(
skryppa) wrote:
(
http://skryppa.livejournal.com/7754.html)
ПАХОД
Маленькие дети!
Ни за что на свете
Не ходите в Африку,
В Африку гулять!
В Африке акулы,
В Африке гориллы,
В Африке большие
Злые крокодилы
Будут вас кусать,
Бить и обижать,,-
Не ходите, дети,
В Африку гулять.
К. Чуковский
Жарсьці пасьля візыту музыкаў у рэзыдэнцыю распачаліся - у-ух якія! Ад самага ранку пасыпаліся тэлефанаваньні, смс-ы, посты ў форумах. Я, нават даведаўся пра гэты візыт па дарозе на працу праз званок сябра, які жыве ня больш, ня менш - ў Чыкага (!).
Што маю сказаць? Калі б ад нейкага Васі атрымаў у пысу нехта Коля за нейкі канкрэтны ўчынак, то мы б мелі справу з вельмі простай сытуацыяй. Адны б сказалі: «Вася мае рацыю, правільна зрабіў, было за што». Іншыя б, наадварот, сцьвярджалі: «Вася - сам тыпчык яшчэ той! Нашага Колю так пакрыўдзіў, ды яшчэ і на людзях!». Гэта азначае, што ўсё і ўсім зразумела ад пачатку да канца. І адзінае, што патрабуецца - гэта вызначыцца з уласным меркаваньнем, альбо ўстрымацца ад яго.
Што ж тычыцца майго асабістага стаўленьня да ўзгаданага паходу ў рэзыдэнцыю, то я не магу сказаць: «Казлы», альбо «Малайцы». Таму што, давайце адразу вызначым: ўвогуле тая сытуацыя, якая спарадзіла канфлікт творцаў і сістэмы ня ёсьць здаровая. І ніхто б нікуды не хадзіў, каб ня было пэўных пытаньняў.
Але. Хачу папросту выказаць свой пункт гледжаньня. І прашу улічваць той факт, што Варашкевіч, Вольскі, Хаменка і Кульлінковіч зьяўляюцца маімі сябрамі і калегамі. І ня трэба мае разважаньні разглядаць з пазыцыі «добра - дрэнна». Я ім не выхавацель і не камандзер роты. Дарослыя людзі мусяць адказваць за свае ўчынкі самі. Я ж толькі пэўным чынам рэагую на гэтыя іхныя ўчынкі.
Пункт першы. Сам факт, што людзі, якія даўно ўсё разумеюць у гэтым жыцьці, вырашылі пагадзіцца на дыялог, выклікае вялікую павагу. Таму што спроба гэтага дыялогу выглядае як «проверка на вшивость» адносна дзяржаўнай сістэмы. Гэта азначае, што калі прадстаўнікі сістэмы нешта паабяцаюць, то вельмі цікавым станецца тое, як яны выканаюць свае абяцаньні. Але тут паўстае пункт другі.
Пункт другі. Безумоўна, у жыцьці здараюцца выключэньні з правілаў. Але мне зараз не бачна аніякае выключэньняў. Таму, што няма сытуацыі, што пагражае гэтай самай дзяржаўнай сістэме (калі часам можна і падстрахавацца, заключыўшы пэўныя дамоўленасьці з тымі, хто, магчыма, заўтра павядзе рэй у дзяржаўным кіраваньні). Затое бачна, што прадстаўнікі дзяржаўнае сістэмы ВЕЛЬМІ ЎПЭЎНЕНА пачуваюцца ТУТ І ЗАРАЗ. Таму паводзіць сябе стануць, хутчэй за ўсё, паводле пэўных правілаў. Што ж гэта за правілы?
Адно з правілаў - «На жыўца»: зацягнуць.
