У пошуках праўды
Наш народ “старэйшыя браты” і мясцовыя калябаранты заўсёды стараліся прынізіць. Яны любілі зьдзекавацца з нашай мовы, гісторыі… Беларусам першым было даручана ўвайсьці ў камунізм, а таму ў іх памяці не павінна было застацца нічога “нацыяналістычнага”. Мы спрадвечна былі “лепшымі сябрамі расейскіх братоў” і ніколі ў нас зь імі не было непаразуменьняў… Хто б рызыкнуў тады ўспомніць пра ваенны й паваенны супраціў бальшавікам? Гэта была надзвычай забароненая тэма і толькі кадэбісты ў сваіх мэмуарах дазвалялі сабе сказаць колькі слоў пра “бандытызм”, “нацыяналістычнае падпольле”, “кулацкі тэрор” і г. д. Але і гэта сьпіхвалі, у сваёй большасьці, на акоўцаў і бандэраўцаў. У беларусаў жа нібыта не было варожасьці да савецкае ўлады…
Беларускія савецкія гісторыкі стараліся абмінаць гэтую тэму. Пра “бандытызм” згадвалі яны толькі мімаходам, падаючы скупыя весткі пра некаторых ахвяр “кулацкага тэрору” і ўсё… Нават ужо ў “перабудовачныя” часы гэтыя гісторыкі са скэптыцызмам адносіліся да маштабаў пасьляваеннага антысавецкага руху на Беларусі. Напрыклад, М.Кузьняцоў у сваім артыкуле “Канец векавой мяжы” (“Голас Радзімы”, 31.08.1989) падае зьвесткі пра трафэі гэбістаў у барацьбе з “бандытамі” (сотні мінамётаў, тысячы кулямётаў і аўтаматаў). Ён піша: “Адным словам, не хапла толькі танкаў і самалётаў… зброі… налічана столькі, што добрую армію можна ўзброіць”. Несьвядома Кузьняцоў прыходзіць да зусім слушнай думкі. Сапраўды, гэтай зброяй была ўзброеная Беларуская партызанская армія.
У апошнія гады, калі шмат што было дазволена, і калі паціху пачалі адчыняцца архівы КДБ, беларускія гісторыкі кінуліся дасьледаваць польскую Армію Краёву. Пішучы пра паваенны антысавецкі рух, яны чамусьці ўсё сьпіхвалі на польскае падпольле, але нічога не сказалі пра падпольле Беларускае нацыянальнае. Не адна кніжка выйшла ўжо па гэтай тэме, не адзін дзесятак артыкулаў надрукаваны. Але ва ўсіх гэтых дасьледаваньнях дамінуе ўсё тая ж ідэя… Толькі намёкамі, неяк сарамліва (або баязьліва) яны пішуць, што былі яшчэ “мясцовыя фашысцкія недабіткі”, якія дзеялі разам з бандэраўцамі. Толькі А.Міхальчанка і С.Жумар (“Советская Белоруссия”, 25.11.1990 і “Рэспубліка”, 28.10.1992) успомнілі, што існавала гэткая армія “Чорны Кот” ды назвалі ейнага кіраўніка - маёра БКА Міхася Вітушку.
Дайшло да таго, што ўжо польскія дасьледчыкі пачалі нам даводзіць, што была пасьля вайны Беларуская армія. Т.Стэмбаш і К.Ясевіч пісалі: “пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі на Наваградчыну і Гродзеншчыну там паўставалі і вялі барацьбу з савецкім рэжымам ня толькі польскія, але й беларускія атрады, менавіта яны, а не палякі, што выяжджалі ў цэнтральную частку (г. зн. у Польшчу - С.Ё.), зьяўляліся добраю апораю для лясных групаў (пра гэта кажуць многія сьведкі, якія перажылі тыя часы)” (“Беларуская мінуўшчына”, 1994, № 3). Дзякуй нашым суседзям, што дапамагаюць нам дайсьці да ісьціны. Але што ж мы самыя? Ці не час усур’ёз брацца за вывучэньне гэтае тэмы, а не займацца ўсім гуртам АК, тым больш, што дзейнасьць апошняй польскія гісторыкі ўжо добра вывучылі. Ня будуць жа яны дасьледаваць і гісторыю нашага “Чорнага Ката”? Прысьпешваць нас павінна і плённая праца летувіскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Яны друкуюць шматлікія дасьледаваньні па пасьляваеннаму антысавецкаму руху, ды карыстаючыся маўчаньнем беларусаў, ізноў “цягнуць коўдру на сябе”… Здаецца, настаў час і нам зрабіць колькі крокаў на нялёгкім шляху вывучэньня пасьляваеннага збройнага рэзыстансу на Беларусі.
