Мадэрновая архітэктура занядбанага краю

Sep 05, 2017 09:25

Пост спецыяльна для kresy_arch

Архітэктура Беларусі ХХ стагоддзя цікавая тым, што на працягу двух перадваенных дзесяцігоддзяў наша краіна знаходзілася пад уплывам двух, як раней пісалі, ідэалагічна чужых архітэктурных школ: савецкай і польскай. Па выніках Рыжскай дамовы 1921 года Беларусь была падзелена - заходняя частка адышла ў склад Польскай Рэспублікі, на усходняй была ўсталявана савецкая ўлада. У БССР 1920-х гадоў спачатку развіваўся агульнасавецкі архітэктурны стыль канструктывізм, які з сярэдзіны 1930-х у адміністрацыйным парадку быў заменены на соцрэалізм. На заходняй часцы Беларусі змены архітэктурнай парадыгмы адбываліся натуральным чынам, але і там таксама можна абазначыць некалькі характэрных этапаў. У 1920-я ў новаадроджанай Польскай Рэспубліцы панаваў рамантычны нацянальны мадэрнізм, які абапіраўся на гістарычную і народную архітэктуру паўднёвых рэгіёнаў Польшчы. З пачатку 1930-х у польскую архітэктуру прыйшлі агульнаеўрапейскія павевы архітэктуры функцыяналізма, а напрыканцы дзесяцігоддзя Польская Рэспубліка, як і яе суседзі - Германія і СССР - узялася за манументалізм, які спалучаў рысы неакласіцызму і імперскі размах.


Ілюстрацыя 1. Міжваенны асабняк у Гродна. Фота: Уладзімір Садоўскі

Ня гледзячы на разбурэнні вайны і наступствы пасляваеннага аднаўлення беларускіх гарадоў значная частка пабудоў 1920-30-х гадоў захавалася да нашага часу. І калі даваенныя будынкі ўсходняй часткі Беларусі заўжды былі пад пільнай увагай гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, то даследванне архітэктуры захада краіны доўгі час амаль не вялося. У савецкія часы тэма “заходняй” архітэктуры з ідэалагічных прычын разглядалася аднабока і павярхоўна. Напрыканцы ХХ стагоддзя з-за пэўнай інэрцыйнасці вывучэнне архітэктурнай спадчыны Другой Рэчы Паспалітай усё яшчэ знаходзілася ў зародкавым стане. З польскага боку да нядаўняга часу тэма міжваеннай архітэктуры “былых усходніх ваяводстваў” таксама разглядалася вельмі слаба: праз ідэалогію і аддаленасць для польскіх даследчыкаў беларускіх крыніц. У ХХІ стагоддзі сітуацыя паступова стала змяняцца да лепшага, як у Беларусі, так і ў Польшчы. У нашай краіне можна назваць, прынамсі, двух гісторыкаў-мастацтвазнаўцаў, якія шчыльна займаюцца вывучэннем міжваеннай архітэктуры, гэта Ала Шамрук і Яўген Марозаў. Шамрук у 2007 годзе выдала кнігу - “Архітэктура Беларусі ХХ - пачатку ХХI ст.”, у якой, бадай, упершыню ў беларускай навуковай практыцы былі разгледжаны асаблівасці міжваеннай архітэктуры заходніх абласцей краіны. Яўген Марозаў у тым жа 2007 годзе абараніў кандыдацкую на тэму: «Стылі і накірункі ў беларускай архітэктуры 1920-1930-х гг.», дзе параўнаў польскую і савецкую архітэктурныя школы, разгледзеў іх асаблівасці і адзначыў пэўнае падабенства мастацкіх падыходаў. Гэтыя работы заклалі падмурак для далейшага вывучэння архітэктурнай спадчыны міжваеннага перыяду ў Беларусі. Паступова цікавасць да міжваенных пабудоў захапіла і беларускіх краязнаўцаў, напрыклад, у інтэрнэце быў створаны блог, удзельнікі якога збіраюць фотаздымкі і інфармацыю пра міжваеную архітэктуру захада Беларусі, Украіны і Вільнюскага павета: kresy_arch.


Ілюстрацыя 2. Шматкватэрны жылы дом у Маладзечна, пабудаваны ў другой палове 1920-х. Фота: Уладзімір Садоўскі

Сярод польскіх даследчыкаў варта адзначыць працы дацэнта Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Гданьску Міхала Пшчулкоўскага (польск. Michał Pszczółkowski, старонка на ФБ facebook.com/mipszcz). Ён аўтар вялікай колькасці артыкулаў прысвечаных міжваеннай польскай архітэктуры у тым ліку і будынкам, што узводзіліся на тэрыторыі захада Беларусі. У 2016 годзе выйшла кніга Пшчулкоўскага “Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921-1939” (“Сучасныя “крэсы”. Архітэктура на ўсходніх землях Другой Рэчы Паспалітай 1921-1939”) у якой падрабязна разглядаюцца 70 архітэктурных аб’ектаў абазначанага перыяду, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, Украіне і Літве, а таксама зроблены аналіз архітэктурных стыляў і плыняў, што панавалі ў Другой Рэчы Паспалітай у той час.


