Maładzečna LW1941-44/GM2006: Helanova

Nov 15, 2012 23:51

UPD. Кожны пункт дапоўнены выразкамі з мапаў WIG 1934 і БелКартаГрафіі 2002 гадоў.
Гэтым допісам распачну серыю пастоў прысвечаных пошуку даваеннай забудовы ў сучасным Маладзечна пасродкам параўнання аэрафотаздымкаў горада, зробленных "люфтваффэ" ў 1941 і 1944 гадах з матэрыяламі GoogleMaps, дзе мапы Маладзечна аднаўляліся апошні раз у 2006 годзе. У якасці дапаможных буду выкарыстоўваць мапы з польскага вайсковага архіву, так званыя WIG-мапы. За наводку на сайт з нямецкімі аэрафотаздымкамі хачу падзякаваць Зоі Хруцкай карэспандэнту "Рэгіянальнай газеты".
Паехалі:)
Пачну канешне ж з даўно раскручанай мной тэмы - з польскага гарнізона ў Гелянове. Я ужо пісаў пра яго летась, а ў гэтым годзе выйшаў мой матэрыял ў "РГ" пра польскі ваенны гарадок. На жаль, да напісання гэтага артыкула я яшчэ не быў знаёмы з аэрафотаздымкамі "люфтваффэ" і таму на схеме, прыведзенай у артыкуле, неправільна паказаў распалажэнне канюшняў і зусім не паказаў вадацяжнай вежы, але аб усім па-парадку.


Чырвоным авалам на гэтых мапах пазначана Гелянова. Вядома, што ў 1929 годе Маладзечна быў дадзены статус горада і ў яго склад далучаны фальваркі Бухаўшчына і Гелянова. Але на мапе 1934 года добра бачна, што Гелянова тады па сутнасці так фальваркам і заставалася. Значна аддаленае ад старога цэнтра горада (які тады знаходзіўся за чыгункай) Геленова ўяўляла сабой самастойнае паселішча, дзе з 1924 года ішло актыўнае будаўніцтва новага гарнізона для 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.

Вось Геленова на мапе 1934 года:


А вось гіф-анімацыя (6,5МБ) аэрафотаздымкаў гэтага месца ў розныя гады:


Калі прыглядзецца, можна пабачыць, што на мапе 1934 года яшчэ няма некаторых пабудоў, якія ужо ёсць на здымках 1941-44 гадоў (напрыклад, няма штабнога будынку, клюбу афіцэраў і катэджа каменданта гарнізона). 
Далей прывяду свой падрабязны аналіз ваенных аэрафотаздымкаў і сучасных спадарожнікавых мапаў (аваламі выдзелены вобласці на якіх я буду спыняцца больш падрабязна).
1941


1944


2006


1. Казармы для шэрагоўцаў.




Наколькі мне вядома, менавіта з гэтых казармаў пачалося будаўніцтва гарнізону ў 1924 годзе. Будоўля развярнулася такая, што сялян з навакольных вёсак зганялі на будаўнічыя працы дзеля адпрацоўкі "паншчыны" (у даваеннай Польшчы існавала такая павіннасць, як Żelarka). Казармы захаваліся да нашага часу ў добрым стане.


Адзінае, што пад час "дажынак" іх капітальна ўцяплілі.


2. Афіцэрскія дамы, афіцэрскі клюб і пункт сувязі палка




Гэта была "брама" гарнізону, тое, што першым чынам бачылі наведвальнікі Геленова. На ваенных аэрафотаздымках добра бачна, што раней за афіцэрскімі дамамі ледзь не да самага вакзалу цягнуліся апрацаваныя палі. Гэта пасля вайны горад разросся і праглынуў Геленова, але яшчэ ў 1941 годзе два тыповых трохпавярховіка і ганаровая арка (зруйнавана на пачатку 1960х) абазначалі сабой мяжу ваеннага гарадка. 
На фотаздымку знізу адлюстраваны левы бок цантральнай вуліцы гарнізона (цяпер вул.Машэрава) недалёка ад таго места дзе стаяла арка. У двухпавярховым будынку да 1940 года месціўся пункт сувязі палка (да яго яшчэ ў 60-ыя гады з усяго раёна цягнуліся тэлеграфныя слупы), а цяпер гэта проста жылы дом. Пафарбаваны будынак на заднім плане - былы афіцэрскі жылы дом.


Праз дарогу стаіць такі ж самы дом але ў аўтэнтычнай афарбоўцы:


Былы пункт сувязі зблізку:


Цяперашні драмтэатр (дом з чырвоным дахамна GoogleMaps) гэта і ёсць былы клюб афіцэраў. Дакладзней левая яго частка - правая дабудавана пазней, у часы, калі гэты будынак займаў гарадскі дом культуры.


3. Плац, штабны будынак і "закапанскі" домік.




Па гэтым здымкам можна прасачыць, што былы польскі вайсковы плац (і трошкі іпадром) у вайну ня быў запатрабаваны і амаль "сцёрся" з зямлі. Пасля яго адрадзілі ў выглядзе гарадскога стадыёна. Прадаўгаваты будынак на ўскрайку пляца і ёсць штабам палка. Вось так ён выглядае зараз:


Трохі ніжэй (калі глядзець на мапу) месціцца цікавая пабудова ў "закапанскім" стылі, як бачна са здымкаў, таксама даваенная. Цяпер тут медыцынскі склад.