Пачатак
Пасьляваенны антыкамуністычны рух у краінах Усходняй і Паўднёвай Эўропы быў запачаткаваны яшчэ ў часы нямецкай акупацыі. Найперш, гэта датычыцца Польшчы, Украіны і Югаславіі. У гэтых краінах, да часу ўсталяваньня савецкай улады, ужо дзейнічалі моцныя, добра арганізаваныя антыкамуністычныя фарміраваньні, было разгалінаванае нацыянальнае падпольле. На Беларусі ж нелегальны нацыянальны рух супраціву падчас нямецкай акупацыі ня быў моцным. Сталася гэтак таму, што перавага ў той час аддавалася легальнай дзейнасьці. Беларускія нацыяналісты хацелі як найбольш здабыць менавіта легальным шляхам і гэта ім, у некаторай ступені, удалося. На лета 1944 г. беларусы мелі свой цэнтральны ворган кіраваньня краем - Беларускую Цэнтральную Раду, свае ўзброеныя сілы - Беларускую Краёвую Абарону (праўда, разьбітую на батальёны й дрэнна ўзброеную, але патрыятычную), свае нацыянальныя грамадзка-культурныя арганізацыі, сваё беларускае школьніцтва, свой друк, нарэшце, шырока выкарыстоўвалася беларуская нацыянальная сымболіка. Сярод беларускага насельніцтва ўзмацніўся нацыянальны патрыятызм, які дзесяцігодзьдзямі зьнішчалі польскія і бальшавіцкія акупанты, і якога баяліся акупанты гітлераўскія. Ішло і падпольнае змаганьне. З нелегальных беларускіх арганізацый найбольш актыўнымі былі Беларуская Незалежніцкая Партыя (БНП) і Грамада. Падчас нямецкай акупацыі яны панесьлі адчувальныя страты. Ад тэрору СД, польскай АК і савецкага НКВД загінулі: кс. Вінцэнт Гадлеўскі - арганізатар БНП, Юльян Саковіч - сябра ЦК БНП і кіраўнік Грамады, П.Радзевіч - удзельнік нацыянальнага падпольля на Вялейшчыне, Ул.Шавель - арганізатар нацыянальнай партызанкі ў Барысаўшчыне, А.Дасюкевіч і шмат іншых. Гэтыя арганізацыі прыклалі шмат намаганьняў дзеля арганізацыі нацыянальнага руху. У 1942 г. пад палітычным кіраўніцтвам Грамады паўстала Беларуская Народная Партызанка - аб’яднаньне некалькіх дзесяткаў партызанскіх аддзелаў і груп. Але ўжо да канца 1943 г. БНПартызанка была зьнішчаная спэцгрупамі НКВД і злучэньнямі савецкіх партызанаў, якія прыйшлі з усходу. Тым ня менш, асобныя аддзелы ацалелі й былі дзейнымі да лета 1944 г. Беларускі эміграцыйны гісторык Ю.Стасевіч адзначае сярод іх аддзелы атаманаў: Перагуда, Харэўскага (Новіка), Мініча (Хоміча), Бялейкі, Мірона і Таўпекі.
Ужо вясною 1944 г. Беларуская Незалежніцкая Партыя на чале з Усеваладам Родзькам пачынае падрыхтоўку да чарговай бальшавіцкай акупацыі. У гэты час ва Ўсходняй Беларусі ўзьняўся стыхійны антысавецкі партызанскі рух. Менская газэта “Голас вёскі” пісала 14 красавіка 1944 г.: “…Асабліва моцна шырыцца рух зялёных у тых раёнах, якія пакідаюць немцы. Жыхарства, што засталося, не жадае пападаць у лапы энкавэдыстых, хаваецца ў лес і пачынае змаганьне супраць бальшавікоў. У раёне Яноўкі, што на захад ад Гомелю, зялёныя напалі на бальшавіцкі аэрадром і захапілі некалькі самалётаў. У некаторых зялёных атрадах ёсьць аўтамашыны і артылерыя. Таксама зьявіліся зялёныя атрады ў раёне Старадубу, у раёне Арла, Бранску і нават Сібіры. Усё гэта выклікае непакой у Крамлі”.