Зацягнуць у сфэру сваех непасрэдных уплываў і ўцягнуць ва ўласную дзейнасьць. Дадзенае правіла выкарыстоўваецца шмат дзе: сярод крымінальнікаў, сярод працадаўцаў, спэцслужбаў, наркагандляроў, сярод лідэраў разнастайнае рухаў - палітычных, рэлігійных, фінансавых і да т.п. Па псыхалогіі гэта праходзяць у звычайных ВНУ, там, дзе яе вывучаюць. Адзін з галоўных прынцыпаў: усё робіцца паступова, незаўважна - так, што, калі ахвяра пачынае разумець, што ўляпалася - ужо позна. Ахвяра ўжо зьяўляецца ня проста супрацоўнікам, а саўдзельнікам. Саўдзельнікам у канкрэтных дзеяньнях. Прычым, калі «апрацаваная» асоба вырашае выйсьці з гульні, то яе зьнішчаюць і ня ёсьць важна - фізычна ці маральна. Як кажуць: «пляма на ўсё жыцьцё».
Галоўнае, каб спачатку сталася праглочанай нажыўка. Далей - прасьцей. Спачатку можна шмат чаго паабяцаць. Толькі зараз - за проста так, а вось пасьлязаўтра - за пэўныя паслугі. І ня трэба казаць, што «я так не магу»! Дамовы ёсьць дамовы.
Што ж паабяцаў кіраўнік ідэалагічнага ўпраўленьня? Аказваецца: «судзейнічаць у далейшай канцэртнай дзейнасьці пэўных гуртоў».
Па-першае, ЁН КАНКРЭТНА ДАЎ ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО Ў ГЭТАЙ КРАІНЕ КАНЦЭРТЫ МОГУЦЬ БЫЦЬ ЗАВІЗАВАНЫЯ ТОЛЬКІ ДЗЯРЖАЎНАЙ СІСТЭМАЙ (пры чым, мяркуючы па ягонай пасадзе, на вельмі высокім узроўні гэтай самай сістэмы. Па-другое, прызнаўшы наяўнасьць ранейшых забаронаў, ён даў зразумець, што дзяржсістэма абыходзіцца з намі - звычайнымі грамадзянамі, як з малымі дзецьмі. Раней УСЕ І НА ЎСІХ УЗРОЎНЯХ чыноўнікі ад адміністрацыі, ад культуры і проста ўплывовыя асобы адмаўлялі наяўнасьць так званых «чорных спісаў». Маўляў «ня чулі, ня бачылі». Як гэта так? Дзяржаўная сістэма ня ёсьць раскіданымі па краіне нейкімі абстрактнымі купкамі чыноўнікаў, якія ня ведаюць ані агульных прынцыпаў сваёй дзейнасьці, ані таго, што адбываецца ў суседняе вобласьці (раёне/сельсавеце). Гэта значыць, што раней НЯ БЫЛО, а зараз, выходзіць - БЫЛО. Дык што - вы нас падманвалі, ці мы «вас не так поняли»?
Перагібы на месцах? На гэтых самых «месцах» сядзяць тыя самыя праваднікі той сістэмы, якая апошнім часам мэтанакіравана зьнішчае ўсё ўласна беларускае. І ініцыятыва гэтага зьнішчэньня ідзе далёка ня «зь нізу», ня з «месцаў». У 1991-1995 усе нашыя чыноўнічкі вельмі хутка вывучылі беларускую мову і на дзяржсьвятах урачыства салютавалі «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сьцягу.
Заява пра «перагібы на месцах» успрымаецца ня йначай, як зьдзек. Гэта ж класічны пастулат пра «добрага цара, якому перашкаджаюць злыя паны».
Абяцаньне «судзейнічаць у далейшай канцэртнай дзейнасьці пэўных гуртоў» выглядае ня чым іншым, як прапановай патранату. Але гэта ня будзе асабістым патранатам проста грамадзяніна Праляскоўскага, а патранатам ідэалагічнага ўпраўленьня - як кажуць, з усімі выцякаючымі.
Пункт трэці. Мы чулі, што аніякае змовы-зьдзелкі не адбылося.
