Знак Чарадзея. Водблеск Традыцыі, альбо Чарадзеяў троп губляецца ў ляберынтах Хесі-Рэ.(Заканьчэньне)

Dec 09, 2013 21:34




(Частка другая і апошняя)

Мяркую, што калі скласьці усё, што напісана ў інтэрнэце  пра плято Гіца  і піраміды на ім,  дый скласьці з ужо выдадзеным на гэтую ж тэму на паперы, то пэўна атрымаем аб’ём сувымерны з аб’ёмам саміх пірамідаў. Але ў гэтым акіяне інфармацыі ў нас ёсьць свой компас, падараваны князем Усяславам.

Каб упэўнена рухацца нам далей, мае сэнс ўдакладніць об’ект вывучэньня. А дакладней, што ацалела праз пакручастыя тысячагодзьдзі і дасталося ў спадчыну Чалавецтву ад багатае спадчыны першых дынастый Старажытнакопцкага царства? Зробім невялікую папярэднюю “інвэнтарызацыю” забудоваў на плято Гіца.  Як бачна на аэракасьмічным здымку (Мал. 25. у першае частцы) ці плане Мал. 26., ніжэй, асноўнымі аб’ектамі ёсьць Вялікая піраміда (альбо піраміда Хеопса), яна самая ніжняя (паўночная). Зьлева, на Ўсход ад яе, знаходзяцца тры аднолькавыя маленькія піраміды (“піраміды царыцаў”) і маленькая дадатковая пірамідка пры яе паўднёва-ўсходнім вуглу.

Амаль на падаўжэньні дыяганалі Вялікае піраміды, ў цэнтры плято месьціцца Сярэдняя піраміда (Хэфрэна), што мае толькі адну маленечкую дадатковую піраміду, якая знаходзіцца яе восі сімэтрыі з паўднёвага боку. Гэтая пірамідка практычна зруйнаваная.

Трохі асабняком ад дзьвух вялікіх пірамідаў, далей па дыяганалі на паўднёвы захад, знаходзіцца Малая піраміда (Менкурэ). Яе падэшва ня ёсьць квадрат, але блізкі да яго прамакутнік.

І замыкаюць гэты шэраг тры “малыя піраміды царыцыў” на Поўдзень ад Малое піраміды.

“Пахавальны шлях” Сярэдняе піраміды  пачынаецца аж трыма храмамі: уласна Ніжнім храмам-прыстанью, храмам Вялікага Сфінкса і малым храмам Сфінкса больш позьніх дынастый. Непасрэдна за храмамі, на Поўнач ад пахавальнага шляху і знаходзіцца самы знакаміты манумэнт нашае плянэты - Вялікі Сфінкс.

Кожная з памянёных асноўных пірамідаў (Вялікая, Сярэдняя і Малая) мае таксама з усходняга боку храмавую прыбудову, ад якой ідуць дарогі вырабленыя з вапняковага каменю, да “берагавых, ніжніх  храмаў”, што былі калісьці пабудаваныя на беразе Нілу як храмы-прыстані для чаўноў і вадаплаваў. На думку эгіптолягаў, усе гэтыя пабудовы маюць пахавальна-рытуальны сэнс, дый ўсё плято ёсьць старажытным кладбішчам са шматлікімі пахаваньнямі і пірамідамі - нэкропалямі, ў якіх перахоўваліся муміі цара Хеопса, яго сына і ўнука, а таксама іх жонак. Вось, уласна, і ўсё асноўнае. Меньшыя пабудовы ляжаць ў руінах і засыпаныя пяском.

Канешне, нават з першага погляду на здымак адчуваюцца пэўныя ўзаемасувязі паміж складнікамі гэтага “гіганцкага кладбішча-нэкропаля”. Старажытнае кладбішча - тое дакладнае вызначэньне, бо навокал пірамідаў знаходзяцца тысячы дробных пахаваньняў. Гэта толькі ў саміх пірамідах не знойдзена не толькі малюнкаў, але і аніякіх сьлядоў наяўнасьці якіх кольвек мумій ці іх парэшткаў.