Чырвоная Армія набліжалася да Менску…
Другі Ўсебеларускі Кангрэс
Другі Ўсебеларускі Кангрэс быў ідэяю ня толькі Р.Астроўскага. Ён быў ідэяю і нацыянальнага падпольля, якое плянавала яго зрабіць дэманстрацыйна-антынямецкім. Ужо ў красавіку 1944 г. ЦК БНП пачынае падрыхтоўку дэлегатаў на кангрэс. ЦК БНП лічыў, што дэлегаты “мусяць быць стопрацэнтныя беларусы. У выпадку канфлікту зь немцамі, каб былі здольныя лепш аддаць сваё жыцьцё, чым здрадзіць беларускай справе”. Да дня ад’езду плян паўстаньня трымаўся ў тайне ад большасьці дэлегатаў-сяброў БНП. Р.Астроўскі даведваецца пра пляны БНП ды прадпрымае шэраг мерапрыемстваў, каб перашкодзіць незалежнікам мець большасьць на кангрэсе. Напярэдадні кангрэсу, увечары, у Менску сабраўся на нелегальную нараду ЦК БНП, каб зацьвердзіць плян яго зрыву ў сувязі зь недаверам Прэзыдэнту БЦР. Кіраўніцтва партыі лічыла, што Астроўскі “плянуе зацьвердзіць кангрэсам супрацоўніцтва Беларусі зь немцамі, і гэтым самым скампрамэтуе беларускі народ у вачох Вольных Народаў Сьвету”. Таму было прапанавана, каб не дапусьціць гэтага, сарваць кангрэс, як толькі ён распачнецца. Аднак, на прапанову Міхася Зуя была прынятая пастанова падымаць паўстаньне толькі, калі Астроўскі дасьць для гэтага повад.
Да будынка, дзе праходзіў кангрэс, былі падцягнутыя аддзелы Беларускай Краёвай Абароны, паліцыі і баёўкі БНП. Плянавалася нават імітаваць выбух міны ў будынку. Поваду для зрыву кангрэсу Р.Астроўскі ня даў, а таму сябры БНП ад узброенага выступленьня ўстрымаліся. Перад кіраўніцтвам БНП цяпер стаяла задача арганізацыі супраціву бальшавікам, якія імкліва займалі Беларусь. Было вырашана пайсьці на кантакт з Абвэрам, каб атрымаць зброю, амуніцыю, магчымасьць вышкаліць сяброў БНП для партызанскай вайны ў спэцшколах нямецкай разьведкі.
Батальён “Дальвіц”
Ва Ўсходняй Прусіі ў мястэчку Дальвіц некалькі сот беларусаў праходзілі падрыхтоўку на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне. Беларускім батальёнам камандавалі капітан Іван Гелда і капітан Усевалад Родзька. Ужо са жніўня 1944 г. жаўнеры і афіцэры батальёну перакідваліся невялікімі групамі на Беларусь для правядзеньня там выведвальнай і паўстанчай работы. У жніўні савецкая контрвыведка захапіла дзьве гэткія групы. У рукі СЬМЕРШу трапілі: Васіль Пужэвіч, Алесь Камінскі, Андрэй Алешка, Янка Мацук і Пётр Арцішэўскі. У верасьні ў рукі НКВД быў выдадзены правакатарам сябра БНП Андрэй Вайтовіч, які арганізоўваў падпольле на Наваградчыне.
У лістападзе 1944 г. у Заходнюю Беларусь была закінута 27-асабовая група на чале з маёрамі Багдановічам і Вітушкам, а таксама сябрам ЦК БНП Гінько.
На пачатку 1945 г. батальён “Дальвіц” быў перадысьлякаваны ў раён Бэрліну, дзе працягваў падрыхтоўку. Аднак немцы ўжо ня мелі магчымасьці перакінуць яго на Беларусь. Тым ня менш, старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька не губляе надзеі прабіцца на Бацькаўшчыну для барацьбы за волю і незалежнасьць. Кіраўніцтва партыі распрацоўвае плян далейшых дзеяньняў, па якому павінна было быць арганізавана падпольле ў Бэрліне, Празе, Данцыгу. Зь яго дапамогай, пасьля капітуляцыі Нямеччыны, беларуская эміграцыя падтрымлівала б сувязі з паўстанцамі, што павінны былі канцэнтравацца ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах. Быў праведзены шэраг сустрэч з украінскімі і летувіскімі нацыяналістамі ды заключаны пагадненьні аб сумеснай дзейнасьці супраць Саветаў. Немцы даюць дазвол на вярбоўку яшчэ 800 беларусаў у батальён “Дальвіц”, але часу на іх падрыхтоўку ўжо ня было. Да капітуляцыі Нямеччыны заставалася крыху больш месяца.
На пачатку красавіка 1945 г. у Бэрліне адбылася нелегальная канфэрэнцыя Беларускай Незалежніцкай Партыі. Акрамя вайсковага актыву БНП на ёй прысутнічалі і кіраўнікі СБМ і нелегальнай Грамады Міхась Ганько і Сяргей Хмара (Сіняк). Кіраўніцтва партыі хацела перакінуць на самалётах на Беларусь як мага больш збройных груп з дабраахвотнікаў БНП, каб праводзіць там арганізаваную партызанку, да часу выбуху савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.
