Нядзеля, 31 кастрычнiка 2021г.
Сёння памерла мацi, Нiна Мiкалаеўна. Ва ўзросце 71 год. А 7й гадзiне ранiцы патэлефанаваў лекар з 9 бальнiцы, дзе яна знаходзiлася ў рэанiмацыi, i паведамiў, што мамы больш няма. Дзяды забралi да сябе... Недзе ў пачатку тыдня яна адчувала сябе хворай, перхала, шмат ляжала. Але такое бывала i раней. Тэмпературы не было, пахi не страчвала, таму на дом лекара не вызывалi. У пятнiцу ўвечары яе стан рэзка пагоршыўся, яна папрасiла вызываць хуткую дапамогу, бо цяжка дыхаць. Хуткая прыехала хвiлiн праз 15, зрабiлi ЭКГ, замералi цiск, тэмпературу, пасля пасадзiлi ў спецыяльнае крэсла i на iм спусцiлi да машыны. Павезлi ў шпiталь на Сямашака-8 (9ГКБ). Па дарозе давалi дыхаць кiсларод, мацi казала, што становiцца лягчэй. У шпiталi, у сматравым пакоi, казалi, што напэўна iнфаркт, i павезлi ў рэанiмацыю кардыялагiчнага аддзялення. Мне параiлi ехаць дадому, i ранiцай тэлефанаваць. У суботу ранiцай, я даведаўся, што яе перавялi ў рэанiмацыю 3й неўралгii, бо атрымаўся станоўчы тэст на кавiд, i што яна пад кiслародам, параiлi прывезцi перадачу: памперсы, ваткiя сурвэткi, вады 2л. Вечарам пятнiцы а 17й гадзiне я перадаў усё гэта, а ранiцай а 7й, мне патэлефанаваў лекар... У панядзелак будуць рабiць выкрыццё. Патэлефанаваў усiм сваякам. Сумна...
Увечары прыехалi cваякi: дзядзька Толя i дзядзька Вася. Дамовiлiся з iмi, што пахаванне будзем ладзiць на могiлках у вёсцы Новыя Iсаевiчы, як хацелася б маёй мацi, дзе пахаваны яе бацькi: Зiнаiда Пятроўна i Мiкалай Цiтавiч...
Панядзелак, 1 лiстапада 2021г.
Ранiцай паехаў на працу, каб напiсаць заяву на 3 днi за свой кошт, адтуль дадому, па дарозе патэлефанаваў у паталагаанатамiчнае бюро на Самашка-8, там параiлi прыязджаць а 12 гадзiне з абодвумя пашпартамi i адзеннем для памерлай. Адзенне знайшлося ў яе шафе: сукенка з рукавамi, панчохi, хустка, тапачкi. Там жа ляжалi грошы, што матуля адкладвала з пенсii ды чатыры бутэлькi гарэлкi. Каб адвезцi памерлую на пахаванее дастаткова пасведчання аб смерцi 106/у-10. А 12й гадзiне я аддаў пашпарты у адзiнае вакно Бюро даведак. Пачуў: "чакайце ад паўтары гадзiны". Праз паўтары гадзiны прыйшлi тыя, хто пакiнуў свае пашпарты а 10й гадзiне. Яшчэ праз паўгадзiны наогул перасталi вызываць, бо афармлялi пахавальныя агенцтвы. Я быў у чарзе мо 40вы. Людзей скапiлася шмат. Шмат хто абураўся ў голас, спрачалiся. Мне проста было сумна, я стаяў ля сцяны i чакаў, слухаў размовы. Склалася адчуванне, што большасць памерлых былi кавiднымi хворымi. Былi як прывiтыя так i не (супакойваў я сябе, што не пераканаў мацi зрабiць прышчэпку). Даведку мне выдалi ў 15.55, аддаў адзенне, аплацiў паслугi мыцця, апрацоўкi, бальзамавання, макiяжа. Можна было па жаданнi забраць цела без паслуг, у цалафанавым пакунку. Некаторыя так i рабiлi. У пасведчаннi значылася: "лёгочно-сердечная недостаточность, инфаркт миокарда" i стаяла пазнака "короновирусная инфекция".
Патэлефанаваў у Старыя дарогi, заказаў рытуальныя паслугi: труну, крыж, два вянкi (ад дзяцей дый ад братоў i iх сем'яў), нешта яшчэ тое-сёе, без адпявання. Заўтра у 10.30 будзем забiраць памерлую. Брат Андрэй толькi вяртаўся з Лепеля, таксама абяцаў далучыцца. Дзядзька Саша, бацькiн брат, пералiчыў WesternUnion грошы з Масквы, але недакладна напiсаў маё прозвiшча лацiнкай, i таму мне iх у банку не аддалi, сказалi перарабiць. Зайшоў у магазiн, затарыўся закускамi да памiнальнага стала. Дадому прыйшоў а 18й. Зварыў тату расольнiк на заўтра, бо ён застанецца ў кватэры, таму што вельмi цяжка перасоўваецца - кружыцца галава. Трохi выпiлi з дзядзькамi перад сном...
Аўторак, 2 лiстапада 2021г.
