненым акне расселіся на ўсіх магчымых прысадах і чакаюць пакуль ім перападзе коліка ежы мясцовыя ткачыкі-фодзі. Калі пах падсмажаных баклажанаў разлятаецца па салёна-марскому паветру ў аконным праёме з’яўляецца Зялёны. Птушка важна азірае пакой кухні, затым кроткім позіркам рэвізора глянуўшы на кухара, пераскоквае на вадаправодны кран, невялічкімі скокамі адольвае сталешню і пералятае на лядоўню.
Зялёны - адзін з нешматлікіх прадстаўнікоў высакароднага роду сэйшэльскіх шума-драздоў, перажыўшых усе выпрабаваньні акупацыі калярытнай трапічнай прыроды эўрапейскімі канкістадорамі. Пасьля першых улікаў у другой палове дваццатага стагодзьдзя надзеі на захаваньне віда не было - у прыродзе жыло толькі дваццаць пяць птушак. Вучоныя не склалі рук. Іхнія намаганьні і разумная праграма перасяленьня шума-драздоў на іншыя падыходзячыя для іх існаваньня выспы далі добрыя вынікі. Зараз птушак ужо каля трох сотняў, і страта гэтага віда ўжо не такая відавочная, як раней. У той жа час кожная птушка штодзённа кантралюецца, падсілкоўваецца, дый увага да кожнай зь іх усё яшчэ вялікая. Менавіта таму Зялёны, карыстаючыся сваёй прывілеяй, ганарліва падскоквае па валантэрскай кухні ў пошукаў розных прысмакаў. Кожны сэйшэльскі шума-дрозд акальцаваны і нават не адным кальцом. На правай назе вісіць металічная кальцо з нумарам і інфармацыяй для цэнтра кальцаваньня, над ім вісіць каляровае пляштыкавае кальцо, колер якога адпавядае выспе, на якой птушка нарадзілася і была акальцаваная. На другой назе два пляштыкавых калечкі, колеры якіх ужо ідэнтыфікуюць саму птушку. Зялёны жа недзе згубіў сваё фіалетавае кальцо і застаўся толькі з адным - зялёным, адсюль і паходзіць ягонае імя.
Многія з Вас напэўна маюць сваіх такіх старых дзікіх сяброў, якіх можна па некаторых прызнаках адразу вызначыць сярод іншых кампаньёнаў пры сустрэчы - адсутнасьць пяра, нестандартная дзюба, адметны палёт, ці уразьлівы позірк. Неістотна, ці гэта птушкі, ці іншыя жывёлы - нешта ёсьць у гэтай істоце, па чым можна безпамылкова пазнаць яе за доўгі час мірнага суіснаваньня. Такое мірнае пражываньне яскрава адлюстроўваецца пад час кожнага працэса паглынаньня ежы на ганку, ці кухне. Фодзі - родзічы вераб’ёў, але ж акрэсленныя сэйшэльскія піраты - расьсеўшыся колам на бяспечнай адлегласьці, уважліва сочаць за кожным тваім рухам. І дастаткова на хьвілінку адысьці ў іншы пакой, як дружная мітусьлівая каманда зрываецца са сваех прысадаў і ахвотна растасківае з талеркі рыс ды ўсё іншае, што можна толькі з’есьці.
Зялёнаму так паступаць не дазваляе гонар. Прыляцеўшы ў госьці ён будзе чакаць, пакуль я нагаваруся зь ім, а потым пачастую яго якім яйкам ці крыхамі ад батона. Зялёны зводдалі паглядзіць на ежу, зробіць некалькі скокаў на сустрач, уважліва паглядаючы навокал, а потым імгненна схопіць ежу, патрымае крыху ў дзюбе і толькі потым праглыне яе. Спакойным выглядам працягне ўважліва ўзірацца ў твае вочы, тым самым быццам заварожваючы цябе. А заваражыць ёсьць чым. Шума-дрозд зьнешне падобры на мініацюрную сароку, у якой адрубілі палову хваста - чорная з сінім адлівам афарбоўка з белымі плямамі на крылах. З-за гэтай афарбоўкі іх часам называюць і сарочымі драздамі. Ягоная непахіснасьць і супакой прымушаюць доўга любавацца птушкай, а калі пасьля добрай трапезы Зялёны раптоўна засьпявае, дык увогуле заміраеш быццам зачараваны. Голас у шума-драздоў ціхі, але такі пераліўна-мілагучны, што спачатку не зразумеўшы адкуль цячэ музыка, шукаеш крыніцу, а знайшоўшы яе, ня можаш не даслухаць да канца.