Супраць гэтага выступіў Хмара, указаўшы, што, паводле ацэнкі сытуацыі ягонай групай, вайна паміж Захадам і Савецкім Саюзам хутка ня выбухне, а партызанка больш пяці гадоў, без дапамогі зброяй і іншым, існаваць ня зможа. Таму ён прапанаваў перакінуць вайсковы актыў на Захад. Канфэрэнцыя аднак пастанавіла ўтварыць партызанку на Беларусі, але абмежаваць яе дзеяньне да пяці гадоў, калі да гэтага часу ня выбухне вайна. Незалежнікі вырашылі прыняць тактыку Беларускай Народнай Партызанкі, а менавіта: “…партызанка мае за мэту захаваньне Беларускіх Збройных Сілаў і зьбіраньне расьцярушаных збройных груп у рамкі Партызанскіх Нацыянальных Сілаў, а не збройныя, непатрэбныя выступы, якія зьнішчылі б гэтыя збройныя сілы перадчасна”. Лідар СБМ М.Ганько падтрымаў рашэньне канфэрэнцыі БНП і заявіў аб свам далучэньні да партызанкі, каб “адкупіць свае правіны перад народам, што верыў гітлераўцам”. Дзеля палітычнага кіраваньня партызанкай была створаная Беларуская Вайсковая Арганізацыя, якая мела вязаць партызанаў з насельніцтвам.
Аб далейшым лёсе батальёну “Дальвіц” успамінае сябра ЦК БНП Міхась Зуй: “Пераехаўшы ў Чэхаславакію на “Чэрную Гару” (Шварцбэрг), езьдзіў па лягерох вэрбаваць [у батальён] хлапцоў. У гэты час пільна сачылі за вынікамі вайны. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны, вечарам наш батальён пакінуў Чорную Гару, беручы напрамак прабіцца на Захад да Аліянтаў.
У часе адсутнасьці камандзіра Родзькі, яго заступнік капітан Гелда, каб не праліваць крыві, даў загад жаўнерам батальёну “Дальвіц” здаць зброю чэхам. Гэта здарылася на вуліцах гораду Прага. Калі вярнуўся маёр Родзька ў батальён, са сьлязьмі сказаў: “Здаўшы зброю чэхам, вы зрабілі сябе безабароннай групай. Ваша жыцьцё залежыць цяпер ад волі лёсу. Дарогу на Захад адрэзалі бальшавікі, а хто пападзе ім у рукі - не мінаваць кулі. Разьбівайцеся на групы і прабірайцеся на Захад”. Выдаў нам часовыя пасьведкі, што мы палякі. Нашу групу на чале са старшым лейтэнантам Будахоўскім, у ліку 26 чалавек, затрымаў аддзел савецкага войска…”.
Сам Родзька, разам з маёрам Гелдаю й невялікаю групаю сяброў БНП, пайшлі на ўсход, на Бацькаўшчыну. Яны несьлі з сабою Прэзыдэнцкі сьцяг Васіля Захаркі. Маёр Родзька быў выдадзены правакатаркаю і арыштаваны 26 чэрвеня 1945 г. у Беластоку. Тады ж у рукі МГБ трапіў і маёр Гелда. Абодва загінулі на бальшавіцкай шыбеніцы… Вось гэткі лёс быў у батальёна “Дальвіц”.
Край змагаецца супраць акупанта
“Ні рэпрэсіі, ні кары
Не застрашаць наш народ,
Знаюць добра камісары,
Які мсьцівы “Чорны Кот”.
(А. Шавель. “Генэралу Вітушку” (часопіс “Патрыёт” (Ангельшчына), 1950, № 2).
З прыходам Чырвонай Арміі на Беларусь савецкая партызанка сама-сабою зьліквідавалася. Але рэшта савецкіх партызанаў, а таксама партызаны нацыянальныя, з лясоў ня выйшлі. Найбольш іх было на Наваградчыне, Ваўкавышчыне, Слонімшчыне й на Палесьсі. Да іх далучыліся шматлікія ўцекачы ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію, былыя жаўнеры БКА, паліцыянты, працаўнікі грмадзянскіх устаноў, сябры СБМ. Ю.Стасевіч адзначае, што “гэтая маса не была арганізаваная, трымалася малымі групкамі, недалёка сваіх мясцовасьцяў, робячы напады толькі па неабходнасьці, здабываючы прадукты ці ліквідуючы даўшыхся ў знакі, наехаўшых ці мясцовых камісараў, агентаў і даносчыкаў”.