Што, праўда?
А прапанова ня выступаць на палітычных акцыях? А згода не рабіць гэтага з боку музыкаў? Гэта што - не ўзаемная дамоўленасьць. Прабачце, тэмай перамоваў, як я зразумеў, было пытаньне магчымасьці выступу канкрэтных гуртоў. А вось выступленьне майго калектыву на тым ці іншым палітычным мерапрыемстве (таксама як і адмова у выступленьні) я лічу СПРАВАЙ АСАБІСТАЙ. Асабістыя справы, як вядома, ідэалагічным упраўленьнем не рэгулююцца. Прынамсі, паводле існуючых законаў з Канстытуцыяй на чале. Ня трэба казаць, што заходнія музыкі, маўляў, ня выступаюць у палітакцыях - яшчэ як выступаюць, асабліва у ЗША. Але гэта успрымаецца як праява асабістае грамадзянскае пазіцыі канкрэтных артыстаў. І да ўласна творчасьці не адносіцца. Можна з посьпехам выступаць у стылі «кантры», ствараць пяшчотныя балады, ці жартаўлівыя песьні пра вясёлых фэрмераў і, пры гэтым быць актывістам якой-небудзь расісцкай арганізацыі ў паўдзённых штатах. Музыка - адное, грамадзянская пазіцыя - іншае.
Ну, няўжо ж не зразумела, што у нас зараз літаральна любая праява грамадскае актыўнасьці успрымаецца дзяржавай адзіна й толькі праз прызму палітычную. Чым бы не займаўся чалавек - музыкай, гісторыяй ці энтамалогіяй, - усё ПАВІННА АДПАВЯДАЦЬ пэўным ідэалагічным устаноўкам. Таму пераходзім да пункту чацьвертага.
Пункт чацьверты. Ідэалогія.
Кажаце, што ніякае ідэалогіі не насаджваецца? Не абмяркоўваецца?
Сама прапанова дзяржаўнае сістэмы наладзіць кантакт з музыкамі анічым іншым, апроч ідэалогіі не зьяўляецца (гл. вышэй).
Пункт пяты, які толькі робіць больш рэальным вывад пункту другога. Па сацыяльнай псыхалогіі я вывучаў розныя методыкі «апрацоўкі» кадраў пры прыёме на працу (і ў шмат якіх іншых выпадках). Адзін з паказьнікаў ілжывай структуры (дэструктыўнай секты, нелегальнай фірмы і да т.п.) - неканкрэтныя, цьмяныя абяцаньні.
- Якім будзе мой заробак?
- Ну, зараз складана сказаць. Сем-восем... З часам усё праясьніцца. Але, безумоўна, галадаць ня будзеце.
Адное з правілаў дадзенай апрацоўкі - СТВАРАЦЬ ІЛЮЗІЮ АДКРЫТАСЬЦІ І НЕ АДКАЗВАЦЬ НА ПЫТАНЬНЕ АНІ «ТАК», АНІ «НЕ». Канкрэтныя дамоўленасьці патрабуюць канкрэтнага іх выпаўненьня. Неканкрэтныя дамоўленасьці дазваляюць паводзіць сябе як заўгодна, спасылацца на абставіны і, пры гэтым, патрабаваць ад падначаленых выпаўненьня іх пэўных абавязкаў.
Таму дзіўная фармуліроўка распачаць супрацу з апальнымі музыкамі «праз колькі месяцаў» выглядае, бадай хрэстаматыйна. Гэта значыць, што мы (улады) вам (музыкам) паабяцалі супрацу, вы выпусьцілі пару, паскардзіліся на жыцьцё - я, Праляскоўскі, выступіў у ролі псыхатэрапеўта (сьвятара-спавядальніка, «добрага сьледчага» і г.д.). Узьнікла «узаемапаразуменьне», таму давайце будзем у будучыні прытрымлівацца дамоўленасьцяў. Прычым, заўважце, - ад музыкаў запатрабавалі КАНКРЭТНЫХ учынкаў (няўдзел у палітакцыях), са свайго ж боку не выказалі КАНКРЭТНАГА анічога. Вось вы ужо зараз не бярыце ўдзелу у мітынгах, а мы, - недзе там праз пару месяцаў, магчыма распачнем супрацу.