Ілюстрацыя 3. Вокладка кнігі Міхала Пшчулкоўскага

Варта адзначыць, што спрэчны для беларусаў, ўкраінцаў і літоўцаў тэрмін “крэсы”, які абазначае ўсходнія ўскраіны даўняй Рэчы Паспалітай, у сучаснай польскай гісторыяграфіі мае афіцыйны статус. Тэрмін быў уведзены ў гістарычную літаратуру яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і найчасцей ужываўся ў гады Другой Рэчы Паспалітай у дачыненні да ўсходніх ваяводстваў краіны. Пшчулкоўскі ў сваёй кнізе піша, што ў сённяшнім польскім грамадстве склаўся з большага ідэалізаваны вобраз міжваеннай Польшчы і “крэсаў”, як натуральнай часткі “польскага свету”. Папулярныя публікацыі на тэму міжваеннай гісторыі Польшчы стараюцца не закранаць цёмных старонах жыцця Другой Рэчы Паспалітай. Але, як адзначае гісторык: “міжаенныя “крэсы” - гэта не толькі львоўскі дыялект польскай мовы - “балак” і смаргонскія абаранкі, але і татальная паланізацыя, яўрэйскія пагромы і Бяроза-Картузкая.”


Ілюстрацыя 4. Цэнтр Наваградка ў 1920-я гады. Ілюстрацыя з кнігі “Kresy nowoczesne”.

Ва ўступнай часцы кнігі “Kresy nowoczesne” Пшчулкоўскі робіць агляд эканамічнага, палітычнага і нацыянальнага стану “усходніх ваяводстваў” у міжваенны перыяд: “крэсы” прадстаўляюцца ў ім, як вялікія тэрыторыі з слаба развітай інфраструктурай, да таго ж разбуранай першай сусветнай і савецка-польскай войнамі, амаль цалкам аграрнай эканомікай і з пераважна беларускім, украінскім і яўрэйскім насельніцтвам, над якім цэнтралізавана ажыцяўлялася палітыка паланізацыі. Інструментам гэтай палітыкі па меркаванню аўтара з’яўлялася таксама і архітэктура. Нацыянальны мадэрнізм, які панаваў у польскай архітэктуры 1920-х гадоў, меў на мэце паказаць трываласць польскай улады на новых землях праз зварот да гістарычных элементаў і стылістыкі польскай народнай архітэктуры, а таксама даказаць перасяленцам з цэнтральных рэгіёнаў Польшчы, якія ехалі на ўсход у якасці службоўцаў і вайскоўцаў, што яны будуць жыць не ў глушы, а ў краі, дзе польская архітэктурная думка разіваецца гэтак жа спрытна як і на захадзе краіны. Яскравым прыкладам такога падыходу Пшчулкоўскі ліча пабудову ўрадавых кварталаў у Наваградку, Брэсце, Нясвіжу і інш. Жылыя дамы для польскіх асаднікаў мелі выгляд спрошчаных шляхецкіх сядзіб і павінны былі давесці перасяленцам, што яны не выгнаннікі, а гаспадары на гэтых землях.


Ілюстрацыя 4. Урадавы квартал у Наваградку. Фота: Уладзімір Садоўскі

Зрэшты, як адзначае гісторык, ужо напрыканцы 1920-х гадоў польскія архітэктары пачалі адыходзіць ад нацыянальных матываў і пераймаць агульнаеўрапейскія плыні авангарднай архітэктуры. Пачатак 1930-х характэрызуецца пераходам да архітэктуры функцыяналізму, які стылістычна быў роднасны савецкаму канструктывізму. Яскравым прыкладам гэтай плыні з’яўляецца дом афіцэраў у Гродна, у кнізе Пшчулкоўскага яму прысвечана асобная глава. Манументалізм і неакласіцызм быў уласцівы адміністрацыйным будынкам Польскай Рэспублікі, якія ўзводзіліся на “усходніх землях” - гэты стыль павінны быў таксама служыць прыкладам трываласці польскіх улад на “крэсах”. У якасці ўзора такой архітэктуры аўтар прыводзіць будынак адміністрацыі Палесскага ваяводства ў Брэсце. Пабудаваны ў 1935-38 гадах гмах шмат у чым падобны на аналагінчныя адміністрацыйныя будынкі Германіі ці Савецкага Саюза, якія ўзводзіліся ў той жа час. Міхал Пшчулкоўскі адзначае, што будаўніцтва ва ўсходніх ваяводствах вялося ў нашмат меншых аб’ёмах чым у цэнтральнай Польшчы і маштабных пабудоў было вельмі мала, тым не менш, па тых аб’ектах, што захаваліся ў Беларусі, Украіне і Літве можна назіраць усе стылі і характэрныя этапы ў развіцці міжваеннай польскай архітэктуры.


Ілюстрацыя 6. Былы Дом афіцэраў у Гродна. Фота: Уладзімір Садоўскі

Кніга Пшчулкоўскага прыклад аб’етыўнай ацэнкі стану беларускіх земляў у часы Другой Рэчы Паспалітай, а таксама грунтоўнага падыходу да вывучэння асобных захаваных архітэктурных аб’ектаў міжваеннага перыяду. З 70 апісаных у кнізе аб’ектаў 22 знаходзяцца ў Беларусі: у цэнтры ўвагі аўтара забудова Брэста і Наваградка - былых ваяводскіх цэнтраў, а таксама пабудовы Гродна, Браслава, Баранавічаў, Пінска і Ліды. Інфармацыя пра гэтыя будынкі будзе цікавай не толькі беларускім даследчыкам архітэктуры, але і шырокаму колу чытачоў, а таксама можа стаць асновай для распрацоўкі турыстычных маршрутаў па Беларусі. Дарэчы, Міхал Пшчулкоўскі 7-8 верасня будзе ўдзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе выступіць з дакладам на тэму турыстычнага патэнцыялу архітэктурнай спадчыны Другой Рэчы Паспалітай ў Беларусі.

Аўтар: Уладзімір Садоўскі

артыкул, кнігі, kresy_arch, фота, архітэктура, публікацыі, Заходняя Беларусь

Previous post Next post
Up