БССР першай пяцігодкі на старых фотаздымках

May 18, 2016 13:40



Выгляд гарадоў БССР мала адлюстраваны на фотаздымках даваеннага перыяду. Віной таму малая распаўсюджанасць фотаапаратаў ў прыватных руках з прычыны іх вялікага кошту. Фактычна, здымаць гарадскія вуліцы маглі толькі фатографы савецкіх перыядычных выданняў. Часам, для такіх здымкаў патрабавалася згода ўладаў, бо фатаграфія ў тыя гады была такім жа інструментам прапаганды, як кіно ці плакаты. Паказваць жыццё ў Савецкай Беларусі трэба было толькі з ідэалагічна правільнага боку. Адным з перыядаў савецкай гісторыі, які шырока асвятляўся ў той час у прэсе - была індустрыялізацыя. За першую пяцігодку ў перыяд 1928-1932 гадоў, у БССР было ўзведзена мноства заводаў і фабрык, адкрыты некалькі электрастанцый, пабудаваныя дзесяткі жылых дамоў для рабочых. Сярод шэрагу фотаздымкаў ударных будоўляў і пераможных дэманстрацый нялёгка знайсці паўсядзённыя і бытавыя карціны жыцця вуліц беларускіх гарадоў.

Мінск і Менск.

Часцей з усіх беларускіх гарадоў у аб'ектыў фатографаў трапляў Мінск - сталіца Савецкай Беларусі. Дарэчы, да 1939 года ў афіцыйных дакументах на беларускай мове паўсюдна выкарыстоўвалася назва горада «Менск». Асноўнымі героямі фотаздымкаў Мінска першай пяцігодкі станавіліся новыя будынкі, заводы, працоўныя дэманстрацыі і ... трамваі. Першая трамвайная лінія ў сталіцы БССР як раз і была адкрыта ў 1929 годзе, таму новы для горада від транспарту часта прыцягваў да сябе ўвагу фатографаў.

1. Перекрёсток вуліц Савецкай (цяперашні праспект Незалежнасці) і Ленінскай (зараз вул. Леніна). Як бачна, трамвайны рух у цэнтры Мінска было даволі інтэнсіўным:


2. Шматлюдная Савецкая вуліца ў 1930 годзе. Трамвай таксама ў кадры.


3. Трамвайная лінія працягвае працу і падчас рэканструкцыі вуліцы Савецкай летам 1931 года. Сучасны мінчанін наўрад ці прызнае ў гэтай вузкай і цеснай вулачцы сённяшні праспект Незалежнасці. І сапраўды, ад той старой Савецкай, а яшчэ раней Захар'еўскай вуліцы да нашага часу амаль нічога не захавалася - разбураная ў вайну, яна была кардынальна перабудавана ў канцы 1940-х гадоў.


4. Від на Савецкую вуліцу з будоўлі гмаху дзяржбанка СССР ў 1932 году (падрабязней пра гэты будынак можна прачытаць па спасылцы). І на гэтым здымку без трамваяў не абышлося.


5. Былая мінская харальная сінагога, пераабсталяваная ў кінатэатр "Культура", падчас IX Усебеларускага з'езда Саветаў, які праходзіў у Мінску ў 1929 годзе. Сёння ў перабудаваным будынку сінагогі знаходзіцца драматычны тэатр імя Горкага.


6. Дэманстрацыі і шэсця неад'емная частка савецкага жыцця. У міжваенны час у Мінску з парадамі і шэсцямі адзначалі два асноўных савецкіх свята - 1 траўня і 7 лістапада. Першамайскі мітынг на плошчы Свабоды ў 1930 годзе. Гасціны двор убраны транспарантамі і савецкай сімволікай.


7. Першамайская дэманстрацыя ў 1932 годзе.


Прамысловыя цэнтры.

8. Бурнае будаўніцтва ў гады першай пяцігодкі вялося не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне. Буйнымі прамысловымі цэнтрамі станавіліся Гомель, Віцебск, Магілёў, Орша. Там дзе заводы, там і рабочыя, а, таксама, і жыллё для іх. У Гомелі на пачатку 1930-х гадоў быў узведзены самы высокі для тых гадоў жылы будынак у БССР - шасціпавярховы дом-камуна архітэктара Шабунеўскага. Па праектах гэтага гомельскага дойліда ў горадзе быў узведзены не адзін дзясятак будынкаў. Шматкватэрны жылы дом на праспекце Леніна таксама яго праца. Фота 1932 года.


9. Жыллёвае будаўніцтва вялося і ў прыгарадах Гомеля. У пасёлку Касцюкоўка быў узведзены цэлы квартал дамоў для рабочых - правобраз сучасных мікрараёнаў.


10. Пабудова клуба чыгуначнікаў на Прывакзальнай плошчы ў Гомелі ў 1932 годзе.


11. Рабфак (рабочы факультэт - адукацыйная ўстанова для рабочых у міжваеннай СССР), арганізаваны ў будынку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі.


12. Вуліца Савецкая ў Гомелі на фота 1930 года:


13. Дзвінскі мост у Віцебску на фатаграфіі 1930 года. У вайну гэтая пераправа была разбурана, і на яе месцы ў 1955 годзе быў пабудаваны Кіраўскі мост.


14. Будаўніцтва элеватара на алейным камбінаце ў Віцебску.


15. Фабрычна-завадская школа пры віцебскай льнопрадзільнай фабрыцы "Дзвіна".


Райцэнтры і пасёлкі.

16. Менш за ўсё на міжваенных фотаздымках захавана невялікіх гарадоў і мястэчкаў. Такім населеным пунктам шанцавала з фатографамі звычайна ў тым выпадку, калі каля іх разгортвалася якая-небудзь грандыёзная будоўля пяцігодкі. Адным з прыкладаў такога вязення з'яўляецца невялікі пасёлак Арэхаўск ў Аршанскім раёне. Ён апынуўся ў цэнтры ўвагі, калі недалёка ад яго ў канцы 1920-х гадоў пачала ўзводзіцца першая Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя, вядомая таксама як БелДРЭС. Тады ж Арэхаўск і ператварыўся ў ўзорны савецкі пасёлак энергетыкаў. Новыя кварталы пасёлка на фатаграфіі пачатку 1930-х гадоў.


17. Бабруйск у гады першай пяцігодкі стаў буйным дрэваапрацоўчым цэнтрам БССР. На фатаграфіі выяўлены клуб для працоўных «Камінтэрн» размешчаны ў будынку адной з бабруйскіх сінагог.


18. Былая палкавая царква ў раёне Бабруйскай крэпасці пераабсталяваная ў сталовую райкама. Фота 1930 года.


19. Школа-сямігодка ў былым палацы Гартынгаў у Дукоры (цяпер аграгарадок ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці). Палац да нашых дзён не захаваўся.


20. Гэтак жа ў былым сядзібным комплексе недалёка ад Віцебску ў 1920-я гады быў арганізаваны сухотны санаторый «Сасноўка». Санаторый на здымку 1932 года.


21. Дом соцкультуры ў Койданава (з 1932 года горад Дзяржынск) падчас VII з'езда Саветаў Койданаўшчыне, які праходзіў у 1932 годзе. Надпіс на транспаранце выкананая па-польску, бо Койданаўскі (пазней Дзяржынскі) раён у 1930-я гады меў статус польскага нацыянальнага раёна, бо ў ім, згодна статыстыкі, пражывала каля 50% палякаў.

Мінск, старыя фота, артыкул, Усходняя Беларусь, Гомель, краязнаўства, Віцебск, публікацыі

Previous post Next post
Up