Мабілізацыя ў Чырвоную Армію
29 ліпеня 1944 г. ЦК КП(б)Б і СНК БССР прынялі пастанову “О мероприятиях по обеспечению проводимой мобилизации граждан 1894-1926 г.г. рождения”. Пастанова патрабавала за кароткі тэрмін правесьці рэгістрацыю прызыўных узростаў з тым, каб паўней выявіць наяўнасьць годных да прызыву ў войска асоб мужчынскага полу. Але заходнебеларуская моладзь не хацела ісьці ў чужое войска. Акрамя мабілізацыі ў сакавіку 1944 г. у БКА, тут памяталі мабілізацыю ў польскае войска ў верасьні 1939 г. Атрымоўваецца, што за пяць гадоў Заходняя Беларусь вытрымала тры мабілізацыі ў розныя арміі! А яшчэ ж былі мабілізацыі ў партызанскія атрады: польскія, савецкія, украінскія, беларускія…
Улетку 1944 г. найбольшы супраціў мабілізацыі азначаўся ў Іўеўскім, Радуньскім, Юрацішкаўскім, Воранаўскім, Івянецкім, Валожынскім раёнах Баранавіцкай вобласьці й у Ашмянскім, Астравецкім, Пастаўскім, Смаргонскім раёнах Вялейскай вобласьці. У афіцыйных дакумэнтах адзначалася: “Многие военнообязанные этих регионов уклоняются от мобилизации и скрываются в лесах… Имеются случаи угроз и даже убийство руководителей с/советов, занимающихся вопросами отправки военнообязанных на сборные пункты… налицо массовые случаи саботажа, отказа в приеме повесток об мобилизации, неявки на призыв и вооруженного сопротивления”.
У Іўеўскім раёне з 15 сельсаветаў толькі ў трох старшыні с/саветаў са сваім апаратам знаходзілся на месцах. Астатнія былі вымушаныя жыць у раённым цэнтры, бо ў вёсках гаспадарылі “лясныя браты”, якія праводзілі сваю мабілізацыю. Таму з раёну на мабілізацыю не прыйшоў ні адзін чалавек. Камуністычныя функцыянэры нярэдка ў сваіх данясеньнях пісалі пра той ці іншы раён: “ввиду наличия крупных банд не восстановлена советская власть”.
Архіўныя дакумэнты захавалі мноства трагічных фактаў мабілізацыі ў савецкае войска. Прывяду толькі адзін зь іх: “15 июля с. г. [1944] при сопровождении 159 мобилизованных из местечка Солы в г. Вилейка, мобилизованные начали разбегаться в лес. В результате применения оружия, сопровождающими убито 18 и ранено 20 человек и в г. Вилейка доставлено только 3 человека” (НАРБ, ф.4, в.37, спр.155, арк.35).
Бальшавікі паводзілі сябе, як сапраўдныя акупанты: яны рабавалі сялян, адбіраючы ў іх харчы й вопратку, патрабавалі гарэлку, нярэдка п’яныя энкавэдысты й працаўнікі ваенкаматаў забівалі невінаватых людзей… Ці ж маглі беларускія сяляне трываць гэткія зьдзекі? Амаль у кожнага была зброя, у многіх - баявы вопыт. Гэтак і пачынаўся супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі.
Дэсант генэрала Вітушкі
Атрымаўшы ад ЦК БНП рангу генэрала, М.Вітушка павінен быў арганізаваць на Беларусі Беларускую Вызвольную Армію (БВА), дзеля ўзброенай барацьбы з савецкай уладай за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Ягоная група з 27 (або 28) чалавек была скінутая зь нямецкага самалёта на Віленшчыне 17 лістапада 1944 г.
Пры дэсанце атрад ген. Вітушкі разьбіўся на некалькі групаў і сабрацца ня здолеў. Вітушка, маёр Багдановіч, Шунько, Грыгарцэвіч і радыстка Чэрамшагіна перабраліся ў Рудніцкую пушчу, дзе былі затрыманыя групай АК. Аб гэтым распавёў на допыце ў МГБ у 1949 г. Г.Багдановіч (Я.Сямашка. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994). Няведама зь якой мэтай, ён паведаміў гэбістам, што Вітушка загінуў 7 студзеня 1945 г. у баі з савецкімі войскамі ў раёне возера Кернава. Але гэта было няпраўдай.
А.Міхальчанка пісаў яшчэ ў 1990 г., што на пачатку 1945 г. у Налібоцкай пушчы Міхась Вітушка (псеўда “Лось”) аб’явіў сябе генэралам паўстанцкай арміі “со странным уголовным названием “Чёрный Кот”. Комплектовалась “армия” из коллаборационистов, воспитанных под сенью бело-красно-белого знамени и “Погони”. Пачаўшы стварэньне “Чорнага Ката” або Беларускай Вызвольнай Арміі, ген. Вітушка арганізаваў першае злучэньне беларускіх партызанскіх аддзелаў прыкладна ў траўні-чэрвені 1945 г. Ад гэтага часу й пачынаецца арганізаваная барацьба беларускіх партызанаў з бальшавіцкім рэжымам.
Няведамы лёс астатніх дэсантнікаў Міхася Вітушкі, якіх, праўдападобна, ачольваў Янка Гінько. Але, па некаторых зьвестках, ён загінуў у 1945 г. у баі з аддзелам НКВД*.
