Наваградскі замак: колькі заўваг да спробаў рэканструкцыі выгляду помніка

Jan 12, 2016 11:15


Наваградскі замак, напэўна, больш чым які іншы вабіць аматараў гісторыі і спадчыны Беларусі і Вялікага княства Літоўскага. І сапраўды, маляўнічыя руіны, што захаваліся да нашага часу, выклікаюць жаданьне ўявіць, як выглядаў помнік. Пры чым помнік кранае як навукоўцаў, так і мастакоў (у тым ліку майстроў 3Д мастацтва). У выніку на цяперашні час мы маем цэлы шэраг рэканструкцый выгляду замка. Разам з тым яны шмат у чым паўтараюць адна адну і ствараюць пэўны кананічны вобраз фартэцыі. Апошні мае шэраг грунтоўных недапрацовак, на якія я хацеў бы звярнуць увагу ў гэтым допісе. Паспрабую зрабіць гэта коратка і настолькі трапна, наколькі мне дазваляць мае веды. Больш грунтоўныя адказы, хочацца спадзявацца, удасца атрымаць у выніку далейшых археалагічных даследванняў помніка.

Творцам сучаснага вобраза замка з'яўляецца слынны Міхась Ткачоў, які праводзіў археалагічныя даследваньні на тэрыторыі помніка. На падставе навуковых напрацовак Ткачова мастак Яўген Кулік падрыхтаваў першы малюнак-рэканструкцыю замка, ад якой, фактычна,вядуць сваю генеалогію ўсе іншыя рэканструкцыі (цалкам магчыма, што свой ўплыў на фарміраваньне вобраза замка меў і мастак):




Неўзабаве свае шыкоўныя малюнкі стварыў мастак Віктар Сташчанюк





А вось два малюнкі Паўла Татарнікава:





Як бачым, яны ўсе з большага падобныя і абапіраюцца на прапанаваны Ткачовым варыянт. Але гісторык, імкнучыся стварыць вобраз велічнай фартэцыі, зрабіў шэраг гіпотэз, якія, на маю думку, не пацьвярджаюцца пры верыфікацыі накопленага дасюль матэрыялу. Адна з самых галоўных - гэта існаваньне т.зв. сёмай, ці Мескай вежы.

У свой час польскія археолагі выявілі мур, які ішоў ад Калодзежнай вежы ў бок Малога замка:



А Ткачоў дапусьціў, што гэты мур упіраўся ў вежу, у якой была брама.



Як пісаў даследчык, ён выявіў гэтую вежу ў 1970 г. у выніку археалагічных раскопак, але дасьледаваць яе не змог з-за шчыльнай забудовы ў гэтым месцы. Пры чым Ткачоў дапусьціў, што ў вежы была брама, а перад замкам, такім чынам, утваралася своеасаблівае прадзамча.

Нестыкоўка ў гэтай гіпотэзе вось у чым. Шырыня праезда ў т.зв. Малой браме (уверсе гэтага прадзамча) усяго каля 1,5-2 м. Малая брама да рэстаўрацыі:



Цяперашні выгляд:



Пры такіх памерах тут ледзьве воз працісьнецца! Таму гэты праезд не мог быць галоўнай брамай замка. А значыцца не было брамы і ўнізе, а, найверагодней, не было і сёмай вежы, і прадзамча.

А выглядала ўсё, як мне падаецца, наступным чынам. Праход у Малой браме меў дапаможны характар (дататковая фортка). Праз яго, напрыклад, маглі спускацца па ваду ў выпадку патрэбы. Менавіта, для здабычы вады пазьней з гэтага боку ўнізе паставілі Калодзежную вежу. А ад згаданай вежы ў боку Малога замку ўзвялі сцяну, каб абараніць роў між абовума замкамі. Дадатковая абарона абодвух замкаў у выглядзе вала мелася і з паўночнага боку. Вось план, каб зарыентавацца:



У такім разе паўстае пытаньне, дзе была галоўная брама замка? На рэканструкцыі Сташчанюка прапанаваны варыянт праезду проста ў абарончай сьцяне ў раёне цяперашняга праходу, праз які турысты зазвычай трапляюць на замкавы дзядзінец. Аднак, як правіла, брамы рабіліся ў вежах, ці хаця б мусілі фланкіравацца. Гэта рэч досыць тыповая (кастэлі-лагербургі кшталту Ліды і Крэва - гэта зусім іншы выпадак, іх прыгадваць ня варта). А ў Сташчанюка мы бачым слабую браму ў найбольш небяспечным, г.зн. зручным для атакі месцы. Таму гэты варыянт, на маю думку, трэба адкінуць.

