Мая першая аповесць

May 22, 2012 13:25

Асцярожна! Тут і далей шмат графаманскага пафасу!
Тры месяцы, 120 тысяч знакаў, адна аповесць.
Калі казаць сцісла, то напісаў я пра тое, як Міхал Клеафас Агінскі ў 1813 годзе на землях маладэчаншчыны змагаецца супраць паўсталых французкіх жаўнераў-зомбі. Я спачатку так і хацеў назваць аповесць - “Агінскі супраць зомбі”, але падумаў, што гэта будзе занадта трэшова (нават, ня гледзячы, на трэшовы сюжэт) і стырыў ідэю назваў яе па-моднаму - 1813 (“Васямнаццаць трынаццаць” і каб трынаццатка абавязкова чырвоным колерам).
Як можна здагадацца, аповесць не гістарычная) Пэўную дзель гістарычнасці я канешне выкарыстаў для стварэння фону, але перадусім было вясёлае рубілава і стралялава з крывёй, кішкамі і пафасам. Карацей, захацелася напісаць тое, што я сам бы з задавальненнем пачытаў, калі б не быў аўтарам.
А пачалося ўсё з таго, што на адной з сустрэч маладэчанскага літаб’яднання “Агмень”, куды я час ад часу пахажываю, маладым паэтам і празаікам (у маёй асобе) было прапанавана нашкрабаць што-небудзь пра Міхала нашага Клеафаса Агінскага і ягоны ўплыў на культурна-асветніцкае жыццё маладэчанскага рэгіёну. Я, увогуле, дрэнна стаўлюся да ўсялякай пісаніны на “зададзеную тэму” (таму ў школе па бел./рус.літу ў мяне былі ганаровыя 5 з 10 балаў) і падумаў тады, што калі я і напішу пра Агінскага, то ў маім тэксце гэты Агінскі будзе калашмаціць орды замбей налева і направа шабляй ды пістоляй. Тады я адклаў гэтую задуму ўбок (хацеў аповяд напісаць, але рукі ўсё не даходзілі). І вось амаль праз год пасля той сустрэчы ў рукі мае патрапілася цудоўная кніга (некаторыя могуць ужо і здагадацца якая) “Авраам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў”. Прачытаўшы яе, я падумаў, што і сам магу напісаць трэшачок нічым не горшы і рашыў заняцца плагіятам, тыраннем ідэй, скокамі на костках гістарычных асоб стрэсці пыл са сваёй задумы аб Агінскім і замбях. І вось праз нейкіх жаласных тры месяцы (вялікая форма даваласе мне цяжкавата) аповесць маёй мары месціцца на хардзе майго кампа. 
Я адразу як самы сапраўдны графаман адправіў яе ва ўсе беларускія выдавецтвы, чые адрэсы можна было знайсці праз нэт і цяпер сяжу, чакаю адказаў)
Калі вы яшчэ не стаміліся, то для цікаўных выкладаю першую частку/зачын гэтай сваёй аповесці:


1813Быў сонечны дзень 25 лютага 1813 году.
Сонца прамянілася на ўсю моц, але на вуліцы панаваў мароз. Зіма нібыта прадчувала хуткі канец і таму збірала апошнія сілы, каб даказаць зямлі сваё права на ўладу. Усе дрэвы з рання пакрыліся шэранем, свежы снег, што выпаў уначы, сляпіў халодным бляскам. Холад кусаў за нос і шчокі, стараўся прабрацца пад вопратку.
Адзінокі вершнік, што павольна рухаўся па замеценай дарозе да лесу, нервова падштурхоўваў каня. Жывёла марудна пасоўвала нагамі па глыбокім снезе і не хацела слухацца. З яе ноздраў, пакрытых белым налётам, часта вырываліся клубы пары.
- Но, пайшоў, - падганяў раззлаваны вершнік, але конь замест таго каб паскорыцца, наадварот стаў на месцы.
