Пачынаем друкаваць матэрыялы зборніка «Трансфармацыі ментальнасці беларусаў у XXI ст. «, які быў выдадзены да
аднайменнай канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску 24 лістапада 2013 года. Падаем вам прадмову да зборніка, з якой на канферэнцыі выступіў навуковы сакратар ІБГіК Анатоль Тарас.
Інстытут беларускай гісторыі і культуры (ІБГіК) у сакавіку 2013 года пачаў выконваць даследчы праект пад агульным назовам “Дэмакратычны транзіт: ад камуністычнай дыктатуры да ліберальнай дэмакратыі”. ххх
Мэты праекту:
- Прыцягнуць увагу інтэлектуальных сіл краіны да праблемы мэтанакіраванага фармавання нацыянальнага менталітэту;
- Спрыяць паскарэнню і паглыбленню працэсу трансфарамцыі калектыўнай свядомасці грамадзян Беларусі;
- Пашырыць круг экспертаў, здольных выпрацаваць і рэалізаваць эфектыўныя стратэгіі і методыкі фармавання ментальнасці грамадзян Беларусі, адпаведнай выклікам эпохі глабалізацыі і дэмакратызацыі.
Праект складаецца з чатырох асноўных этапаў (або частак):
1) Вывучэнне ментальнасці жыхароў Беларусі ў цяперашні час;
2) Вывучэнне асаблівасцяў дэмакратычнага транзіту ў еўрапейскіх постсавецкіх (Украіна, Грузія, Расія, Летува, Латвія, Эстонія, Малдова) і постсацыялістычных (Польшча, Чэхія, Вугоршчына, Румынія, Балгарыя) дзяржавах;
3) Выяўленне сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва, здольных ажыццявіць дэмакратычны транзіт у Беларусі і азначэнне тыповых сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцяў такіх груп;
4) Азначэнне стратэгіі, тактыкі, форм і метадаў дзеянняў гэтых груп з мэтай ажыццяўлення дэмакратычных перамен у грамадстве.
Кожны з этапаў праекту павінен завяршацца правядзеннем навукова-практычнай канферэнцыі, выданнем зборнікаў дакладаў удзельнікаў канферэнцый, складаннем аналітычнай даведкі.
Дадзеная канферэнцыя завяршае першы этап праекту.
Падчас канферэнцыі мы засяродзімся на абмеркаванні наступных важных тэм:
1. Характарыстыкі нацыянальнага менталітэту грамадзян Беларусі ў пачатку XXI стагоддзя (па матэрыялах пэўных даследаванняў сацыёлагаў, культуролагаў і іншых навукоўцаў).
2. Агульны вектар і характэрныя асаблівасці трансфармацыі ментальнасці грамадзян Беларусі ў сучасны перыяд.
3. Роля і магчымасці інтэлектуалаў (нацыянальнай інтэлігенцыі) у кіраванні працэсам трансфармацыі ментальнасці грамадзян Беларусі.
ххх
Неабходна для пачатку сказаць некалькі слоў аб тым, як мы разумеем ментальнасць.
Ментальнасць - гэта агульная скіраванасць і канкрэтныя асаблівасці мыслення асобных індывідаў, малых груп людзей, сацыяльных пластоў грамадства (якое складваецца з гэтых пластоў, малых груп і асобных індывідаў). Галоўнымі характарыстыкамі ментальнасці з’яўляюцца так званыя “карта сусвету”, “стыль мыслення” і “кодэкс паводзін”, шчыльна звязаныя паміж сабою.
Ментальнасць грамадзян кожнай пэўнай краіны фармуецца на мікраўзроўні чалавечага асяроддзя. Таму яе вызначаюць дзве лініі чыннікаў. З аднаго боку, на чалавека ўздзейнічаюць сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці тых малых груповак, чальцом якіх ён з’яўляецца. З іншага боку - сістэма адукацыі і грамадскага выхавання, асаблівасці сацыяльна-эканамічных структур (у якія залучаныя чальцы малых груп), уздзеянне СМІ, цэрквы, масавых форм мастацтва і г.д.
Радыкальныя ператварэнні ва ўсіх сферах палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця грамадства пасля распаду СССР пацягнулі за сабою найсур’ёзнейшыя якасныя змены ранейшай цывілізацыйнай парадыгмы. Пры гэтым грамадскія трансфармацыі - з аднаго боку, і разбурэнне так званай “савецкай ментальнасці” - з іншага боку, выклікалі ва ўсіх “новых старых” постсавецкіх краінах упарты супраціў значнай часткі грамадзян сацыяльным навацыям.
Усё сказанае прысутнічае і на Беларусі. Акрамя таго, з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе і па сёння беларускае грамадства застаецца пад масіраваным расійскім палітычным, культурнага і сацыяльна-эканамічнага ўздзеяння. Расійскі ўплыў у паказанай сфэры істотна пераважае над уздзеяннем Аб’яднанай Эўропы.
Гэтыя чыннікі запавольваюць і ўскладняюць працэс рэфармавання беларускага грамадства ў дачыненні да глабальных выклікаў XXI стагоддзя.
Адсюль - прынцыповае значэнне і жыццёва неабходнасць вывучэння ментальнасці грамадзян Беларусі ў бягучы гістарычны перыяд. Для скарэйшай змены агульнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў бок яе дэмакратызацыі і гуманізацыі неабходна:
- Усталяваць тыповыя асаблівасці ментальнасці розных сацыяльных груп насельніцтва;
- Вызначыць агульны кірунак, асаблівасці і тэмпы яе трансфармацыі;
- Выявіць сацыяльныя групы, якія непасрэдна ўплываюць на працэс фармавання менталітэту;
- Распрацаваць на гэтай аснове агульную стратэгію і пэўныя методыкі кіравання працэсам трансфармацыі ментальнасці ў жаданым кірунку.