Чайлд Роланд да Цёмнай Вежы прыйшоў

Sep 06, 2009 13:53

Вось і ўсё. Рыпяць за маёй сьпіной зачэпы апошняй дзьверы на вяршыні Цёмнай Вежы. Апошнія радкі апошняй старонкі апошняга тому паволі выпетрываюцца з маёй галавы, пакідаючы за сабой адзінокі вобраз. Чалавек у чорным скрыўся ў пустэльні, стралок рушыў следам. Два месяцы, сем тамоў і амаль чатыры тысячы старонак блуканьня па сьцежках пасярэдняга сьвету. Я кажу дзякуй вам.

“Цёмная Вежа” Стывена Кінга - змрочны постапакаіптычна-містычны вэстэрн, цыкл які аўтар пісаў цягам трыццаці год, цыкл які аб’ядноўвае, убірае ў сябе ўсю творчасьць “караля жахаў”. Упершыню я пачуў пра гэтую кніжку пяць гадоў таму, на ралявухе па вялікай айчыннай, тады ўвечары сідзячы ля вогнішча ў цёмным лесе я чуў развагі двух маіх “аднапалчан” пра магчымасьць правядзеньня гульні па “Цёмнай Вежы”. Тады я ўпершыню пачуў незнаёмыя мне назвы і імёны, як то стралок Роланд, ваўкі Кальі, айцец Кэлаган, краіна Тандэрклеп і інш. Вогнішча адлюстроўвалася ў вачох суразмоўцаў і ад гэтага станавілася трохі жудасна. Праз тры гады я пабачыў томік “Цёмнай Вежы” на палічцы майго сябра, тысячастаронкавы фаліант, які ўбіраў у сябе першыя тры часткі цыклу. Я ўзяў цёмную кніжку ў рукі, зважыў яе на далоні, памацаў таўшчыню і падумаў “да ну нахуй”. Тады я паставіў кніжку на месца. Два месяцы таму я зрабіў другую спробу. І не шкадую. Скажыце, бог-бомба, скажыце, ал-л-лілуя!

Кінг пісаў у прадмове: галоўнае прадрацца праз першы том, далей пойдзе лягчэй. Першы том я праглынуў за два дні. Гэта было суперскае чытво, тое што трэба. Змрок, гнятучая атмасфэра, разбуранасьць, адчуваньне адзіноты і бязвыйсця. Наступныя часткі ўжо ня мелі на мяне такога ўздзеяньня. Далей я чытаў павольней. Мой любімы том “Цёмнай Вежы” - першы. Скажыце, дзякуй табе.

Цыкл “Цёмная Вежа” насамрэч не валодае якімі-небудзь выбітнымі мастацкімі адметнасьцямі, хапае ў ім недалікаў і хібаў, хапае месцаў праз якія прадзіраешся з цяжкасьцю, думаеш “ды не пайшоў бы гэты Кінг лесам”, мала ў ёй і філязоўскіх разваг і настаўленьняў, што “вучаць” жыцьцю, па вялікаму рахунку “Цёмная Вежа” забаўляльны серыял. Але серыял з рызынкай. Нават з некалькімі: Роланд, сьвет і мэта. І канцоўка. Скажу шчыра, я такі асіліў гэты цыкл толькі таму, што сябра сказаў, што тамака ахуенная канцоўка. Так і сказаў, а яшчэ сказаў, што прачытаўшы тую канцоўку яму захацелася знайсьці Кінга і прыдушыць яго ўласнымі рукамі. Гэтыя словы падтрымлівалі мяне пад час чытаньня. І я не расчараваўся. І я кажу дзякуў вам.

З.Ы. Калі чытаць “Цёмную вежу” (асабліва першы том "Стралок") пад музыку (а я заўжды чытаю кнігі пад музыку) то лепшага саўндтрэку чымся кампазіцыя ronski speed feat. ana - the deep devine няма. Я гарантую гэта.

Рэцэнзія па-руску на LiveLib.ru

мой выбар, кнігі, музыка, меркаванне

Previous post Next post
Up