Міхал Клеафас Агінскі не здагадваўся, што стары Бакас не проста лянуецца ці стаміўся, а насамрэч смяротна баіцца ісці далей. Жывёльная натура каня адчувала небяспеку, што таілася ў цемры, за покрывам лясных галін. Смяротную небяспеку, як для каня, так і для небаракі вершніка.
Конная прагулка па родных мясцінах, як у старыя добрыя часіны - што можа быць лепей! Міхал марыў аб гэтым з таго самагу часу, як перабраўся ў Санкт-Пецярбург на пасаду сенатара. Нават калі тлум і клопаты сталічнага жыцця цалкам займалі розум графа, у сэрцы яго заўжды заставалася месца для яскравых успамінаў юнацтва. Не пакінуў ён сваёй мары і падчас вайны, што непасрэдна закранула яго малую радзіму. Як толькі баявыя дзеянні выйшлі за межы Імперыі і пакаціліся вогненнай хваляй на захад, немалады ўжо Агінскі адкінуў дзяржаўныя справы і на злом галавы рынуўся ў шлях. Далей ад сталіцы, на землі роднай Віленшчыны, у маладэчанскі замак да дзядзькі. Тыдзень у кібітцы, бясконцыя дарогі, паштовыя станцыі, палі і лясы, ночы пад зорным небам, гарады і мястэчкі, вайсковыя кардоны. І вось ён тут.
Міхал пісаў у лісце да жонкі Марыі:
“Мяне чакала расчараванне. Мне дагэтуль горка думаць аб гэтым.
Тое, чым прывітала мяне родная старонка, ўразіла ў вышэйшай ступені непрыемна. Усё, што мы з табой ведалі пра вайну са сталічных газет, не адпавядае і дзесятай дзелі праўды аб тым, што адбылося тут насамрэч.
Спачатку шлях па рускіх губерніях засмучаў мяне. Здавалася, мы будзем ехаць бясконца. Але як толькі мы перасеклі межы Краю ў маёй душы прасвятлела. Я адчуў, як бадзёрасць забруілася ў маіх жылах, нібыта паветра Радзімы вярнула мяне ў гады маёй маладосці. Апошнія вёрсты ад Полацака я загадаў вазніцы ехаць без перапынкаў. Мы ляцелі цэлы дзень і ўвечары дабраліся да Будслава, дзе змянілі коней. Уначы мы праскочылі Вялейку і на світанку я быў у замку. Ніхто не чакаў мяне там. Усе былі здзіўленыя, але вельмі рыдыя майму прыезду. Напэўна той ліст, што я паслаў дзядзьку перад выездам, затрымаўся ў дарозе і я абагнаў яго. Прыняўшы мяне, стомленнага і змерзлага, дзядзька загадаў слугам тапіць лазню і накрываць на стол. І няхай мая душа імкнулася хутчэй павітацца з роднымі землямі, я з радасцю прыняў дзядзькава запрашэнне.
Каб прывітаць мяне, дзядзька запрасіў да сняданку ўсіх насельнікаў замку, у тым ліку пакаёвых і дваровых слуг. Але гэта не так шмат людзей, як можа здавацца. Я сядзеў побач з гаспадаром і старым замкавым кашцялянам Юзафам Шыдлоўскім, каторы спрадвеку служыў у дзядзькі.
Дзядзька быў у гуморы, не раз ён падымаў поўны кубак і зычнае “Віват Міхале!” узносілася да высокай столі замкавай гасцінай. Пра сябе я адзначыў, што дзядзька заўважна пастарэў. Я памятаў яго поўным сіл мужчынам, а цяпер бачыў асунутага і сівога старога. Разам з дзядзькам пастарэў і замак. У гасцінай паўсюль трапляліся сляды заняпаду. Ад свячнога чаду завэндзіліся столя і шкло ў вокнах. На сценах праступілі шчыліны, а ў некаторых месцах адвалілася тынкоўка. Скасабочаная пашараваная мэбля патрабавала хутчэйшага рамонту.