Калі Канстытуцыйны суд (з немаведама якіх прычынаў) пастанавіў, што асоба аштрафаваная за патрабаваньне прадставіць мытную дэкларацыю на беларускай мове, ня можа быць аштрафаванай, паколькі гэта неканстытуцыйна, то дэкларацыі надрукавалі ўмомант і паўсюль іх разаслалі. І ўсе мытнікі зараз міла прадставяць вам такую па першым патрабаваньні.
Дык мытня - складаная сістэма законаў, кадраў і тэхнікі. Але дастаткова было аднаго загаду «з гары», як і такая складаная сістэма зрэагавала і далажыла аб выкананьні. І не праз «некалькі месяцаў».
Пытаньне з забаронай/дазволам канцэртаў зьяўляецца класічным пытаньнем «тэлефоннага права». Адзін факс з загадам перадаць па ніжэйшых інстанцыях і ўсё - праз пару гадзінаў чыноўнікі ад культуры усёй краіны будуць ведаць, што гурт такі й такі можа вольна выступаць. Гэта ня з тых пытаньняў, якія мусіць абмяркоўваць парламэнт, а потым яшчэ і зацьвярджаць яго, згодна з правам.
Пункт шосты. Магчымы «прымірэнчы» фэстываль.
Што гэта будзе - канцэрт БЕЗ СЬЦЯГОЎ прынцыпова, ці канцэрт з удзелам БЯЗ РОЗЬНІЦЫ ЯКІХ сьцягоў?
Справа ў тым, што людзі, якія уздымаюць на канцэртах беларускія нацыянальныя сьцягі могуць зьяўляцца удзельнікамі БНФ, МФ, АГП, а могуць не зьяўляцца ўвогуле удзельнікамі якой-кольвек палітычнае фармацыі. Яны прыходзяць на канцэрты беларускамоўных артыстаў, таму што падзяляюць з тымі ідэі беларускай культуры, ідэі Беларусі ўвогуле. Бел-чырвона-белы сьцяг ёсьць сімвалам Беларусі. А надта палітычным сімвалам яго робяць афіцыйныя ўлады, для якіх ён - страшны раздражняльнік. Дык што, чынавенства нарэшце усьвядоміць беспадстаўнасьць рэпрэсіяў супраць тых, хто асьмельваецца уздымаць гэты ідэалагічна небяспечны сьцяг? Прабачце, але ня веру.
Ці ідэалагічнае начальства прапануе правесьці канцэрт бяз увогуле якіх бы там ня было сімвалаў? А дзе гарантыя, што на гэты самы фестываль ня прыйдзе пару дзесяткаў «іншых патрыётаў» - з чырвона-зялёнымі сьцягамі?
Пры любых сьцягах на гэтым канцэрце можна:
а) зрабіць афігенную тэлеагітку для БТ-ОНТ. Прычым, як «разгромную» (маўляў, мы пайшлі ім насустрач, а яны культурнае мерапрыемства пераўтварылі ў палітызаваны шабаш), так і «станоўчую» - глядзіце, у нас і канцэрты адбываюцца, ніхто нікога не забараняе etc., etc.
б) атрымаць даволі канкрэтны інструмэнт для ўплыву на беларускіх музыкаў: хочаце выступаць - выконвайце ўсяго толькі некаторыя «рэкамендацыі».
Пардон, але гутарка ідзе пра магчымасьць УВОГУЛЕ зрабіць таму ці іншаму гурту канцэрт. І ня ёсьць важна, у якой форме гэта адбудзецца - выступ у прыватным клубе ці на фестывалі ў вялікім дзяржаўным канцэртным палацы.