Першы год партызанкі
У 1945 г. аддзелы ген. Вітушкі дзейнічалі на Віленшчыне, Гарадзеншчыне і Меншчыне. На астатніх беларускіх землях партызанка была неарганізаваная, нярэдка стыхійная. Там дзейнічалі асобныя партызанскія аддзелы й групы, якія дрэнна кантактавалі паміж сабою й не рабілі большых злучэньняў. На Палесьсі дзеялі ацалелыя аддзелы БНПартызанкі: атамана Івана Перагуда і атамана Харэўскага (Новіка; атрад імя атамана Нябабы). У Аўгустоўскіх лясах дзейнічаў аддзел атамана Язэпа Таўпекі.
Ген. Вітушка стварыў даволі вялікія аддзелы, у якіх было па сто й болей партызанаў. “Чорны Кот” кантраляваў цэлыя раёны, праводзіў акцыі на чыгунцы. Вядомы ўзрыў вайсковага цягніка каля Слоніма, калі было спалена 20 аўтамашын і зьнішчана ўся ахова транспарту. У Крывічах каля Маладэчна партызаны захапілі цягнік з амуніцыяй, але ўсяго забраць не змаглі.
Адзін са сьведкаў партызанскага змаганьня, якому ўдалося ў 1946 г. трапіць у Нямеччыну, пісаў: “Бальшавіцкія акупанты абыходзяцца з насельніцтвам зусім так, як зь ім абыходзіліся і немцы Гітлера… Дзесяткамі эшалёнаў беларусы вывозяцца з сваёй Бацькаўшчыны ў паўночную Расею. Супраць гэтых нялюдзкіх “дабрадзействаў” Масквы беларусы бароняцца галоўна далучэньнем да паўстанцаў. Дзеля гэтага колькасьць паўстанцкіх аддзелаў у Краі, асабліва ў яго заходніх акругах, даходзіць да стану часоў нямецкае акупацыі. З гэтае прычыны ўлады бальшавіцкіх акупантаў там абмяжоўваюцца амаль толькі гарадамі. Сёлы і мястэчкі ў бальшыні знаходзяцца пад кантролем партызанаў. Чыгуначныя лініі Беласток - Баранавічы, Беласток - Берасьце амаль не функцыянуюць: увесь гэты абшар, як і цэлае Палесьсе, знаходзіцца пад уладаю паўстанцаў.
Цікавым ёсьць факт, што беларускія паўстанцы ня робяць ніякіх шкодаў простым чырвонаармейцам, яны нішчаць толькі камуністых і энкавэдыстых. У сваю чаргу і чырвонаармейцы ў пераважнай масе ня выказваюць варожасьць да паўстанцаў, а нярэдка й самі далучаюцца да іх.
Паўстанцы добра ўзброеныя і абмундзіраваныя. Яны нічога не бяруць у сялян, а часта нават і дапамагаюць ім, бо маюць даволі з бальшавіцкіх складоў і транспартаў, асабліва шмат яны маюць нямецкіх кароваў, якія бальшавікі сканфіскавалі ў Прусіі, а потым чыгункаю ці пехатою транспартавалі ў Расею.
Вядомыя выпадкі, калі беларускія паўстанцы ў змаганьні супраць войскаў НКВД і Берутовае Польшчы выступаюць сумесна з украінскімі, польскімі і літоўскімі паўстанцамі” (часопіс “Рух” (Нямеччына), 1946, № 2-3).
Паўстанцы і шырокія масы беларускага сялянства чакалі пачатку вайны Захаду з СССР. Той жа “Рух” пісаў: “Ніхто ў краі ня верыць у доўгі мір і надзея на хуткую нямінучую вайну паміж Амэрыкай, Англіяй і Саветамі падтрымлівае партызанаў на духу і дае ім вытрываласьць у зацятым змаганьні”.
У 1945 г. беларускія партызаны распачалі выданьне сваіх газэт, улётак, брашур і плякатаў. Генэрал Міхась Вітушка рэдагуе часопіс “ЗА ВОЛЮ”.
“Чорны Кот” мяняе тактыку
Ужо вясною 1946 г. становішча партызанаў моцна пагоршылася. Не хапала ежы, а насельніцтва дапамагчы не магло, бо самое галадавала. Не хапала таксама і амуніцыі, бо запасы 1944-45 гг. ужо разыйшліся. Здабыць новае было цяжэй, чымсьці раней, бо зьменшылася колькасьць ваенных перавозак. Таму ў 1946 г. на нарадзе камандзераў “Чорнага Ката” было пастаноўлена расфаміраваць аддзелы на малыя мясцовыя групы ад трох да дзесяці чалавек. Акцыі цяпер праводзіліся толькі падчас бальшавіцкіх палітычных кампаніяў, напады рабіліся толькі на невялікія аддзелы МВД. Да кожнай акцыі зьбіраліся некалькі аддзелаў, да іх далучаліся “ударнікі” (партызаны, якія працавалі ў калгасах, або ў сваіх гаспадарках). Такім чынам, у 1946 г. беларускія партызаны “Чорнага Ката” перайшлі на доўгае трываньне.