Лічыцца, што кожную піраміду пачыналі будаваць пры атрыманьні царом улады і павінны былі законьчыць “рэалізацыю праекту” да яго сьмерці. З аднаго боку, такое меркаваньне эгіптолягаў спараджае праблемы для аналіза тэхналёгіі вытворчасьці працаў, бо вымагае нечуваных і немагчымых нават для сучасных мэтадаў  будаўніцтва і тэхнічнага ўзроўню інтэнсіўнасьці будаўнічых работ. А з іньшага боку, пры такім падыходзе, плято мусіла забудоўвацца паступова і, ў пэўнае ступені, хаатычна - без дай якое каардынацыі паміж папярэднім і наступным будаўніцтвам.

Тэарэтычна мог існаваць і агульны “доўгатэрміновы праект забудовы”, але на хуткасьць будаўніцтва тое аніяк не адбілася б. Да таго ж ён зьмяшчаў бы ў сабе  толькі агульную архітэктурную пляніроўку. Разьмяшчэньне малых і сярэдніх аб’ектаў было б прывязана ўжо да іх і мела б разнабой ў стылях, бо рабілася б зь інтэрвалам ў дзесяткі, а то і сотні год. То бок, хаатычнасьць забудовы павялічвалася б для драбнейшых аб’ектаў. Паспрабуем высьветліць самастойна, ці існуюць, прынамсі, агульныя для ўсяго плято, геамэтрычныя залежнасьці ў канфігурацыі архітэктурных складнікаў забудовы на плято і іх элемэнтаў.

Навідаваку ёсьць толькі агульная проставугольна-квадратная кампаноўка ўсіх элементаў і адпаведная іх дыяганальныя скіраванасьць. Каб жа адказаць на нашае пытаньне, выглядае лягічным скарыстацца тапаграфічнымі плянамі з геадэзічнаю здымкаю гэтае мячцовасьці. Гэтую простую і файную рэч аказалася зрабіць не так проста. І толькі з аднае-адзінае прычыны: пляны рабіліся для розных мэтаў рознымі спецыялістамі і таму дакладна перадаюць толькі частку мясцовасьці. Карацей, розныя пляны ў дэталях не адпавядаюць поўнасьцю адзін аднаму і ўсе разам - аэрафотаздымкам. Я прывык давяраць тапаграфічным плянам, але ў дадзеным выпадку тое было памылкаю. Вытокі гэткага становішча я аналізаваць не зьбіраюся, як і хібы кожнага з даступных у інтэрнэце плянаў. Але праз тое згублена не адзін месяц часу.

На мал. 26. паказаныя вынікі папярэдняга графічнага аналізу суадносінаў элементаў забудовы плято Гіца.  Шчыра кажучы, я змушаны быў скарыстацца гэтым плянам з сайту www.piramiedenbau.de таму, што толькі на ім  паказаны ніжні, знішчаны ўжо ” ўзбярэжны храм” Вялікае піраміды. Парэшткі і фундамэнт гэтага храму былі выпадкова знойдзенцыя пры пракладцы гарацкое каналізацыі. Яго хуценька адкапалі, абмерылі і … каньчаткова зруйнавалі.

Мае прэтэнзіі да гэтага пляну зьвязаныя з “пасадкаю” на ім Малое піраміды. Зрэшты, я не выключаю, што “картаграфічныя беды” ёсьць не выпадковымі - тое могуць быць наўмысныя скажэньні, як абарона ад рознага кшталту “скарбашукальнакаў”. Таму прашу не здзіўляцца, калі адныя і тыя ж пабудовы раблю я і на геадэзічным пляне і аэрафотаздымку - двойчы. Часам - зь вельмі адрознымі вынікамі.

