Вось якая
дыскусія разгарэлася наконт нядаўняга ліста пра неабходнасьць паляпшэньня эфектыўнасьці замежных радыёстанцыяў. Тэма вельмі важная.
Рэакцыю Рацыі на ліст можна пачытаць
тут. Таксама некаторыя каментары ёсьць на сайце
ЕРБ.
Сам ліст, зь якім я ў асноўным згодны, можна пачытаць ніжэй.
****************
Міністру замежных справаў
Рэспублікі Польшча
спадару Радаславу Сікорскаму
Шаноўны спадар міністр,
Перадусім дазвольце выказаць вялікую ўдзячнасць народу Польшчы за падтрымку, што аказваецца беларускай дэмакратычнай супольнасці. Напрацягу доўгага часу Польшча з'яўляецца самым надзейным сябрам Беларусі ў змаганні за свабоду і незалежнасць нашай Бацькаўшчыны. Відавочна, што нашая заходняя суседка, як ніхто іншы, разумее складаныя праблемы краіны пост-савецкага перыяду.
Аднак, вельмі прыкра пра гэтае казаць, але некаторыя рэчы маглі б выкарыстоўвацца больш эфектыўна, дый прыносіць вынікі.
Два гады таму, адразу пасля драматычных сакавіцкіх падзеяў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, досыць востра паўстала пытаньне прарыву інфармацыйнай блакады ў Беларусі. Нажаль, сучасны беларускі рэжым здолеў знішчыць практычна ўсе каналы данясення інфармацыі да грамадзянаў краіны. Беларусы апынуліся ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Лідары грамадзкай думкі вырашылі, што перадусім надзвычай важна выправіць сітуацыю ў лепшы бок менавіта ў гэтай сферы. I насамрэч у гэтым кірунку робіцца многае, але нажаль да якіх-кольвек вынікаў намаганні праз увесь гэты час не прывялі. Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца ў інфармацыйнай пустэльні.
У дадзены момант усе незалежныя медыя-рэсурсы зводзяцца да наяўнасці радыёстанцыяў "Радыё Рацыя", "Еўрапейскае радыё для Беларусі" дый тэлеканалу "Белсат". Што тычыцца радыё, то ў сённяшніх рэаліях, ва ўмовах ХХІ стагоддзя, варта весьці гутарку выключна пра адзіна папулярны, і адзіна эфектыўны ў наш час FМ-фармат вяшчаньня. Нажаль, "Еўрапейскае радыё для Беларусі" не мае FМ-частотаў. Радыё засталося на ўзроўні інтэрнэт-праекту для студэнтаў-аматараў. Эфект амаль двухгадовай працы "ЕРБ" нулявы.
"Радыё Рацыя" ад самага пачатку заяўляла пра магчымасць вяшчаньня на FМ-хвалях. "Радыё Рацыя" мае такую магчымасць, але сканцэнтравалася на вырашэньні ўнутрыпольскіх пытаньняў. Нажаль, з тых беларускіх грамадзянаў, што распачыналі гэты медыя-праект у Беластоку, не засталося ніводнага чалавека. У выніку, ужо напрацягу доўгага часу практычна ніякай інфармацыі пра развіццё гэтай станцыі да беларускага слухача не трапляе. Радыё пазіцыянуецца цяпер, як радыё для беларускай дыяспары ў Польшчы без акцэнтавання ўвагі на беларускія грамадзка-палітычныя праблемы. Больш за тое, паслухаўшы інтэрнэт-эфір "Радыё Рацыя" можна засумнявацца ў тым, што на станцыі працуюць прафесіяналы. Відавочна, што "Радыё Рацыя" у цяперашнім выглядзе не зможа канкураваць з беларускімі афіцыйнымі FМ-станцыямі.
Што датычна тэле-каналу "Белсат", то сам па сабе сатэлітарны фармат падказвае, што масавага гледача гэты канал не займее. Але можа стацца той асновай, на якой будуць падрыхтаваныя кадры для працы ў будучыні.
Мы, беларускія грамадзяне, палітыкі і грамадзкія дзеячы, вельмі занепакоеныя такім станам рэчаў. Таму, мы прапануем стварыць Назіральны савет для перыядычнага маніторынгу электронных СМІ, што дэкларуюць сваю прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека. Перыядычна мы даем інтэрвію гэтым СМІ, часам ахвяруючы сваімі інтарэсамі і інтарэсамі нашых сем'яў, але нажаль паслухаць ці пабачыць сябе ў эфіры мы не можам. Не бачаць нас і не чуюць і беларускія грамадзяне. Тады паўстае лагічнае пытаньне: на што трацяцца вялізарнейшыя сродкі, і каму патрэбныя такія медыі? Відавочна, што склаўшаяся сітуацыя не задавальняе ні беларускую дэмакратычную грамаду, ні нашых партнэраў, сяброў і калегаў у Польшчы. Гэта і прымушае нас прыкласьці намаганні для выпраўлення памылак.
Узважыўшы ўсе нюансы, лічым, што найбольш эфектыўным варыянтам далейшага развіцця падзеяў стала б арганізацыя сапраўднага FМ-радыёвяшчання на тэрыторыю Беларусі. Для эфектыўнай працы медыяў лічым лагічным, каб пасады асобаў, адказных за эфір (Галоўнага рэдактара, Праграмнага дырэктара дый Дырэктара па развіцці /альбо Прадусара/ з правам подпісу пад дакументамі) займалі грамадзяне Беларусі, што добра арыентуюцца ў беларускіх справах дый мелі досьвед працы на FМ-станцыях. А такія адмыслоўцы ў Беларусі маюцца.
Просім Вас звярнуць увагу на гэтыя праблемы. Спадзяемся на шчыльнае і пастаяннае супрацоўніцтва.
3 павагай,
Старшыня Міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Дз. Дашкевіч
Намеснік старшыні Партыі Беларускага народнага фронту А. Міхалевіч
Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада" І. Рынкевіч
****************
P.S. Сёньня ЗША ўвялі
новыя санкцыі. Як я
пісаў раней - толк ад санкцыяў мінімальны, калі ён ёсьць наогул. Расея, якая ня ведаe, куды падзець нафтавыя грошы, усё кампенсуе і зробіць Беларусь яшчэ болей залежнай. Лепей бы Захад дапамог зрабіць сапраўды эфектыўныя электронныя СМІ.