Яшчэ адзін сьведка тых падзей успамінаў: “На Бацькаўшчыне поўная цяпер дэзарганізацыя жыцьця, лютуе голад і нячуваны тэрор. На сялян накладаюцца вялікія пастаўкі, за невыкананьне каторых сурова судзяць і ссылаюць. У вёскі прыдзяляюць паасобныя групы чырвонаармейцаў, якія дапільноўваюць здачы паставак, а якіх мусяць сяляне па чарзе пракармліваць. Многія жывуць у зямлянках, у уцалеўшых хатах жыве па некалькі сем’яў. [...]
Бальшавікі адразу пасьля заняцьця Беларусі аднавілі ўсе даваенныя калгасы, а таксама хутка пачалі праводзіць поўную калектывізацыю Заходняй Беларусі.
Сярод усяго беларускага насельніцтва няма веры ў стабілізацыю палажэньня. Усе чакаюць вайны і новых пераменаў. Гэтае чаканьне падтрымліваюць між іншым нават чырвонаармейцы. Сяляне праводзяць пасіўны байкот савецкіх мерапрыемстваў. Гэтак прадстаўнікі ўладаў ня могуць нідзе сабраць сходаў, бо насельніцтва тады хаваецца і разьбягаецца, шукаючы для гэтага розных прычынаў.
Партызанскі рух у некаторых, асабліва лясных мясцовасьцях Беларусі вельмі моцны. Паасобныя партызанскія аддзелы нападаюць на савецкія пункты, узрываюць масты, выкалеіваюць цягнікі. Вядуць таксама ажыўленую прапагандысцкую дзейнасьць, абнадзейваючы насельніцтва аб хуткай гібелі зьненавіджанае бальшавіцкае сыстэмы. Асабліва актыўна яны нішчаць бальшавіцкіх даносчыкаў і правакатараў, што рэкрутуюцца спасярод мясцовага насельніцтва. Партызанскай акцыяй у цэнтральнай частцы Беларусі кіруе генэрал Вітушка, які ў вачах насельніцтва цешыцца легендарнаю славаю.
Такі жудасны абраз жыцьця на родных загонах нашае Бацькаўшчыны. Аднак ні крывавы тэрор і вынішчэньні, ані ажыўленая бальшавіцкая прапаганда ня могуць спыніць той вялікай хвалі народнага гневу, якая што раз шырэй разьліваецца сёньня па ўсім вялікім прасторы нашае Бацькаўшчыны” (“Рух”, 1947, № 4, студзень).
У 1947 г. кіраўніцтва “Чорнага Ката” пастанаўляе ашчаджаць людзей і народнае багацьце, устрымацца ад непатрэбнага дражненьня савецкіх уладаў, бо “партызаншчынай ня вызваліш народу ані краіны, а трэба чакаць вайны і тады дзеіць…”. Ад гэтага часу рабіліся толькі дробныя мясцовыя акцыі, напады, каб “прыпомніць бальшавікам, што трэба езьдзіць асьцярожна і ў большай кучы”.
МГБ лютуе
У 1944 - пач. 1945 гг. асноўны ўдар МГБ, МВД нанесьлі па польскай партызанцы і падпольлю, якія панесьлі вялікія страты. Аднак з сярэдзіны 1945 г. асноўным праціўнікам савецкай улады на Беларусі сталася Беларуская Вызвольная Армія або “Чорны Кот”. Прывядзем тут архіўны дакумэнт, які інфармуе пра вынікі дзейнасьці карнікаў з МГБ і МВД супраць партызанкі і падпольля ў 1944-46 гадах:
“Бандитские формирования в первый год после изгнания немцев представляли собой крупные, хорошо вооруженные и экипированные воинские единицы, находившиеся под командой опытных конспираторов и офицеров, объединившиеся и координировавшиеся эмиссарами заграничных центров. [...]
При их разгроме убито 3035 и арестовано 17872 бандитов и участников подпольных антисоветских организаций. Разоблачено и арестовано активных пособников банд, подпольных организаций и ставленников немцев 27950 человек. Разоблачено и арестовано 5620 агентов иностранных разведывательных и контрразведывательных органов. Всего было ликвидировано 814 подпольных террористических организаций и вооруженных банд, из них: 667 польских, 97 белорусских, 23 украинских и 27 других фашистско-националистических организаций и банд.
В ходе ликвидации подпольных банд и организаций изъято: минометов - 211, противотанковых ружей - 193, пулеметов - 3587, автоматов и винтовок - 68377, пистолетов - 2979, гранат и мин - 36078, тола - 5 тонн, около 4 миллионов боепатронов, 40 множительных аппаратов, 47 раций, поддерживающих двустороннюю связь с заграничными руководящими центрами.