Пад’еўшы і сагрэўшыся, я выказаў дзядзьку сваё жаданне пранесціся конна па палях юнацтва. Дзядзька адказаў, што гэта не самая лепшая ідэя, тым больш улічваючы мой цяперашні узрост. Ён прыняўся адгаворваць мяне ад маёй зухаватай блазноты. Да яго далучыўся кашцялян Шыдлоўскі. Але я быў непахісны. Сядлай лепшага каня, Юзік - сказаў я. Так па-свойску я нызываў кашцяляна з дзяцінства. Дзядзька і Юзаф разам змоўклі. Тады мяне напаткала першае глыбокае расчараванне гэтага цяжкага дню.
Памятаеш, любая, колькі я расказваў табе пра знакамітую дзядзькаву канюшню? Пра статных, хуткіх, прыгожых коней, якіх дзядзька збіраў па ўсім свеце. Памятаеш, як я хлапчуком прабраўся туды, скраў лепшага варанога скакуна і цэлы дзень лётаў па сенажацях, ловячы рукамі вецер? А потым атрымаў такіх бізуноў, што хадзіць тыдзень не мог.
Яе больш не было. Дзядзька расказаў, што спачатку французкія войскі, што ішлі праз Маладэчна на Маскву рэквезіравалі, а па-просту адабралі на патрэбы арміі самых лепшых дзядзькавых коней. Потым імперскія войскі, што гналі Напалеона на захад, рэквезіравалі рэшту. Застаўся толькі стары конь па мянушцы Бакас, якому было добра за дзясяць гадоў і які праз гэта нікому не спатрэбіўся.
Юзаф правеў мяне да спусцелых стойлаў канюшні, дзе загадаў маладому конюху Ерымею рыхтаваць Бакаса да выезду. Старое завэдзганае сядло доўга не хацела прымацоўвацца да правіслай спіны каня. Кашцялян спытаў, ці не перадумаў я, і пачуўшы адмоўны адказ, перахрысціў мяне. Праз некалькі хвілін я быў за межамі замку і ехаў у бок Маладэчна.
Мястэчка сустрэла мяне цішынёй і горкім пахам пажару. Гэта было жахліва. Месца маёй маладосці ператварылася ў суцэльнае папялішча. Поўтузіна каменных будаў сярод руінаў - вось і ўсё Маладэчна.
Я ехаў па спустошаных вуліцах і глядзеў навокал. Там сям сярод занесеных снегам спаленых хат курыўся дымок. Я бачыў уваходы ў зямлянкі, бачыў шалашы з аппаленых бярвенняў, намёты. Нехта працягваў жыць у мёртвым мястэчку. Некалькі разоў мне трапляліся мінакі, якіх цяжка было прыняць за людзей. Проста нейкія камкаватыя гурбы рыззя, што бадзяліся па вуліцы без справы, без накірунку. Мне запомніліся вострыя халодныя вочы дзіцёнка, што спыніўся ля збочыны і доўга праводзіў позіркам мяне і майго каня. Я не мог нічым ім дапамагчы.
Вайна прайшлася па мястэчку агнём і мечам. Як пазней расказваў дзядзька, ля Маладэчна і ў самім мястэчку адбылася адна з апошніх бітваў Вялікай вайны. Не менш жорсткая чымся іншыя. Імперскія бамбардзіры дзень абстрэльвалі пазіцыі французаў, спаліўшы такім чынам большасць хат у мястэчку. Балазе, што дзядзькаў замак знаходзіцца наводдаль ад паселішча, ад артабстрэлу ён не пацярпеў. Потым была сеча. Змучаныя бясконцым адступленнем напалеонаўскія войскі далі бой на полі ля Вушы. Дзядзька казаў, што там і цяпер пад снегам ляжаць сотні непахаваных салдатаў Вялікай арміі Напалеона.
Я ехаў па мястэчку і вочы мае напаўняліся слязмі. Ты ведаеш, родная, што падчас душэўных патрасенняў я больш здольны да стварэння музыкі. Але тая мелодыя, што нараджалася ў маім сэрцы пры назіранні разбурэнняў, не для старонніх слухачоў. Яна назаўжды застанецца са мной, разам з маім смуткам і болем.