Але вернемся да нашага мал. 26. На ім жоўтым колерам пазначаныя вышэйпералічаныя складнікі забудовы плято Гіца. Вялікі Сфінкс - чырвоным. Як вынікае з малюнку, паўднёва-ўсходнія куты ніжніх храмаў Вялікае і Малое піраміды, як і храма Сфінкса, ляжаць дакладна на адной простае лініі.  Да таго ж, я мяркую, што старажытныя копты ня мелі лепшае магчымасьці дакладна захаваць нейкі накірунак на мясцовасьці, як пазначыць яго пабудоваю трох аднолькавых пірамідаў, што ляжаць на адной прамой. Такіх “пазначэньняў” у нас два: каля Вялікай (скіраваных па лініі Поўдзень - Поўнач) і каля Малой (скіраваных па лініі Ўсход - Заход) пірамідаў. Я падоўжыў лініі восяў гэтых груп пірамідак і яны перасякліся зь “лініяй вуглоў ніжніх храмаў” у аднае кропцы. Не выклікае сумневаў, што такое супадзеньне ня можа быць выпадковым.

Выкарыстаем гэтую кропку як адзін з гіпатэтычных цэнтраў  кругавое сімэтрыі забудовы на плято, г зн. прымем за цэнтар групы акружнасьцяў на якіх ляжаць пэўныя кропкі. На малюнку дугамі такіх акружнасьцяў пазначаныя супадзеньні характэрных кропак аб’ектаў. Напрыклад, цэнтар Вялікае піраміды ёсьць “кругасімэтрычны” паўднёва-заходняму куту Малое піраміды (то бок, знаходзяцца на аднолькавае адлегласьці ад нашага цэнтра кругу) і г.д.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што дарога ад ніжняга храму да Вялікае піраміды, ў адрозьненьні ад іньшых, пабудаваная не па аднае простае лініі, а мае ў свае ніжняя траціне “калена”, павёрнутая на пэўны вугал. Калі ж падоўжыць першапачатковы напрамак, то такая лінія пройдзе дакладна праз  паўднёва-ўсходні вугал паўднёвае дадатковае скрайнепаўднёвае піраміды (каля Вялікае піраміды), далей - праз паўднёва-ўсходні кут храма пры Сярэдняе пірамідзе і далей - праз цэнтар Малое піраміды і паўночна-заходні кут скрайнезаходняе дадатковае піраміды (пры Малое пірамідзе). Кропка ж сячэньня гэтаю “зачараванаю” лініяю гарызантальнае восі (Усход-Захад) дадатковых пірамід пры Малое пірамідзе ёсьць кругасімэтрычнаю кропцы праекцыі лініі паўночнага краю адмосткі Вялікае піраміды на вертыкальную вось (Поўнач - Поўдзень) яе дадатковых пірамідаў. На малюнку яны зьвязаныя дугой найбольшага радыюсу. То бок, гэтыя кропкі даюць нам межы забудовы ў выглядзе квадрату адпаведных памераў. На малюнку яго бакавіны пазначаныя суцэльнымі лініямі чорнага колеру. Кропка перасячэньня яго дыяганаляў (пазначаныя мелкаштрыхавою лініяй) дае яго цэнтар. Ён знаходзіцца на восі сімэтрыі падэшвы Сярэдняе піраміды, прыкладна на палове адлегласьці ад цэнтра Сярэдняе піраміда да яе ўсходняе бакавіны і пазначаны чырвонаю кропкаю.



Мал. 26. Сучасны абагульнены геадэзічны плян плято Гіца.