4. Жылыя двухпавярховікі і зруйнаваны будынак.




Як бачна, мала чого памянялася тут з 1941 году. Праўда у 2010 годзе паміж двума даваеннымі жылымі дамамі пачалі узводзіць новы трохпавярховік, але на мапах гугла яго пакуль няма. Так верхні (на мапе) з двух жылых дамоў выглядае цяпер (ззаду бачны новабуд):


А вось ніжні дом:


А вось тут (за раддомам) месціўся будынак, які бычны ў верхняй часцы ваенных аэрафотаздымкаў. Калі прыглядзеца можна заўважыць на зямлі контуры ягоных падмуркаў:


5. Катэдж каменданта, два цагляныя жылыя дамы і адзін драўляны.




Бачна, што дрэвы вакол катэджу (квадрацік у правай часцы мапы) капітальна разрасліся за 60 гадоў. Яшчэ можна заўважыць, што на месцы разбуранага ў вайну будынку пад катэджам (на выяве 1944 года там руіны) потым пабудавалі нешта новае. Я адмыслова падыходзіў да гэтага будынку, але нічога даваеннага ў ім не знайшоў (магчыма са старога там толькі падмуркі). Два ж астатнія цагляныя дамы захаваліся вельмі добра. Вось дом з левага боку вуліцы:


Каля яго месціцца калпак аварыйнага выхаду і вентыляцыі бомбасховішча. Існуе меркаванне, што бамбасховішчы ў Гелянове будаваліся ўжо пасля вайны, за саветамі. На фота завалены спуск у іншы калпак (каля былога пункта сувязі):


У другім жылым доме гэтай часткі гарнізона цяпер месціцца гатэль. 


Драўляны домік з ніжняй часткі аэрафотаздымкаў таксама дыжыў да нашых дзён:


А вось і былы дом каменданта:


6. Вадацяжная вежа, жылы дом і меркаваныя канюшні.




Тут з 41-га шмат чаго памянялася. Па-першае, вялікую тэрыторыю захапіла пад свае патрэбы мэблявая фабрыка, па-другое, зруйнаваныя за вайну дамкі (перакуленыя літары П на здымку 1941 года) не сталі аднаўляць і толькі значна пазней пабудавалі на іх месцы пяціпавярхоўкі і новы будынак СШ №2. З часоў гарнізону засталася вадацяжная вежа (яна забяспечвала паілкі канюшняў вадой)...:

...жылы двухпавярховы дом...:


... і, на маю думку, рэшткі былых канюшняў (ці чагосці з інфраструкуры канюшняў), перабудаваныя пад патрэбы фабрыкі:


7. Канюшні.




Тут усё сумна: у 1941 годзе яшчэ можна разгледзець цэлыя пабудовы, у 44-м іх ужо зруйнавалі, а на сённяшні дзень на іх месцы раскінуліся цэха ўсё той жа мэблявай фабрыкі. 
8. Даўгаватая пабудова.




Дзіўна, але выходзіць так, што даўгаватая пабудова з сярэдзіны здымкаў захавалася да нашых дзён, і мала таго, ў яе часцы нават жывуць людзі. Там такое дзікае і зарослае хмызняком месца, што цяжка падсупіцца, каб сфатаграфаваць дом цалкам (мне удалося зафотаць толькі яго кавалак). Цікава, што будынак гэты складзены з той жа шэрай цэглы, што афіцэрскія дамы і катэдж каменданта.




9. Жылы домік на ўскрайку гарнізона.




Гэтыя будынкі на самым ускрайку былога гарнізона загадка для мяне. Магчыма, адзін з двух прастакутнічкаў са здымка 1941 года захаваўся да нашых дзён у такім выглядзе:


Астатнія пабудовы напэўна былі разбураны пры пабудове хлебазаводу.
10. Сквер і ставок.




За домам каменданта, як бачна быў разбіты невялікі сквер, які ў зменшаным выглядзе (частку праглынуў зеленхоз) захаваўся і дагэтуль. Пра ставок (прастакутнічак у верхняй часцы ваенных здымкаў) я нават нешта чуў, а вось пра будынак, які знаходзіўся за скверам і да 1944 быў разбураны я, на жаль, нічога не ведаю.
Магчыма, гэтая алея ліственіц была пасаджана тут у часы гарнізону:


11. Загадкавыя пабудовы 1944 году.




Напрыканцы аналізу я прыхаваў адну цікавостку. З ваенных здымкаў гэтага ўчастка цяперашняй вул.Машэрава вынікае, што падчас вайны ў Гелянове ня толькі разбуралі, але нешта і будавалі. Бачна, што у 41-м тут было чыстае поле, а ў 44-х ужо тры нейкіх дамы. Але хутчэй за ўсё гэта былі часовыя баракі, ці нешта падобнае, бо контуры цяперашняй забудовы вуліцы не супадаюць з размяшчэннем тых трох будынкаў 44-га году. Тым неменш мяне трохі здзівіў гэты не тыповы (як мне здаецца) для савецкай архітэктуры домік:


Геленово, helenowo, Гелянова, Mołodeczno, фота, Заходняя Беларусь, luftwaffe&googlemaps, Молодечно, краязнаўства, гарнізон у Гелянова, Маладзечна, архітэктура

Previous post Next post
Up