Ранiцай нават не паснедалi, нешта не хацелася. У морг паехалi на таксi, увесь час маўчалi. На пляцоўке каля уваходу мiтусня з машын ды людзей. Патэлефанаваў кiроўцу катафалка, заехалi на пляцоўку, знайшоў адмiнiстратара, сказаў, што будзем забiраць, адмiнiстратар выдала кнiгу, запiсаў у яе матчыны i свае дадзеныя, хлопцы паставiлi труну, паклалi ў яе мацi, у рукi ўклалi абраз, прыкруцiлi вечку, i панеслi ў катафалк. Усё хутка, як на канвееры. Даехаў брат Андрэй. Селi i паехалi ў бок Старых Дарог, па Слуцкай шашы - кiроўца, трое з пахавальнай брыгады, я, Андрэй, дзядзькi Толя ды Вася. Дзядзька Коля ўжо чакаў нас у вёсцы, у дзедавай хаце.
У горадзе Ст. Дарогi нават не супынялiся, адразу накiравалiся ў Cтарыя Iсаевiчы. Пакiнулi ў хаце гарэлку ды ежу, перакурылi, нарвалi жывых кветак каля плота - то былi астры, што выраслi з насення, якое збiрала мацi. Зачынiлi хату ды пеехалi ў Новыя Iсаевiчы на могiлкi.
Надвор'е было пахмурнае, але без дажджу. На могiлках вызначылi месца пахавання нездалёк ад бабы з дзедам, амаль гадзiну чакалi пакуль выкапаюць магiлу. Хлопцы з "Рытуалу" катэгарычна адмовiлiся несцi адкрытую труну, бо памерла ад кавiда. Таму знялi вечку каля ўваходу на могiлкi, на кароткi час, каб развiтацца. Я ў пальчатках i масцы развязаў рукi i ногi, паправiў галаву. Паглядзелi-паўздыхалi. Толя i Коля сказалi, што не пазналi. Мабыць з-за грыма. З Васям накiнулi i закруцiлi вечку. Панеслi - труну, за ёй крыж, потым вянкi i кветкi. Я шкадаваў, што заказаў мала вянкоў. Апусцiлi труну ў яму, кожны кiнуў па тры жменi зямлi, засыпалi, уваткнулi крыж i вянкi. Забылiся ўзяць святой вады каб акрапiць магiлу...
Памiнкi ладзiлi ў дзедавай хаце. Растапiлi грубку. Пасмажылi катлеты, нарэзалi каўбасу, паклалi салаты, бутэрброды. Падыйшоў Саша Казлоў з хаты насупраць. Сядзелi пад партрэтам маiх бацькоў з вяселля, выпiвалi, успамiналi як раней было, калi вёска жыла...
Дзедава хата
Мацi i тата
Аказалася, што нiхто не ведае, чаму вёска называецца Старыя Iсаевiчы, i наогул хто такiя гэтыя Icаевiчы, бо па паданнях продкi ў канцы 19в выкуплi гэту зямлю ў пана. Былi такiя Шевелёвы, якiя з Амерыкi прывезлi золата, i за яго купiлi зямлю.
Шевелёвы
На месцы цяперашняй вёскi, быў лес ды балота, непадалёк цякла рэчка Арыжня. Лес карчавалi, балота асушалi. Продкi маёй мацi мелi прозвiшча Скарабагатыя. I напачатку ў вёсцы было шмат каго з такiм прозвiшчам. Але потым пачалася вайна, потым другая, мужчыны сыходзiлi ваяваць i не вярталicя. Жанчыны ўступалi ў шлюб, паявiлiся прозвiшчы Шчэрба, Казлоў, Выгоўскi, Галуза, Сцежка...
Прабабуля Алеся (Скарабагатая) была мясцовай варажбiткай i траўнiцай, магла прадказваць лёс па картах, па руцэ, ведала лекавыя травы. Напэўна яна ж была апошняя з сям'i, хто ўмеў ткаць на кроснах. Амаль нiчога не засталося. У савецкiя часы ў вёсцы былi i школа, i клуб, i магазiн. У клубе як раз i святкавалi вяселле мае бацькi. Гулялi ўсёй вёскай. А зараз жыхароў амаль не засталося. Толькi дачнiкi прыязджаюць у летку. Кажуць, з пасляваенных часоў хаты ў вёске амаль не змянiлiся, толькi дахi раней былi саламяныя, а зараз шыферам пакрытыя...
Ноччу спаць было цёпла, печ ды грубка абагравалi добра.
Калаж са сцяны
Серада, 3 лiстапада 2021г.
Ранiцай пасля сняданка iзноў з'ездзiлi на могiлкi, на гэты раз узялi "святую ваду". Палiваў дождж. Было няўтульна. Заказаў маршрутку са Старых дарог у Мiнск на 13 гадзiн. Апошнюю гадзiну ляжаў на печы з катом Манахам. Кот насiў мянушку некага дзядзькi з вёскi Дубное, у якога жыў. Той дзядзька у мiнулым годзе ноччу згарэў разам з хатай. Кажуць была гаўняная электраправодка, са старай гумавай iзаляцыяй, а мяняць яе той бядак не хацеў. Перад ад'ездам дзядзька Вася аддаў мне дзедаў кiшэневы механiчны гадзiннiк, каб я бярог.
Кот Манах
У Мiнск вярнуўся а 15й гадзiне. Быў яшчэ час, каб паспець у ЗАГС, атрымаць гербавае (хочацца сказаць грабавое) пасведчанне аб смерцi. Але ў ЗАГСе Заводскага раёну мяне адправiлi на Альшэўскага-12. З Чыжоўкi трэба было ехаць на Пушкiнскую i паспець да 17 гадзiн. Гэтае пасведчанне я атрымаў толькi на наступны дзень. На яго падставе мне вылучылi 1463 рублi дапамогi на пахаванне. Рытуальнаму агенцтву я заплацiў 1300.
Хочацца нiчога не рабiць. Пасядзеў бы на карантыне пару тыдняў.