Пасьля “калена” “пахавальная дарога” ідзе да храму пры Вялікае пірамідзе пад тым жа вуглом ад напрамку на Ўсход, што і дарога ад ніжняга храму Сярэдняе піраміды да яе самой, але ёсьць скіраванаю ў процілеглы бок ад гэтага напрамку. Гэта значыць, што абедзьве “дарогі” ёсьць тут сімэтрычнымі адносна гарызантальнага, шыротнага накірунку. Падоўжыўшы іх напрамкі на Захад (што зроблена чорнымі штрыхавымі лініямі), за ўласна піраміды, да перасячэньня, мы атрымаем кропку, празь якую праходзіць вось (Усход - Захад) іх сімэтрыі. У межах пагрэшнасьці нашых графічных пабудоваў, яна супала з лініяю паўночнага краю адмосткі каля Сярэдняе піраміды. Да таго ж тая кропка перасячэньня напрамкаў дарогаў знаходзіцца на аднае лініі з цэнтрам заходняе дадатковае піраміды каля Малое піраміды (прынамсі на гэтым пляне).

Пералік відавочных ўзаемазалежнасьцяў графічных элементаў пляну завяршае цэнтар маленькае дадатковае піраміды пры Сярэдняе пірамідзе. Калі пабудаваць акружнасьць, радыюса адлегласьці ад цэнтра гэтае пірамідкі да паўночна-ўсходняга, бліжняга вугла Малое піраміды, то яна пройдзе як раз праз кропку выхаду пахавальнае дарогі ад верхняга храму пры Малое пірамідзе і далей - праз паўночна-ўсходні вугал храма пры Сярэдняе пірамідзе, таксама як і праз абодва паўночныя куты гэтае піраміды. Паміж імі яна мае таксама агульную кропку, датыкаецца, да восі (Усход-Захад) сімэтрыі пахавальных дарог Вялікае і Сярэдняе пірамідаў.

Дадам яшчз, што гэтая вось сімэтрыі адбівае ад нашага асноўнага квадрату забудовы простакутнік (яго бакавіны вылучаныя чырвоным пункцірам), плошча якога адносіцца да плошчы гэтага квадрата ў “залатое” прапорцыі. Згодна законам сімэтрыі, лінія паўднёвага краю адмосткі Сярэдняе піраміды, таксама адбівае дакладна такі ж простакутнік у процілеглым кірунку. На гэтым занудны пералік геамэтрычных асаблівасьцяў скончаны.

Пералічанага вышэй ўжо дастаткова, каб сьцьвярджаць, што гэта не проста некропаль, выпадкова і хаатычна забудаваны, але гэта ёсьць адзіны архітэктурны комплекс, што нясе ў сабе пэўную графічную ідэю і мае дакладную прастору вырашэньня. Без адзінага пляна, дакладнага і падрабязнага пабудаваць такі комплекс было б проста немагчыма.

Але што рабіць, калі ва ўсім нельга пакласьціся на звычайны геадэзічны плян і, адпаведна, геамэтрычныя пабудовы на таком груньце, як і на любыя  дадзеныя, што трэба пераправяраць па розных іх варыянтах. Да таго ж, які крытэр іх сапраўднасьці? На шчасьце, існуюць аэра- і спутнікавыяфотаздымкі, што дазволяе знайсьці выйсьце.

Пасьля доўгіх пошукаў і параўнаньняў, дзеля гэтага, абраным быў за эталён аэрафотаздымак, падобна канца пяцідзесятых - пачатку шасьцідзесятых гадоў і ён стаўся маім “шэрпам-правадніком” у краіну старажытных коптаў. Вырашальным ў такім выбары было тое, што гэты чорна-белы здымак зроблены адным куском ў час, калі яшчэ не існавала графічных кампутарных праграмаў і ўсе тагачасныя  “вылічальныя магутнасьці планэты” зарас звычайны школьнік мае ў сваім кампутары. То бок, ён даставерны і зроблены з малым вуглом ухіленьня ад вертыкалі. Гэта значна адбіваецца на перадачы вертыкальных памераў высокіх аб’ектаў, уласна пірамідаў, але гарызантальныя - ёсьць амаль аўтэнтычнымі. Велічыня такое памылкі ў дадзеным выпадку на пляне меньшая, чымся пагрэшнасьці наступных графічных пабудоваў на ім. Гэта ёсьць цалкам задавальняючым.