Так што правядзеньне «прымірэнчага» канцэрту выглядае справай, прынамсі падазронай і маральна небяспечнай.
Але ўсё вышэйсказанае зьяўляецца толькі маімі ўласнымі разважаньнямі-гіпотэзамі. Як яно насамрэч адбудзецца - пакажа час. Я папросту выказаў сваё стаўленьне да канкрэтнае падзеі - «паходу ў рэзыдэнцыю».
А зараз выкажу сваё ўласнае меркаваньне да падобных «паходаў» увогуле.
НІКОЛІ, НІЧОГА І НІХТО з тых, хто зараз кіруе ў Беларусі на ўсіх узроўнях, НЯ ЗРОБІЦЬ на карысьць уласна беларускае культуры. Той самай, якая паўставала ад часоў Полацкага княства ці ВКЛ. Носьбітамі якое былі і ёсьць сотні дзеячоў - ад Еўфрасіньні Полацкай, Скарыны, братоў Луцкевічаў ці Андрэя Мрыя да Васіля Быкава, Адама Мальдзіса ці Рыгора Барадуліна. Бо парадыгма разьвіцьця сучаснае беларускае дзяржавы скіраваная на пасьлядоўнае зьнішчэньне якой-кольвек культурнае адметнасьці беларусаў.
Псэўдафальклорныя ансамблі на «Дажынках» і палітычна нэйтральныя эстрадныя артысты - вось, што такое «беларуская культура». Маразматычна-паранаідальныя панегірыкі правадыру - вось, што такое «беларуская літаратура»!
Гэта ўлада дзеля ўлады.
І НІКОЛІ ня варта МАСТАКУ з гэтай самай уладай хоць як-небудзь кантактаваць. Больш за тое, трэба трымацца ад гэтае ўлады як мага далей. Скажыце, калі ласка, ЯК ДАПАМАГЛА сучасная беларуская дзяржава гурту «Тройца» разьвівацца і, нечакана для ўсіх, самым сур’ёзным чынам заявіць пра сябе на Захадзе, які даўно аб’еўся музыкай абсалютна ўсіх накірункаў (у тым ліку і этнічнай)? А нашым жывапісцам, якія, ня ведаю, дзе больш вядомыя на Захадзе ці на радзіме? Ці Алесю Разанаву, якога, хутка можна будзе называць ня толькі беларускім, але й нямецкім літаратарам, паколькі ён ужо робіць значны ўнёсак у нямецкую літаратуру?
Беларуская дзяржсістэміа затое можа вельмі бадзёра прыцерціся да любых культурных дасягненьняў незалежных артыстаў па-за межамі Беларусі. А як жа ж - вы ж «нашу рыспубліку» прэзэнтуеце на ўвесь сьвет! Нашу дзяржаву. А мы й ёсьць дзяржава!
Паглядзіце на «Еўравізыю»: і «Аляксандра і Канстанцін», і Дзьмітры Калдун, хоць і былі заангажаваныя на гэты фэст дзяржавай, але як артысты сфармаваліся не дзякуючы, а, хутчэй, насуперак беларускім артыстычным рэаліям. У абодвух выпадках - толькі іхны асабісты энтузіязм, асабістая ініцыятыва - акурат тое, што у нас апошнія 12 год душыцца, як самы небяспечны чыньнік існаваньня сістэмы.
Мы граем рок-н-рол усе гэтыя гады - нехта больш, нехта менш, - і толькі выдаткуем на абсталяваньне, запісы, рэкламу. Зарабляем недзе і выдаткуем на музыку. УСЕ. За дваццаць год можна ўжо і ўсьвядоміць, што інакш пакуль, нажаль, ня выйдзе. І вельмі зьдзіўляе вось што. Калі б у «паход ў рэзыдэнцыю» выправіліся маладыя музыкі, тыя хто не памятае часоў СССРу, дык я б не зьдзівіўся. Але выправа тых, хто ня толькі нарадзіўся, але й вырас і сфармаваўся як асоба пры «совдепе» мяне папросту зьбянтэжыла. Хлопцы, вы што - думаеце методыка «супрацоўніцтва» зьмянілася? Вы што, сур’ёзна?
