Марсіянін / The Martian (2015)

Oct 09, 2015 17:32



Ёсць экранізацыі, якія выкарыстоўваюць з кнігі толькі фабулу і пару-тройку герояў, а ў астатнім маюць вялікія адрозненні з першакрыніцай (такіх, пэўна, больш), ёсць экранізацыі, якія далёка не адыходзячы ад сюжэта кнігі пашыраюць і нават паляпшаюць яе свет (асабістае адкрыццё года тое, што кніга "Форэст Гамп" ў параўнанні з фільмам такі шлак і прахадняк, што я шчыра захапляюся, як Зэмэкісу ўдалося зрабіць на яе падставе кінашэдэўр), а ёсць даслоўныя экранізацыі. "Марсіянін" Рыдлі Скота як раз такая экранізацыя. Тэкст Эндзі Вэйра "перакладзены" на мову кіно вельмі дакладна, а месцамі ўвогуле радок у радок. Я не магу сказаць добра гэта ці дрэнна, але мне, як гледачу, які прачытаў першакрыніцу, было цяжка ўспрымаць фільм "Марсіянін" за самастойны твор. Для мяне ён стаў ілюстрацыяй. Гэткім дадатковым матэрыялам да тэксту, яскравым, але не абавязковым. Так, безумоўна, Эндзі Вэйр напісаў свайго "Марсіяніна" вельмі па-галівудску, я калі чытаў раман уяўляў, што гляджу кіно і гэта, па-мойму, было плюсам кнігі. Падчас прагляду фільма "Марсіянін" я адчуваў што нібыта чытаю, ці дакладней перачытваю кнігу, і гэта - мінус фільма. Мінус, не толькі з-за "спойлераў", якія былі вычытаны ў кнізе раней, але і з-за таго, што такі дакладны перанос тэкста на экран не дае адчуць момант творчасці рэжысёра.

Трохі пра візуальны шэраг. Калі шчыра, я не адчуў у кінастужцы яе 100 мільёнаў бюджэту: у марсіянскіх пейзажах адчувалася прысутнасць кампутарнай графікі не самага лепшай якасці, марсіянскі транспарт героя ў некаторых сцэнах выглядаў як 3D-мадэль з тэлеперадач па "Дыскаверы". Гульня актораў на узроўні, але там апрыёры ніякіх выкрутасаў і не прадугледжвалася, героі кнігі і фільма даволі сярэднепрапрацаваныя персанажы, а не гамлеты. Кастынг таксама нармальны: усміхнуўся ў адной са сцэн з Шонам Бінам (ён і ў гэтым фільме не памірае), герой якога прысутнічаў на нарадзе праекта "Элронд" па вызваленню забытага на Марсе касманаўта. Я ўвесь час чакаў, што ён скажа "нельга так проста ўзяць і запусціць ракету", але не:)

Выснова, калі вы чыталі кнігу то на фільм можаце смела не ісці, нічога новага вы там не пабачыце.

меркаванне, кіно, фантастыка

Previous post Next post
Up