Але, каб зрабіць тыя графічныя пабудовы, трэба знайсьці цэнтр і межы падэшваў кожнае піраміды. Ясная справа, цэнтр ляжыць на перасячэньні дыяганаляў падмурку кожнае піраміды. Каб зрабіць малюнак чытэльным, контуры падэшваў пірамідаў падведзеныя карандашнымі лініямі, а “альтэрнатыўныя трохкутнікі” падмуркаў затушованыя. На падставе знойдзеных такім чынам напрамкаў зробленыя пабудовы, ідэнтычныя пабудовам на мал 26 (гл.мал Мал. 27.). На жаль, гэты здымак не ахоплівае ўсяго абшару нашага пляну і таму правесьці “лінію ніжніх храмаў”,  каб пацьвердзіць яе сапраўднасьць, немагчыма.  Таму мы вымушаныя адразу пачынаць з кропкі перасячэньня восей малых “пірамідаў царыцаў”. Наяўнасьць кругавое сімэтрыі саміх пірамідаў пацьвярджаецца (дугі паказаныя штрыхавое лініяй), але некалькі адрозьневаецца ад вынікаў на геадэзічным пляне.



Мал. 27. Аэрафотаздымак парэшткаў забудовы плято Гіца з нанесенымі восямі сімэтрыі і выяўленымі геамэтрычнымі залежнасьцямі складнікаў.

Сюрпрызам сталася насычаная, можна сказаць, татальная кругавая сімэтрыя элементаў забудовы адносна меленькае пірамідкі каля Сярэдняе піраміды (паказаная на пляне суцэльнаю лініяй дугаў і акружнасьцяў).

Але гэты аэрафотаздымак мае і новыя элементы, што цалкам адсутнічаюць на больш позьнім геадэзічным пляне. Хада ідзе аб круглае будыніне і яме паміж ёй і Малой пірамідай на заходнім краі плято Гіца,






Мал. 28а, б, в. Розныя этапы існаваньня комплексу “круглы будынак”.

На Мал. 28а можна пабачыць узбуйненьне з нашага аэрафотаздымку. Выразна бачны круглы будынак са складанаю канструкцыяй даху і маленькім купалам пасярэдзіне. Побач, справа і зьлева знаходзяцца парэшткі фундамэнтаў, альбо сьценаў, што скіраваныя да цэнтра пабудовы і стаяць яны асобна паблізу, кругасімэтрычна яе цэнтру і маюць таксама вось сімэтрыі, скіраваную ў прастору паміж Вялікае і сярэдняе пірамідамі. На Поўдзень (уверх) ад будынку знаходзіцца трапецыядальная яма, ці паглыбленьне. Дыяметар круглае пабудовы складае каля шасьцідзесяці мэтраў, бо адлегласьць паміж дыяметральна-супроцьлеглымі краямі адзіночных фундаментаў ёсьць роўная даўжыні Вялікага Сьфінкса, што складае каля 73 мэтраў. Цэнтар купала Круглае пабудовы ляжыць дакладна на падаўжэньні восі Вялікага Сьфінкса. Агульнае ўражаньне: функцыянальна - гэта больш падобна да абсерваторыі і выглядае ўжо вельмі за-тэхналягічна для старажытных коптаў, як іх малююць егіптолягі. Што да тае ямы на поўнач ад будынку, то яна ідэнтыфікуецца мной як тыповы ўваход у тунэль, да таго ж цалкам сучасны.

Гэты комплекс перажыў некалькі этапаў існаваньня, што можна пабачыць на  мал. 28а, б, в., але ад 2012 году на гэтым мейсцы ўжо няма анічога - толькі зраўняная пясчаная паверхня. Круглая пабудова была дакладна пераробленая некалькі разоў у гэты перыяд. Ёсьць парэшткі гэтага комплексу цалкам зруйнаванымі, ці толькі засыпаные пяском - невядома.