Безумоўна, існуе і іншы пункт гледжаньня. Маўляў, вось мы музыкі, ня шукаем канфлікту і адкрыта ідзем да дыялогу. Маўляў, усе мы на адной зямлі жывем. Маўляў, потым, калі дыялог ня прынясе станоўчых вынікаў, мы зможам шчыра заявіць: «Мы, прынамсі, паспрабавалі. Але ўлады не пайшлі на кантакт. Мы ня вінаватыя».
Аднак.
Што, перыяд з 1996-га па сёньняшні дзень не паказаў, якім і толькі якім можа быць дыялог з дзяржаўнай сістэмай у людзёў, якія - усяго толькі - спрабуюць разважаць паводле уласнага розуму, а не ўстановак з тэлевізару?
Так, і па той, і па іншы бок муроў Валадаркі - беларуская зямля. І ЯНЫ і МЫ жывем на ёй. Толькі, часам здараецца, што па розныя бакі гэтых муроў.
Такія пірагі.
А, увогуле, давайце ня будзем залішне драматызаваць сытуацыю. Ані Варашкевіч, ані Кульлінковіч, ані Вольскі, ані Хаменка на здраднікаў, ну аніяк ня выглядаюць :) Проста давайце шчыра прызнаем: хлопцы, вы х....ню спаролі. Нехта па п’янцы нешта напартачыць, а нехта і ў цьвярозым розуме - з кім ня бывае.
Карацей, адзін у гаўно уступіў, а іншы - у партыю :)
Skrypa.
P.S. Хачу адрэагаваць на некаторыя выказваньні удзельнікаў «паходу».
1. «Усё роўна, пад якім сьцягам сьпяваць» - глядзі «Пункт шосты». Справа не ў сьцягу, як адзнацы палітруху. Але й толькі у сімвале беларускасьці, на карысьць якой ты й працуеш. «Басовішча» - фэст музычны, а сьцягоў там мора. І зразумела, чаму.
2. «Мілінкевіч не дапамог» - Мілінкевіч не «Армія выратаваньня» і не нейкі замежны магнат каб дапамагаць. А тое, што калісьці-нешта-камусьці сказануў, дык на тое ён і палітык, каб увесь час нешта камусьці казаць. Прычым менавіта тое, што ад яго хоча пачуць электарат.
3. «Мне так было цікава схадзіць у Адміністрацыю прэзыдэнта. Я там ніколі ня быў... Цікава было паглядзець, што там і як» - падобныя заявы выглядаюць суцэльным інфантылізмам. Я ці некаторыя мае знаёмыя паводле шэрагу магчымасьцяў (сваякоў ня выбіраюць) можам шмат куды патрапіць. Туды, куды зазвычай людзёў з вуліцы не прапусьцяць. Дык чаму б не папрасіцца да знаёмых мянтоў на разгон дэманстрацыі - ў аўтобус, куды грузяць затрыманых? А што, - цікава паглядзець, як ГЭТА ЎСЁ адбываецца ЗЬ ІНШАГА БОКУ. А калі дубінал дадуць, дык потым увогуле будзе файна - сядзім, п’ем, а я і кажу: «А памятаеш, Калян, як я табе ціпа ўваліў, калі цябе ў аўтобус прыцягнулі!».
Увогуле, трэба ДУМАЦЬ пра тое, што кажам.
P.P.S. Пры размове з прафэсыйнымі прапагандыстамі думаць трэба НЕКАЛЬКІ раз перад тым, як нешта кажам.
33 comments |
Leave a comment