Ля паскубанага гарматамі будынку кляштара я пабачыў натоўп. Там манахі-трынітарыі, што знаходзіліся ў мястэчку часам усёй вайны, зарганізавалі раздачу гарачай поліўкі. Цёмныя фігуры выжылых местачкоўцаў ціснуліся да цмянай цеплыні вогнішчаў. Гэта быў адзіны светлы прамень сярод цемры расчараванняў. Я рашыў выказаць падзяку манахам за іх самааданнасць ад імя імператарскай улады, якую я па вялікаму рахунку тут прадстаўляў. Але ў той дзень я гэтага зрабіць не мог.
Калі я вярнуўся ў замак, то нікога не хацеў бачыць. Я замкнуўся ў пакоі для гасцей і без сну праляжаў на ложку да вечару. Пасля я спусціўся ўніз. У гасціннай ужо рыхтаваліся да вячэры. Я захацеў падзяліцца сваімі уражаннямі з дзядзькам і змог падрабязна распытаць яго пра жыццё пад час вайны.“
Наступнай раніцой Міхал рашыў выправіцца конна ў бок лесу, далей ад разбуранага мястэчка. Але з-за ўпартасці старога Бакаса і гэтая прагулка сталася сапсаванай.
- Абадай цябе, - вылаяўшыся, Агінскі саскочыў з каня. Бакас працягваў стаяць і глядзець немігаючы на дрэвы, - Сам прайдуся.
Міхал прайшоў усяго некалькі крокаў і забурыўся тварам у глыбокі снег. Падымаючыся, граф Агінскі гучна прыгадаў некалькі асабліва яскравых выразаў з тых, што чуў ад сталічных рамізнікаў. Затым атрос кажух і азірнуўся. У тым месцы дзе яго нага напаткала перашкоду, з-пад снегу выторквалася штосці даўгаватае. Міхал прыглядзеўся - гэта была чалавечая рука. На імгненне Агінскаму падалося, што скручаныя бялявыя пальцы цягнуцца да яго, каб схапіць за штаніну. Міхал мімаволі адступіўся. Рука была нерухомай.
Агінскі спатыкнуўся аб акачанелы труп аднаго з соцен забітых жаўнераў, пра якіх расказваў дзядзька. Міхал схіліўся над целам, каб уважлівей яго разглядзець. Французкі грэнадзёр, граф вызначыў гэта па чырвонаму колеру эпалетаў. Сіні мундзір быў двойчы прадзіраўлены і абрынданы нечым чорным. Так абазначыліся месцы дзе кулі ўвайшлі ў цела. Міхал не раз такое бачыў падчас паўстання. Твар нябожчыка, абязвечаны грымасай болю, пакрыўся шэранем. Расплюшчаныя вочы на марозе ператварыліся ў два шэрыя лядашы. На руцэ салдата не хапала безыменнага і мезенцу. Спачатку Агінскі падумаў, што гэта марадзёры адсеклі іх разам з пярсцёнкамі, але углядзеўшыся, зразумеў, што пальцы былі наўпрост вырваны з далоні разам з добрым кавалкам мяса. Графу стала млосна. Ён адвярнуўся ад нябожчыка і паглядзеў у бок лесу.
Дрэннае прадчуванне пачало нараждацца ў Міхалавай душы. Яму падавалася, што лес, да якога ён так імкнуўся зранку, хавае ў сваіх цёмных глыбінях нешта злое і небяспечнае. Здавалася, што ў любы момант з-за завесы галін, на поле да адзінокага путніка можа выскачыць… Агінскі не мог да канца абазначыць свае страхі, але адно ён ведаў дакладна - яму хацелася як мага хутчэй пакінуць гэтае месца.
У момант калі Агінскі ўскочыў на каня і накірававаў Бакаса на зваротны шлях да замку, пальцы памерлага французкага жаўнера здрыгануліся. Пакалечаная далонь самкнулася ў выродлівы ў сваёй няпоўнасці кулак. Але гэтага граф ужо не пабачыў.

Молодечно, творчасць, аповесць, Маладзечна, Mołodeczno, фантастыка

Previous post Next post
Up