Анатоль прачнуўся ад холаду. Цела працінала дрыготка, а зубы грукаталі адзін аб аднаго з кулямётнай інтэнсіўнасьцю. Анатоль прыўстаў, абапёршыся на левую руку. Бляцкая халадэча. Хлопец фізычна адчуваў, як глеба на якой ён ляжаў і паветра, якое яго атачала, высмоктваюць зь цела апошнія кроплі цеплыні. Не дапамагла посьцілка з галля і сухой травы, якую Анатоль згарнуў перад тым, як улегчыся на зямлю. Халера ясная. Хлопец азірнуўся. Скрозь начную цемру было ня шмат чаго відаць: чорныя слупы дрэваў вакол, шэрае нізкае неба над галавой і цёмная пляма пад бокам. Гэта Васіль. Ён ляжаў скруціўшыся, нібы сабака, на пасьцеленым на зямлі бурнос-намёце. Брызент - галімая засьцярога ад холаду. Гамон, як ён можа спаць? Анатоль сеў, падцягнуў ногі і абняў іх рукамі. Дрыготка не спынялася. Зараз бы вогнішча распаліць. Хлопец зірнуў на гадзіньнік. Электронны з падсьвятленьнем. Тры гадзіны ночы. Бляць. Калі клаўся спаць, думаў, што да раніцы змагу пратрываць. Хто ж ведаў, што ў лесе ноччу такая халадэча. Анатоль адчуў, як нешта вадкае патрапіла яму на шчаку. Дождж. Гэтага яшчэ не хапала! Ён яшчэ раз паглядзеў у бок Васіля. Можа ён памёр ужо? Зьмерз? Анатоль штурхнуў суседа ў сьпіну. Падымайся - дождж! Васіль варухнуўся і нешта прабурчэў сабе пад нос. Жывы. Гэта добра. Бля, афэлак, нам спатрэбіцца твой бурнос! Васіль здрыгануўся і падняў галаву. Анатоль ня мог у цемры пабачыць ягоны твар, але здагадаўся, што шчырай радасьці на ім будзе мала. Шо за хуйня! Дождж. Кроплі сталі прабівацца скрозь лістоту ўжо значна часьцей. Васіль адчуў гэта і зарухаўся спрытней. Ён выцягнуў з-пад сябе бурнос-намёт і распраставаў яго. Давай ля гэтага дрэва ўладкуемся. Добра. Хлопцы прытуліліся да ствалу бліжэйшай сасны і загарнуліся ў брызент.
Дождж мацнеў з кожнай хвілінай. Анатоль адчуваў як дрыжыць ягоны сусед, холад прабраў і яго. Галіны і іголкі не змаглі доўга стрымліваць плыню кропель, што валілася зь неба. Хутка і бурнос намёт, і зямля вакол хлапцоў набрынялі вільгацьцю. Халера, аўтамат. Анатоль у думках ляснуў сябе па галаве. Ён выцягнуў руку і пачаў абмацваць зямлю побач з сабой. Неўзабаве ягоныя пальцы кранулі драўлянае цэўё аўтамату. Анатоль ухапіўся за яго і падцягнуў да сябе. Сука, ён жа ж увесь змок. Хлопец прыняўся выціраць вільгаць з паверхні аўтамата рукавом сваёй вайсковай кашулі.
Васіль павярнуў да суседа свой твар і, пераадольваючы дрыготу, запытаў. Як ты лічаш, Сяржук шчэ вернецца? Халера яго ведае. Сяржук - трэці выжылы з іх адзялення - пайшоў увечары да бліжэйшага населенага пункту, каб знайсьці ежы і па-магчымасьці прынесьці чаго з цывільнай вопраткі. Больш ён не вяртаўся.
Можа яго схапілі, а можа і сам… Анатоль сплюнуў і працягнуў чысьціць аўтамат. Што ж гэта будзе? У голасе Васіля адчуваўся страх. Натуральна, такі стан рэчаў палохаў і Анатоля. Але больш за ўсё яго турбавала іншае. Колькі набояў засталося ў гэтай абойме? У апошняй, бляць, абойме. Гэтае пытаньне пакуль што цалкам займала розум Анатоля, але ён усьвядомліваў - гэта не надоўга. У глыбіні мозгу да часу прыхавалася іншая цяжкая думка - разуменьне нечага страшнага, што адбылося зь Анатолем. Падзей, якія ён пакуль ня мог асэнсаваць, і у якія, нават, ня мог яшчэ цалкам паверыць. Гэта, бляць, нейкая памылка. Гэтага ня можа быць. Але гэта адбылося і гэта ёсьць.
Пачалася вайна і ён - Анатоль, жаўнер войск Рэспублікі Беларусь - прыняў свой першы бой і забіў чалавека. Анатоль забіў расейскага жаўнера.
Працяг будзе...