Кожны дзень мы падсілкоўваем Зялёнага, як і ўсіх іншых сэйшэльскіх сарок, што жывуць на выспе Арыд. Каб кантраляваць птушак на кожнай тэрыторыі, дзе яны гняздуюцца ёсьць свая харчовая пляцоўка, куды мы кожнай раніцай кладзем ежу і наліваем ваду ў паілку. Падыходзячы да такога месца харчаваньня ты мілагучна пасьвістваеш, а парачка шума-драздоў, што жыве побач, пачуўшы знаёмы сьвіст, не прымусіць доўга чакаць, а хутка прыляціць, каб падзяўбсьці крыху прысмакаў.
Гнездавая тэрыторыя Зялёнага бліжэйшая да невялічкай вёскі, дзе мы месьцімся, менавіта таму ён часта завітвае ў госьці. У яго ёсьць таксама жонка. Бела-памяранчавая спадарыня цяпер насіджвае яйка - парачка чакае дзіця, каб быць упэўненым у заўтрашнім дне свайго віда. Пачуўшы мае намаганьні пасьвісьцець абедзьве птушкі нечакана з’яўляюцца з глыбіні трапічнага лесу і прысядаюць на бліжэйшую галінку. Затым весела суправаджаюць мяне да харчэўні. Калі самка пералятае з галінкі на галінку, то Зялёны кароткімі, але хуценькімі скокамі суправаджае след у след мяне па пяску, як быццам прыручаны пёс. Ежу яны прымаюць ахвотна, але паглынаюць, не сьпяшаючыся, насьцярожаным вокам азіраючыся на піратаў-фодзі, якія чакаюць моманта, каб адхапіць сабе кавалачак ад трапезы. Пакуль парачка распраўляецца з астаткамі ежы, сьцежка вядзе ўгару, дзе каля руінаў першапасяленцаў чакае мяне іншая парачка сэйшэльскіх рэзыдэнтаў. А ў гэты ж час недзе сярод пустэчы Паўднёвага Казахстана крыху сумуе па нас, ды рыхтуецца да восеньскага пералёту іншы дзіўны хлапец Джэк Б77.
Джэк - птушка сямейства драфіных, аблюбаваўшая цэнтральную і заходнюю частку Азіі і Паўночную Афрыку. Птушкі гэтыя рэдкія, паўсюль маюць ахоўваемы статус, таму існуе шэраг праграмаў па захаваньню віда. Б77 - адзін з выхаванцаў адмысловага цэнтру па рэпрадукцыі джэка. Яго выпусьцілі на волю восеньню, прычым надзеі на тое, што менавіта гэтая птушка выжыве было аніякай, бо на наступную раніцу пасьля выпуску малады самец з яркім жоўтым кальцом вярнуўся да палявога кэмпінгу, наіўна палагаючыся на тое, што тут ён зойме цёплы прытулак і даступную ежу, як гэта было раней. Ня выйшла. На наступны дзень яго вывезлі падалей і ізноў адпусьцілі ў дзікую прыроду. Б77 прыняў выклік і апынуўся больш знаходлівым, чым пра яго думалі, выправіўся ў доўгі міграцыйны шлях, адзімаваў недзе ў Іране, перажыў зіму ды наступнай вясной павярнуўся назад у родныя краі.
Першым яго ўбачыў наш экіпаж. Робячы ўлікі птушак на высокім халме пад гудзеньне яшчэ ледзянога ветра, мы зьбіраліся ўжо пераяжджаць, як раптам з пад колаў нашага пазашляховіка выскоквае джэк. Адбегшы некалькі крокаў, той імкнуўся зазірнуць у машыну. Мы выйшлі, а Б77 пачаў гуляцца з намі, шырока распранаючы свае крылы і падскокваючы па ветры. Джэк адбягаў, калі мы падганялі яго, але адразу ж плёўся за намі, калі мы разьвярнуўшыся крочылі да машыны. Ад’яжджаючы мы толькі і бачылі ў люстэрка, як Б77 набірае разгон і ўсё хутчэй бяжыць усьлед за машынай, спрабуючы нас не згубіць. “Тваё месца ў дзікай прыродзе, сябра!”- з такімі думкамі разганяемся і не даем маладому самцу аніякіх шанцаў нас дагнаць.