Найверагодней, галоўная брама разьмяшчалася ў Шчытоўцы, што захавалася да нашага часу. І менавіта наяўнасьцю праезда тлумачыцца вялізны пралом у вежы (зрэшты, гэта даўно вядомая ідэя, аўтарства якой я ні ў якім разе не хочу прыўлашчыць):



З Шчытоўкі па мосце можна было трапіць на тэрыторыю Малога замка, які служыў гаспадарчым заплеччам для цытадэлі. Падобная сістэма з брамай і мастом, на маю думку, існавала ў Гародні (аб гэтым тут).

Не так даўно, спробу аднавіць выгляд Наваградскага замка зрабілі літоўскія калегі:





І ўжо зусім свежая рэканструкцыія Алега Мініча:







Арыентацыя Мініча на літоўскую рэканструкцыю бачна даволі выразна. Разам ў тым, ён дазволіў сабе крыху адступіцца ад прапанаванага папярэднікамі вобраза. І ў гэтым зрабіў шэраг памылак. Як вынікае, літоўцы мелі магчымасць кансультавацца са спецыялістамі па фартыфікацыі, і таму многія элементы яны рэканструявалі даволі дакладна і адпаведна эпосе, а ў Мініча яны "паплылі". Напрыклад, размяшчэнне байніц ў вежах залежыць напрамую ад  вышыні паверхаў, а на Калодзежнай вежы, яны неяк пачалі жыць сваім уласным жыцьцём і сьцягнуліся па вертыкалі. Літоўцы прапанавалі тыповы крэнеляж, ці зубцы з вузкімі байніцамі ўнутры (аб гэтым тут), а ў беларускага аўтара выразна бачны нетыповыя вузкія зубцы. На т.зв. Мескай вежы недарэчным выглядае руст у абрамленіні праезда і па вуглах вежы, колькасьць байніц адразу над праездам і рэшткі тынкоўкі на цагляных мурах. Аднак, гэта дробязі.

Больш цікавым з'яўляецца пытаньне, адкуль аўтары бралі форму і дэкор для вежаў сваіх Наваградскіх замкаў. Напрыклад у Татарнікава і Мініча (а, напэўна, і Ткачова) выразна бачна адсылка да Мірскага замка (я, па шчырасьці, сумняюся, што гэта той аналаг, да якога трэба зьвяртацца). Але ёсьць і зусім наватарскія формы, як на Малой браме ў літоўцаў (гэтую форму Мініч пашырыў яшчэ і на Касьцельную). І тут мушу прызнацца, што мне, напэўна, бракуе ведаў, бо я нават не ўяўляю, дзе аўтары гэтых рэканструкцый вынайшлі такія формы...

Але нашто разважаць над формамі вежаў, калі мы ўвогуле ня ведаем ці былі яны калі-небудзь дабудаваны, і колькі паверхаў мелі (апроч хіба Шчытоўкі і Касьцельнай). Выглядае на тое, што ў свой час Ткачоў наважыўся "завяршыць" вежы і надаць ім пэўныя формы, а яго пасьлядоўнікі ўспрынялі ягоны пасыл як дагмат, ад якога не варта адхіляцца. Прыклады спробаў рэканструкцыі Наваградскага замка сведчыць пра выразную інэртнасць успрыманьня помніка людзьмі і нават прафесіяналамі, якія разумеюць гіпатэтычнасьць любой рэканструкцыі.

Няхай спадарства мне даруе за чарговую спробу самаактуалізавацца за кошт крытыкі стваральнай працы іншых. Напраўду, мяне гэтыя рэканструкцыі натхняюць! Хай бы іх было больш і яны былі больш якасныя! Так праз папулярызацыю нашай замкавай спадчыны будуць пашырацца перспектывы і магчымасьці для вывучэння помніка.

ФАРТЫФІКАЦЫЯ, Наваградак

Previous post Next post
Up