На падставе памераў будынку, шырыня тунэлю па нізе варотаў складла каля дваццаці- дваццаціпяці мэтраў, яго вышыня - адпаведная. Там легка маглі разьехацца пару-тройку сучасных ракетных цягачоў. Толькі вось кропка выхаду восі гэтага “сучаснага тунэлю” па нізе “варотаў” ў межах памылкі графікі карэлюецца, дакладна знаходзіцца, на лініі, што праходзіць цераз здзіўляючую дадатковую піраміду пры Сярэдняе пірамідзе і сьцяну яе ж ніжняга, ўзьбярэжнага храма. Сам жа тунэль скіраваны да цэнтру Малое піраміды. З гэтага непазьбежна вынікае, што тунэль таксама прыналежыць да старажытнага комплексу пабудоваў (толькі магчыма ўваход ёсьць перароблены на момант здымак) і быў адначасна зь ім пабудаваны. Гэтая лінія ня толькі дакладна паралельная восі Вялікі Сьфінкс -  цэнтар купалу Круглае пабудовы, але і знаходзіцца на аднолькавае адлегласьці ад паўднёвае бакавіны падэшвы Сярэдняе піраміды. То бок, абедзьве восі ёсьць сімэтрычнымі да яе. Падаўжэньне ж паўднёвае лініі тае бакавіны падэшвы піраміды дакладна супадае зь восьсю прахода паміж Храмам Сьфінксу і Ніжнім яе пахавальным храмам. Такім чынам, мы атрымалі тры паралельныя восі (апошняя, сярэдняя - не паказаная). Дарэчы, як і ў выпадку з лініямі малых пірамідаў, калі злучыць дадатковымі лініямі бакавіны іх падэшваў і падоўжыць іх напрамак (штрыхавыя лініі на мал. 27.). Такі парадак пабудовы восяў, калі яны замацоўваюца на мясцовасьці групамі, скажам так, “калідорамі” з аднолькаваю адлегласьцю паміж лініямі - пэўным стандартным “крокам”, адзіным для ўсяго плято, пацьвярджаецца шэрагам графічных супадзеньняў на малюнку.

У выніку нашых назіраньняў за геамэтрыяй забудовы на плято Гіца, можна канстатаваць, што будаўнікі гэтага комплексу прадбачліва карысталіся цэлымі “калідорамі восяў”. То бок, страхавалі шматкроць свае першапачатковыя геамэтрычныя пабудовы не толькі перад пачаткам працаў, але і пад час іх. Яны дзейнічалі проста і надзейна - элементы манументальных пабудоваў выкарыстоўваліся для замацаваньня напрамкаў у плане, - такія сабе “геамэтрычныя рэперы”.

Вядомая справа, мая цікаўнасьць да ўсіх гэтых восяў і кругоў мае толькі адзін грунт , - вызначыць сапраўдны цэнтр пляну, што дазволіць ацаніць ступень выкарыстаньня прапорцый Знаку Чарадзея будаўнікамі пірамідаў у самом пляне забудовы, альбо яго элементах і складніках.

Такім чынам, мы вызначыліся, што маем справу з калідорамі восей і, што выглядае лягічным, пошукі кампазіцыйнага цэнтру трэба пачынаць каля Сярэдняе піраміды. Зыходзячы з таго, што пры працах пагатоў, нават у сучасным будаўніцтве, ўжываюць аптычны, візуальны кантроль, галоўныя восі комплексу павінны быць вольныя ад любых перашкодаў.

