"Крывавы памол" - водгук на беларускую вампірскую сагу

Jun 26, 2017 23:44



Пра кнігу Сяржука Сокалава-Воюша "Крывавы памол" я упершыню пачуў ад Усевалада Сцебуракі ў ФБ у такім кантэксце, маўляў, што вось сапраўдны першы беларускі зомбі-хорар, а не мая кніга "1813". Яшчэ я даведаўся, што ў кнізе адным з герояў з'яўляецца Фелікс Дзяржынскі, што сама кніга пра вупыроў і дзеянне яе адбываецца ў Беларусі. Пачуўшы ўсё гэта я ўявіў сабе наступны сюжэт "Крывага памола": Жалезны Фелікс на чале атрада чэкістаў-вампіраў напачатку 1920-х гадоў ладзіць крывавую харчразвёрстку ў адным з беларускіх паветаў і група, напрыклад, слуцкіх антыбальшавіцкіх паўстанцаў адбіваецца ад іх нападаў і вызваляе край ад вупыровай навалы. Але я памыліўся, кніга зусім не пра тое (таму мой прыдуманы сюжэт застаецца вольным для выкарстоўвання :).

"Крывавы памол" знайсці цяжка: кніга 2004 году выдання ўжо не прадаецца ў кнігарнях, а электроннай версіі, афіцыйнай ці пірацкай, яна не мае. Мне пашчасціла атрымаць асобнік ад чальца "Гродзенскай піўной лігі" шаноўнага bliss84, у якога маецца вялікая бібліятэка беларускай літаратуры і ў якога я ночыў пасля гродзенскай прэзентацыі "1813" напачатку чэрвеня. Кнігу чытаў недоўга, яна невялікая, трохі большая за маю "1813". Чытаецца лёгка і мова жывая, але як я казаў вышэй кніга не пра тое, пра што я першапачаткова падумаў.

Сюжэт ў "Крывавым памоле" раскрываецца паводле прынцыпа "расказ у расказе" (ці як там гэта правільна завецца). Усё б нічога, але тыя расказы ў разказе заходзяць недзе да пятага-шостага ўзроўню (амаль як у ноланаўскім "Inception"). Калі коратка: герою з нашага часу (першая лінія часу) ягоны дзед расказвае гісторыю пра тое, як ужо ягоны дзед расказываў яму сваю гісторыю (лінія часу - др.пал.ХІХ ст.), у якой перыядычна герою (дзедаваму дзеду) іншыя асобы расказваюць свае гісторыі ў якіх таксама ўкладзены ўнутр яшчэ гісторыі. Гучыць заблытана, але так і ёсць, і гэта стварае цяжкасці для успрыняцця тэкту, асабліва ў канцы кнігі - калі ўсе гэтыя глыбінныя гісторыі амаль адначасова абрываюцца ў нішто. У прынцыпе ад сюжэтнай лініі, якая адбываецца ў нашым часе, на маю думку, можна было б і пазбавіцца. Яна пачынаецца з нічога, разгортваецца незвязанымі ўрыўкамі і скончваецца нейкім пшыкам на паўстаронкі, які нічога не тлумачыць. Без яе кніга выглядала б больш гарманічна, бо у той унутранай гісторыі ёсць што пачытаць.

Дзеянне гістарычнай сюжэтнай лініі адбываецца ў другой палове ХІХ стагоддзя на беларускіх землях у складзе Расійскай Імперыі. Герой яе - беларускі шляхціч Антон Абруч-Жахоўскі - сутыкаецца падчас візіту да далёкіх родзічаў у Дзяржынава з містычнай з'явай. У сядзібе Дзяржынскіх з'яўляюцца два загадкавых госця, называюцца дактарамі і прымаюць роды ў цяжарнай жонкі гаспадара сядзібы Эдмунда Дзяржынскага. Яны падгаворваюць гаспадароў назваць нованароджанага Феліксам (ага, ну вы зразумелі, той самы Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі), а з раніцы знікаюць, прычым так, што ніхто не памятае пра іх учорашнюю прысутнасць, і ўсе думаюць, што роды прымала жонка арандатара з суседняга хутара. Адзін толькі Абруч-Жахоўскі чамусці застаўся пры сваёй памяці і добра запомніў загадкавых гасцей. Гэтых абставін ён гаспадарам не раскрывае і пачынае сваё расследванне падзей таямнічага вечара. Вось такая завязка. Хачу сказаць, што атмасферу "віктарыянскіх жахаў" Сокалаву-Воюшу перадаць у кнізе ўдалося, і не толькі перадаць але і адаптаваць пад беларускія рэаліі ХІХ стагоддзя, адно апісанне шляху да аддаленай шляхецкая сядзібы напярэдадні буры чаго вартае. Як не цяжка здагадацца, загадкавыя госці Дзяржынскіх былі вампірамі, ці як піша аўтар вупырамі. Але вобраз вупыроў у кнізе Сокалава-Воюша трохі адрозніваецца ад класічнага "Дракулы" Брэма Стокера. Аўтар, як я зразумеў, пры стварэнні вобразаў антыгерояў абапіраўся на беларускія паданні і легенды пра вампіраў, ды яшчэ прымяшаў да гэтага масонаў, тампліераў і іншыя таемныя арганізацыі. Атрымаўся даволі цікавы кактэль, але па-мойму трохі недамяшаны, чагосці мне ў вобразе тых вупыроў не хапала, хаця атмасфера нагнятання жаху і прадчуванне змовы, як я ўжо казаў, перададзена добра. Але самае галоўнае ў "Крывавым памоле" няма ніякіх зомбі (тамтэйшыя вупыры ўсё-ткі асобы з інтэлектам і розумам, і не заражаюць вампірызмам усіх навокал), так што гэта 100% не зомбі-хорар:) (магу выдахнуць) Таксама ў тэксце мала экшэну, ёсць толькі адна баявая сцэна з абаронай сядзібы ад нападу вупыроў, дый тая апісана неяк ірвана і згортваецца раптоўна і незразумела. Затое, што мне спадабалася, гэта мова герояў і апісанне быту шляхецкіх сядзіб таго часу, бачна, што аўтар займаўся вывучэннем гэтай справы перад напісаннем кнігі не тое што я.

Напрыканцы, хачу сказаць, што "Крывавы памол" кніга даволі цікавая, не без хібаў, але як узор беларускага містычнага жаху вельмі выразная і вартая прачытання. А яшчэ яна вартая перавыдання хаця б у электронным варыянце. Думаю, на хвалі цікавасці да містычных/калямістычных твораў у антуражы Беларусі ХІХ стагоддзя (мая "1813", "Дагератып" Людмілы Рублеўскай) "Крывавы памол" Сокалава-Воюша б карыстаўся попытам.

кнігі, зацемка, меркаванне, жах, фантастыка

Previous post Next post
Up