Праз некалькі дзён сноўданьняў па пустэчы 77-мы ўсё ж такі прысунуўся ў наш даследчы лагер, дый застаўся тут хадзіць паміж намётаў. Днёўку ён праводзіў у бліжэйшых зарасьцях саксаулу, а часам нават у цені тых самых намётаў, ці машын. Надвячоркам джэк пачынаў сваю актыўнасьць, выходзіў на паляваньне. Асьвятленьне кэмпінгу прыманьвала цэлыя хмары розных насякомых. Каб пажывіцца імі сюды ж кожную ноч прылятаюць мясцовыя лялекі, розныя паўзуны ды рапухі. Джэк 77 далучаўся да гэтай кампаніі і ўплётваў розных мядзьведак ды жукоў за абедзьве шчакі. Такі кампраміс нам ня вельмі падабаўся, бо птушцы патрэбна ляцець і выбіраць сваё дзікае месца пад сонцам, тым больш яму ўжо амаль год, але ён ня вельмі выглядае на дарослага самца. Мінуў тыдзень і Б77 сам вырашыў падацца на вольныя хлябы, аглядзець пустэчу.
Робячы штодзённыя ўлікі, семдзесяць сёмы зноў і зноў прыходзіў да машын, чамусьці найчасьцей да нашай. Ён важна разгульваў вакол, пакуль мы ўглядаліся ў трубу, каб убачыць яго суродзічаў. Джэк залягаў ў цяні машыны, ці побач з намі, зклёўваў насякомых з нумарных знакаў, спрабаваў нас заманіць пагуляцца ў даганялкі зь ім, што часам у яго добра атрымлівалася. Мы, быццам птушкі, адганялі яго - той адбягаў, а потым мы мяняліся ролямі, сам 77-мы ганяўся за намі. Але кожны раз наступаў час разьвітвацца. Мы сядалі ў машыну, Б77 з трывогай прыглядаўся да нас, а потым хутка-хутка бег за намі, пакуль не зразумеў, што мы пакідаем яго.
Часам джэк прыводзіў да нас сваех новых дзікіх сяброў. Сябры ягоныя не ахвотна падыходзілі да аўтамабіля, а засядалі ў бліжэйшым баялычы, і ўжо адтуль назіралі за намі, 77-мы, відаць, не моцна разумеў іх паводзіны, але бліжэй таксама не падыходзіў. Назіраючы за птушкамі, мы ціха радаваліся, як наш любімец набываў папулярнасьці сярод мясцовага насельніцтва. За месяц ён аббегаў усю пустэчу, і вось аднойчы нарэшце знайшоў і свой улюбёны ўзгорак з мноствам самак навокал. Б77 пачаў адпускаць сваё густое белае з чорнымі палоскамі па краях пер’е і ўсё больш і больш нагадваў сталых самцоў, што кожную раніцу і вечар танцуюць-такуюць на такіх прыгорках быццам бы белыя балонікі.
Дзіўна ў гэтай гісторыі тое, што любоў да чалавека не загубіла Б77. Ён пражыў год, часам цесна мяжуючы з чалавекам падчас міграцыі, і даверліва ставіўся да людзей. Можна, канешне, падумаць, што 77-мы усё ж такі навучыўся інтуітыўна адчуваць бясьпеку і небясьпеку, разумець ад каго можна знайсьці любоў, а ад каго сьмерць. Восеньню джэк ізноў выправіўся на зімавальны шлях. Недзе сярод іранскіх пустэчаў сувязь зь ім зьнікла. Прычына гэтаму невядома, ці падвяла яго любоў да людзей, ці можа нешта здарылася са спадарожнікавым перадатчыкам. Хочацца верыць у лепшае і спадзявацца, што наступнай вясной, аднойчы на прыгорак блізка-блізка падбяжыць джэк, будзе хадзіць вакол, усьміхаючыся, зь яркім жоўтым кальцом, на якім вялікімі чорнымі літарамі выбіты надпіс “B77”.