Гэта вынікае з мэтодыкі старажытнакопцкіх архітэктараў пабудовы ліній і перпендыкуляраў да іх на мясцовасьці. Тэхналёгія вельмі простая: напрамак восі задаецца двума каламі. Потым вяроўкаю зь радыюсам, роўным адлегласьці паміж гэтымі каламі робяцца кругі вакол абодвух калоў. Кропкі  перасячэньня тых аркужнасьцяў даюць напрамак перпендыкуляру да сярэдзіны адрэзку паміж гэтымі каламі, ці “вешкамі”. Напрыклад, гіпатэтычнае разьбіцьцё такога кшталту можна пабачыць на мал. 29. Я выбраў дзьве гарызантальныя (шыротныя) восі, найбольш “важкія” геамэтрычна і найбольш доўгія “аптычна”. Гэта лініі, што праходзяць праз паўночную бакавіну падэшвы Сярэдняе піраміды і восі праходу паміж Храмам Сьфінксу і яе Ніжнім храмам, другую, што злучае паўднёвую сьцяну Ніжняга храма з дадатковаю пірамідаю пры Сярэдняе ж пірамідзе. Па правілах старажытных архітэктараў пабудаваная сярэдняя вось паміж імі і вось перпендыкулярная да іх. Тасама на ім паказаныя далейшыя, больш дробныя разбіеньні, актуальныя таксама пры аднаўленьні кропак, калі іх выпадкова зьнішчаць пад час будаўнічых работаў.



Мал. 29. Прынцып пабудовы восей і перпендыкуляраў старажытнымі будаўнікамі. Рэканструкцыя “калідора восяў” каля паўднёва-заходняга кутку Сярэдняе піраміды.

Дакладна такія ж пабудовы на мал. 30. паказалі, што дадатковая, сярэдняя вось, якую мы атрымалі пры разьбіўцы на мал. 29. супала з кромкаю адмосткі пры Сярэдняя пірамідзе, што і адлюстрована на ім. Такім чынам, мы маем справу з восямі, што перасякаюцца каля абодвух паўднёвых вуглоў Сярэдняе піраміды. Зьвяртаю вашую ўвагу на тое, што дыяганалі саміх пірамідаў, Сярэдняй і Вялікай (яны паказаныя штрыхавое лініяй), праходзяць дакладна праз кропкі перасячэньня гэтых гэтых восяў.



Мал. 30. Плян структуры “калідораў восей” вакол паўднёвага краю Сярэдняе піраміды.

Гіпатэтычна, шырыня адмосткі Сярэдняе піраміды, што адпавядае адлегласьці паміж двума суседнімі восямі, можа быць пэўнаю канстантаю для восей забудовы па ўсім плято.

У якасьці асноўнага цэнтру планіроўкі ўсяго плято і кропкі, ад якога мы пачнем будаваць галоўную акружнасьць Знака Чарадзея, выбраная сярэдняя кропка перасячэньня калідораў восей пры паўднёва-заходнім (правым на малюнку) вуглу Сярэдняе піраміды (на Мал. 30. яна пазначаная чырвоным колерам). Гэтая кропка-цэнтар будучае асноўнае акружнасьці адпаведна Каноу, на мясцовасьці замацаваная вяршыняю вугла адмосткі Сярэдняе піраміды і  падаўжэньнем яе дыяганалі.

За радыюс асноўнае акружнасьці Чарадзеева Знаку выбрана адлегласьць ад гэтага цэнтру да самага дальняга, паўночна-ўсходняга, вугла Вялікае піраміды. Акружнасьць прайшла як раз па канцу лапаў Вялікага Сьфінкса, файна ўпісаўшыся ў рэльеф і парэшткі збудаваньняў на плято. Але самае галоўнае, - лінія левага, ўсходняга зуба супала зь восьсю дадатковых пірамідаў пры Вялікае пірамідзе. Сам Знак, у гэтам выпадку, мае сэнс паказаць у выглядзе “дошкі”, як мы ўжо ня раз рабілі. Тое дае магчымасьць лепей адсочваць асаблівасьці кампаноўкі элементаў графічнае структуры і іх суадносіны. Да таго ж Знак стаў з часам графічным канонам і мог, як і ў гэтым выпадку, мець як паўднёвую, так і паўночную арыентацыі.

