Месца сьмерці караля Стэфана Баторыя

Nov 18, 2018 13:02


Кароль Стэфан Баторый, які кіраваў Рэччу Паспалітай у 1576-1586 гг., лічыцца культавай для Гародні асобай. Таму ўсе абставіны, што зьвязваюць яго з горадам над Нёманам мусяць выклікаць вялікую цікавасьць. А найбольш значным фактам з'яўляецца бадай што сьмерць Баторыя ў Гародні.



Асноўная праца для выяўленьня дакладнага месца, дзе памёр Баторый, была зроблена яшчэ польскімі дасьледчыкамі ў міжваенны перыяд. У 1930 г. Тадэвуш Янкоўскі апублікаваў кнігу "Śmierć Stefana Batorego w Grodnie", у якой зрабіў дзьве важныя рэчы: па-першае, сабраў і апублікаваў комплекс крыніц, якія тычацца гэтага пытаньня; па-другое, даказаў, што кароль памёр у новазбудаваным палацы Старога замка. Праўда, ён так і не змог вызначыцца з канкрэтным пакоем, паколькі на той час не была яшчэ вывучана першапачатковая планіроўка палаца. Апошняе зрабіў Яраслаў Вайцяхоўскі ў 1938 г. Яго праца, хаця і ўтрымлівае шэраг істотных недакладнасьцяў, з'яўляецца шмат у чым узорнай. Падобнага дасьледаваньня па Старым замку дасюль няма. У прыватнасьці архітэктару ўдалося вызначыць дакладную планіроўку другога паверха палаца і знайсьці каралеўскую прыбіральню, якая з'яўляецца "ключом" для пошуку спальні Баторыя. Не хапіла толькі аднаго кроку, каб зьвесьці напрацоўкі Янкоўскага і Вайцяхоўскага разам.



Калі я ўзяўся за вывучэньне гэтага пытаньня, мне спачатку падавалася вельмі сумнеўным, што Стэфан Баторый увогуле здолеў дабудаваць палац і пераехаць у яго. Мне думалася, што кароль сустрэў свае апошнія дні ў рэзідэнцыі на Ніжнім замку, якая актыўна выкарыстоўвалася Жыгімонтам ІІ Аўгустам. На такія думкі наводзіць апісаньне спальні Баторыя, як "малога пакоя", а ў мураваным палацы пакоі ж не такія і малыя.


Рэзідэнцыя на Ніжнім замку на гравюры М. Цюнта

Аднак крыніцы, якія выявіў Янкоўскі, а таксама шэраг іншых сьведчаньняў указваюць менавіта на новазбудаваны палац. Найбольш выразна аб гэтым напісаў Фёдар Еўлашэўскі: кароль "умер на замку городенском в милых палацах своих, от него збудованых" (падрабязней гл. тут с. 6-7).

Для вызначэньня канкрэтнага пакоя маюцца шэраг крыніц. Найбольш важныя з іх - тры аповеды пра апошнія дні і сьмерць Баторыя. Так, Леў Сапега пісаў, што ў ноч з 7 на 8 сьнежня, калі хвароба караля абвастрылася, кароль ішоў "з той комнаткі малой сам далей ў камору, з якой ёсьць адразу і патрэбная каморка (прыбіральня) і пераход у вялікую сталовую ізбу"  ("z owej komnatki małej sam dalej do komory, z  której jest zaraz i potrzebna komórka i przechodzenie do wielkiej stołowej izby"). У ананімнай рэляцыі пра сьмерць Баторыя гэты выпадак апісаны падобным чынам: "ноччу [кароль] устаў у прыватнае месца (прыбіральню) і там доўгі час быў на холадзе і ветры. Ідучы адтуль праз каморку, якая перад комнатай, у якой ляжаў" ("w nocy wstał na prywatne mieyce i tam długi czas był na zimnie i wietrze. Idąc z tamtąd przez komórke, która jest przed komnatą, gdzie leżał"). Крыху адрозьніваецца апісаньне гэтай падзеі ў каралеўскага сакратара Хякора: кароль пайшоў "у бакавы алькеж, дзе вокны былі заўжды адчынены, каб ахаладзіцца" ("do pobocznego małego alkierza, gdzie okna były zawsze otwarte, żeby się ochłodzić"). Крыніцы, як бачым, не паўтараюць адна адну словаў слова і такім чынам з'яўляюцца незалежнымі, што ўмацоўвае ў нас веру ў дакладнасьць апісаньня падзей.



Каралеўскую прыбіральню на падставе натурных дасьледаваньняў і вывучэньня інвентароў знайшоў Вайцяхоўскі. Яна знаходзілася амаль у цэнтры заходняга фасада палаца і мела выгляд невялікага эркера. Апошняя дэталь указвае на тое, што апісаньне Хякора не пярэчыць двум папярэднім. Іншымі прыбіральнямі, кароль карыстацца ня мог, бо яны знаходзіліся далёка ад каралеўскіх апартаментаў і прызначаліся або для гасьцей, або для слуг.

Такім чынам, ад "каморай", пра якую згадваюць крыніцы з'яўляецца пакой ля прыбіральні. А спальня была адразу ля яго і гэта быў пакой справа. Чаму ён? Па-першае, прыватныя каралеўскія апартаменты знаходзіліся ў правым баку палаца, а зьлева разьмяшчаліся памяшканьні для прыёмаў і публічных мерапрыемстваў. Па-другое, Леў Сапега досыць ясна напісаў, што з каморы быў пераход да сталовай ізбы (самага вялікага рэпрэзентатыўнага памяшканьня), г. зн. спальня не межавала зь ёй.


Тое, што спальня Баторыя была малой, пацьвярджае апісаньне рэчаў, што засталіся пасьля сьмерці караля. Так, у спальні было 6 "апон", 2 "палаўнікі і каберцы", у той час, як у суседняй "комнаце з ізбы пакаёвай" - 9 "апон", 5 "палаўнікаў" і 2 "каберцы". У апошнім выпадку маецца на ўвазе, верагодна, вялікі пакой з трыма вокнамі, які мог выконваць функцыі кабінету. Мяркуючы па колькасьць габеленаў і дываноў, гэты пакой меў у два разы большую плошчу сьцен, чым спальня.

Некаторае зьдзіўленьне выклікае тое, што кароль абраў сабе на спальню зусім невялікі пакой. Аднак, трэба ўлічваць, што, па-першае, працы па ўнутраным аздабленьні памяшканьняў палаца ў 1586 г., хутчэй за ўсё, не былі завершаны. Па-другое, меншы пакой было лягчэй абагрэць і ў ім было камфортней жыць. Менавіта таму, калі пазьней каралеўскую спальню перанесьлі ў правы вялікі вуглавы пакой, там збудавалі невялікі драўляны спальны пакойчык, у якім было цяплей і камфортней спаць.

Такім чынам, адносна простая праца з крыніцамі, якія выявіў Янкоўскі, з апорай на план Вайцяхоўскага дазваляе дакладна вызначыць пакой, у якім памёр Стэфан Баторый. Аднак у час падрыхтоўкі праекта рэканструкцыі замка, якая пачалася яшчэ ў другой палове 1980-х гадах, гэтая праца не была выканана. Таму у эскізным праекце аўтарства Уладзіміра Бачкова на месцы, дзе стаяў сьмяротны ложак Баторыя мы бачым прыбіральню для турыстаў.



У гэтым праекце яшчэ шмат недарэчнасьцяў і проста фантазій, але гэта бадай што самая ганебная.

Такая вось "беларуская школа рэстаўрацыі" ...

Гародня, рэстаўрацыя

Previous post
Up