В этой борьбе с нашей стороны имеются также значительные потери. Общее число убитых с нашей стороны - 924 человека…” (НАРБ, ф.4, в.29, спр. 521, арк. 28).
Калі ў студзені 1947 г. партызаны ў многіх раёнах Зах. Беларусі сарвалі выбары ў Вярхоўны Савет БССР, у Менску зьбіраецца на сакрэтнае паседжаньне ЦК КП(б)Б, які дае даручэньне міністрам МГБ і МВД Цанаве і Бельчанку “решительным образом усилить мероприятия” па барацьбе з антысавецкім падпольлем і партызанскім рухам. Паўторна гэткае ж даручэньне яны атрымоўваюць і ў чэрвені 1947 г. Ужо ў сьнежні 1947 г. Л.Цанава далажыў ЦК КП(б)Б аб праведзенай “рабоце”: “Выявлены и ликвидированы 15 белорусских, польских, украинских националистических организаций в Барановичской, Молодечненской, Брестской, Гродненской и других областях, созданных зарубежными националистическими центрами по указанию иностранных разведывательных органов.
Полностью ликвидированы 36 активно действующих банд, созданных и руководимых этим подпольем, а также нанесен серьезный разгром остальным 41 бандам…” (НАРБ, ф.4, в.61, спр.479, арк.3-4).
Савецкія карныя ворганы ў барацьбе з партызанамі ўжываюць ня толькі самалёты, танкі, але і атрутныя газы і разрыўныя кулі, а таксама ілжэпартызанскія групы з супрацоўнікаў МГБ, асобных агентаў, якіх засылалі ў лес, шырокую агентурную сетку, навэрбаваных чэкістамі людзей у гарадах і вёсках. Усё гэта выклікала гэткую ж жорсткасьць з боку лесавікоў: у палон гэбісты і камуністы ня браліся, а расстрэльваліся на месцы (МГБ расстрэльвала тры чвэрці палонных партызанаў на месцы), бязьлітасна нішчыліся агенты МГБ.
“Мы выйдзем хутка із лясоў…”
Напружаная міжнародная сытуацыя давала надзею партызанам на хуткую перамогу іх справы. “Мы выйдзем хутка із лясоў…”, - сьпявалі беларускія лесавікі ў сваім партызанскім маршы. Іхныя надзеі падтрымоўвала і падпольная прэса, прагназаваўшая хуткі пачатак вайны Захаду з СССР.
Трохі пра арганізацыю “Чорнага Ката”
Як ужо адзначалася, “Чорны Кот” меў добра закансьпіраванае падпольле ў гарадах і вёсках. Падпольшчыкі працавалі ў міліцыі, дзяржбясьпецы, войску, савецкіх установах, друкарнях. Менскае падпольле ў студзені 1946 году падпаліла будынак клюбу НКГБ. Віцебскае падпольле замінавала вайсковую палітычную школу. Нацыянальнае падпольле наладзіла выпуск фальшывых дакумэнтаў, якія шырока выкарыстоўваліся лесавікамі.
Партызанскія аддзелы “Чорнага Ката” былі інтэрнацыянальныя. Акрамя чыста беларускіх атрадаў, былі і летувіскія, латышскія, украінскія, а таксама нямецкія батальёны “Цэпэлін”, “Эдэльвейс”. “Вэрвольф”. У “Чорным Каце” ваявалі немцы-ўцекачы з лягераў ваеннапалонных, а таксама жыхары Ўсходняй Прусіі, якія засталіся бяз Бацькаўшчыны. Агульная колькасьць жаўнераў і афіцэраў “Чорнага Ката” некаторымі яго ўдзельнікамі ацэньвалася ў 45-50 тысяч чалавек.
Кожны партызанскі аддзел меў свой назоў, які звычайна быў псеўдаю камандзіра. Калі гінуў камандзір, дык ягоны наступнік пераймаў ягоную мянушку. Былі і выключэньні. Партызаны былі людзьмі з гумарам. Так, адзін атрад, які дзейнічаў на Віленшчыне, называўся “Мацюкоўская пляцоўка”.
На чале “Чорнага Ката” стаяў Галоўны штаб, якім камандаваў ген. Вітушка і два ягоныя намесьнікі, Ахрэм і Міхась Шукайловіч (рэдактар газэты “Душы бальшавіцкую гадзіну!”). Генэрал Вітушка падтрымоўваў шчыльныя кантакты з кіраўніцтвам УПА, польскіх Нацыянальных Сілаў Збройных, з падпольлем Летувы, Латвіі і Эстоніі. Праходзілі сумесныя партызанскія канфэрэнцыі і збройныя акцыі.
Болей можна прачытаць тут -
http://inbelhist.org/?p=5068