Калі правесьці яшчэ адну акружнасьць з таго ж цэнтру, з  радыюсам ад сярэдзіны Вялікае піраміды, то яна дакладна ўпішацца ў шырыню пабудаванага ўжо Чарадзеева знака “першага парадку”, датыкнуўшыся да яго “зўбоў” у сваіх скрайніх , усходняе і заходняе, кропках, праз якія праходзіць таксама і галоўная гарызантальная вось архітэктурнага комплексу. Вядома, на груньце гэтае акружнасьці можна яшчэ раз пабудаваць нашую прапорцыю, але тое немэтазгодна, бо зробіць агульны малюнак нечытэльным.

Лінія пабудовы (лінія дыяганалі паўквадрату) першага варыянту Знака мае таксама агульную кропку зь акружнасьцю з цэнтрам у дадатковае пірамідзе (што каля Сярэдняе, гл. мал. 26 ), датыкаецца да яе. Дадатковым элементам супадзеньня Канона і пляну забудовы на плято Гіца можна лічыць тое, што цэнтар круглага будынку ляжыць як раз на “лініі паловы радыюса” Знаку. Гэтая лінія ёсьць часткаю графічнае асновы Канона і цалкам адпавядае яго структуры. Таму не выпадковым выглядае і знаходжаньне менавіта ў гэтым мейсцы тае загадкавае будыніны.

Вынік такіх графічных спрактыкаваньняў можна пабачыць на мал. 31. У сувязі з гэтым абагульненьнем абрысу пляна, мне ўспомнілася “прымроенае бачаньне” Эдгара Кэйсі, які прарочыў, што пад праваю лапаю Вялікага Сьфінкса, ў таемнае каморы, знаходзяцца вялікія веды. І энтузіясты ўжо доўгі час шукаюць тую падземную бібліятэку - схавішча рарытэтаў і артэфактаў загіблае суперцывілізацыі. Зарас супольнасьць, што ўзначальваецца нашчадкам гэтага медыюма ёсьць адной з квазіакультных групаў, што імкнуцца кантраляваць стан выкарыстаньня гістарычнае спадчыны старажытных коптаў.

Часам на плято насамрэч знаходзяць пэўныя падземныя памяшканьні, лёхі і г.д. Але ўсё можа быць прасьцей і складаней адначасна. Гэтым вялікім кругам Канона Чарадзея, што ляжыць пад лапамі Сьфінксу апісана ўсё плато Гіца. Мяркую, яно само цалкам, з усімі пабудовамі,  і ёсьць  тое “інфармацыйнае пасланьне”, якое так доўга шукаюць рознага кшталту заўзятары, а Кейсі не дакладна інтэрпрэтаваў свае мроі.



Мал. 31. “Дошка” Знака Чарадзея на плято Гіца. Памер бакавіны яе элементарнага квадрату роўны палавіне дыяганаліі Вялікае піраміды.

Як вынікае з геамэтрычных ўзаемазалежнасьцяў мал. 31., палова дыяганалі падэшвы Вялікае піраміды складае 1:5 радыюса асноўнае акружнасьці Знаку і ёсьць роўнае бакавіне элементарнага квадрату “дошкі”. Для праверкі гэтых вынікаў аналягічныя геамэтрычныя пабудовы зробленыя і на геадэзічным пляне плато. Адрозным ёсьць толькі тое, што штрыхавою лініяй паказана дадатковая акружнасьць Знаку Чарадзея ў яго “паўночным” варыяньце, каб было зручней адсачыць супадзеньне графічных элементаў структуры зь асаблівасьцямі і характэрам існага рэльефу мясцовасьці самаго плято (гл. мал. 32.).

Болей можна прачытаць тут - http://inbelhist.org/?p=5439
Previous post Next post
Up