Фантастыка па-за часам: Альфрэд Бэстэр "Тыгр!Тыгр!"

Jun 22, 2012 15:34



Фантастыка 50-х гадоў не перастае мяне здзіўляць. Магчыма, прычына гэтага мае заніжаныя чаканні ад раманаў, дзе штучны інтэлект выкарыстоўвае для стасункаў з чалавекам перфакарты, а мазгі робатаў будуюцца з электрамеханічных рэле і ламп. Магчына - асаблівы снабізм жыхара ХХІ стагодзя - часу, які так і не стаў той касмічнай будучыняй, аб якой марылі ў 50-х. Паводле гэтых, ці іншых чыннікаў да раманаў таго часу, няхай нават гэта і заслужаная класіка, я падыходжу з асцярогай. Але далёка не заўжды гэтая асцярога апраўдана.
З "Краіны барвовых хмар" (1959 год) пачалось маё працяглае знаёмства з творчасцю Стругацкіх, пра якое я зусім не шкадую. "Акадэмія" Азімава (1951 год) здзівіла маштабнасцю і глыбінёй праработкі "псіхагісторыі". "Дзень трыфідаў" Уіндэма (той жа 1951 год) стаў уводзінамі ў фантастыку катастроф.
І вось у мае рукі патрапіўся Бэстэр. Праўду кажучы, калі я чытаў "Тыгр! Тыгр!", я не ведаў якога года гэты раман. Я чуў пра Бэстэра, як класіка НФ і, калі чытаў яго твор, думаў, што "Тыгр! Тыгр!" напісаны недзе ў сярэдзіне 70-х гадоў ХХ стагодзя, ну максімум напрыканцы 60-х... але 1956-ы. Не ведаю як хто, але я пасля прачытання гэтай кнігі пачаў сур'ёзна ўспрымаць сцвярджэнні (магчыма, яны памылковыя і папахіваюць постмадэрнам), што, маўляў, усё што ёсць добрага ў сучаснай фантастыцы (90-х, 00-х) - усё адтуль, з 50-х.  
Драйв, насычанае дзеянне, ірваны стыль апавядання, высокая канцэнтрацыя фантастычных ідэй, кропкавая прамалёўка сусвету, увага да дэталяў - гэта "Тыгр! Тыгр!". З такім скурпулёзным падыходам да сацыяльнай структуры апісанага фантастычнага сусвету я не сутыкаўся з часоў "Схізматрыцы" Стэрлінга. І зараз, улічваючы першынство Бэстэра ў гэтым пытанні, магу заўважыць, што Стэрлінг шмат чаго запазычыў у класіка.
Жорсткасць, што месцамі даходзіць да лютасці, безкапрамісны індывідуалізм і яскравая індывідуальнасць герояў, невідавочнасць сюжэтных хадоў - то бок, усё чым можа пахваліцца кіберпанк 80-х і яго сучасныя паслядоўнікі, усё гэта ўжо было ў рамане "Тыгр! Тыгр!", нагадаю, 1956-га года. Нездарма і Гібсан, і Стэрлінг называюць Бэстэра сваім улюбёным пісьменнікам.
"Тыгр! Тыгр!" чытаецца запоем. Простыя, без мадэрновых выдыгонаў, дыялогі, просты, месцамі грубая, мова і равучы, няспынны струмень падзей, герояў, месцаў, ідэй. Моц фантазіі Бэстэра зачароўвае. Шкада толькі, што кніга хутка скончваецца. Гэта, магчыма, адзіны яе недахоп. Таму як з фантастычным сусветам, які створаны амерыканскім пісьменнікам, не хочацца раставацца занадта хутка.
Раю гэтую кнігу ўсім аматарам фантастыкі, як сучаснай, так і класічнай. Таму як "Тыгр! Тыгр!" - гэта фантастыка па-за часам.
Агляд кнігі на рускай мове.
P.S. Можа хто параіць мне яшчэ колькі знакавых кніжак 50-х, не важна НФ, ці не НФ.

мой выбар, кнігі, меркаванне, фантастыка

Previous post Next post
Up