Усе Леніны горада М

Mar 24, 2016 15:20

Пост прысвячаецца tam_erm і яе даследванням:)

1. Гісторыю з помнікамі Леніну ў Маладзечна можна апісаць слоганам да знакамітага серыяла "Горац" - "У канцы павінны застацца толькі адзін!". Так і адбылося, з усіх статуй правадыру, што знаходзіліся ў горадзе, да нашага часу засталася толькі адна, тая што на Цэнтральнай плошчы. З гэтага Леніна і пачнем расказ:


2. Помнік Леніну на Цэнтральнай плошчы тады яшчэ абласнога цэнтра Маладзечна ўсталявалі ў 1958 годзе. Момант адкрыцця манумента захаваўся на кадрах кінахронікі:


3. Бронзавая скульптура аўтарства народнага мастака БССР Заіра Азгура была ўсталяваная на высокім п'едэстале, абліцаваным чорным мармурам:


4. Помнік быў змешчаны каля ўвахода ў Дом Саветаў (ён жа аблвыканкам). Гэты пафасны будынак пасля ліквідавання Маладзечанскай вобласці ў 1960-м годзе быў перададзены палітэхнічнаму тэхнікуму:


5. У пачатку 1990-х, калі па горадзе прайшла хваля знакавых перайменаванняў вуліц і плошчаў з мэтай іх дэсаветызацыі, мясцовымі ўладамі ставілася пытанне і аб дэмантажы помніка. Тады Леніна выратаваў статус культурнай каштоўнасці дзяржаўнага значэння:


6. У наш час пра дэмантаж ужо нічога і не кажуць. Ленін стаіць дзе стаяў, і як можа стараецца ўпісацца ў сучасны свет і атачэнне - на цёплых ў сонечныя дні мармуровых плітах пастамента любяць адпачываць студэнты, а пляцоўку каля помніка аблюбавалі скейтэры і BMX-роварысты.


7. Помнік на Цэнтральнай плошчы, быў не першым помнікам правадыру пралетарыята ў Маладзечна. У сярэдзіне 1950-х невялая гіпсавая статуя Леніна з'явілася перад маладзечанскай гасцініцай (былы будынак польскага староства 1927 года пабудовы) недалёка ад аўтавакзала:


8. У пачатку 1990-х помнік ад гасцініцы перанеслі да сярэняй школы №9 ў залінейны раён Маладзечна.


9. Там ён пратрымаўся не доўга і да нашага часу знік. На фота фасад СШ №9 (я па шчырасці нават і не ведаю дзе стаяў тут помнік):


10. Яшчэ адзін паўнароставы помнік Леніну стаяў у парку Перамогі каля ўвахода з боку раёна Гелянова.


11. Гэта была гіпсавая копія помніка Заіра Азгура з Цэнтральнай плошчы, праўда з'явалася яна ў парку раней за 1958 год (фота з маладзечанскай суполкі ў "Аднакласніках", дарэчы, там вельмі багаты фотаальбом старых здымкаў горада):


12. Парк Перамогі ў 1950-я. Пасажаныя ў 1946 годзе дрэвы яшчэ малыя, а Ленін яшчэ белы:


13. Фота гэтага ж помніка з 1980-х. Дрэвы выраслі, Леніна пафарбавалі:


14. У пачатку 1990-х Леніна з парка перанеслі да СШ №10 на вул. Б.Хмяльніцкага. Некаторы час месца Леніна пуставала, але ў 2000-я тут з'явіўся помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Перад "дажынкамі" на пляцоўку за мемарыяльным камянём аўганцам ад вуліцы Вялікі Гасцінец перабраўся шматпакутны помнік "Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі", які першапачаткова быў усталяваны на Цэнтральнай плошчы:


15. Каля 10-й гімназіі Ленін прастаяў не доўга. У 2000-я пашарпаны гіпсавы помнік адправілі на рамонт з якога той ужо не вярнуўся. Ленін стаяў перад галоўным уваходам у гімназію, цяпер месца пастамента закладзена пліткай:


16. На гэтым можна было б і закончыць, але акрамя помнікаў Леніну было у Маладзечна яшчэ адно месца з выявай правадыра - дошка гонару на вуліцы Прытыкага каля кінатэатра "Радзіма". Усталяваная тут у 1950-я яна змяшчала два барыльефы і цытаты з Маркса і Леніна. Дошка да нашага часу не захавалася, а яе сучасны аналаг знаходзіцца каля Маладзечанскага палаца культуры:

Молодечно, старыя фота, краязнаўства, Маладзечна, фота

Previous post Next post
Up