Больш за тры гады таму зьмясьціў у сваім ЖЧ
выявы Лоева з часоў паходаў арміі Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам польнага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла на казакаў Багдана Хмяльніцкага. Але зь цягам часу выявілася, што ня ўсё тое Лоеў, што такім падаецца. Аб гэтым і вырашыў напісаць тут.
Даволі хутка пасьля стварэньня вышэйазначанага допісу для мяне стала зразумела, што на гэтым вось малюнку Абрагама ван Вестэрфельта адлюстраваны зусім ня Лоеў.
Зьвярніце ўвагу на само места:
І параўнайце з выйвай Лоева на гравюры ў Theatrum Europeanum
Як бачна на ніжняй выяве, Лоеў быў цалкам спалены. А на папярэднім малюнку мы бачым вялікае места, якое "полымя вайны" яшчэ не кранула. І гэтым местам з'яўляецца не што іншае, як старадаўні Кіеў. На малюнку былі адлюстраваны і вал Яраслава, і знакамітая Залатая брама, і пасад зь дзясяткам храмаў. Апроч таго на карысьць Кіева сьведчаць і падзеі адлюстраваныя на малюнку: зьлева мы бачым ушыхтаваныя харугвы Гасеўскага, зьнізу - войскі на чале зь Янушам Радзівілам, а справа - казакаў, якія пакідаюць места і ўцякаюць у бок Кіева-Пячорскай Лаўры, якая, дарэчы, таксама крышку бачная.
Апошні цьвік у труну надзеі, што гэта можа быць Лоеў, забівае малюнак з нямецкамоўнага манускрыпта "Літоўскі паход 1651 г." Ня так даўно гэты цікавы рукапіс быў выяўлены ўкраінскімі калегамі, і хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе будзе падрыхтавана паўнавартасная публікацыя гэтай цудоўнай крыніцы. А паколькі гэты малюнак не публікаваўся, ня маю маральнага права вешаць яго сваім блогу. Аднак, паверце, ён адзін у адзін адпавядае малюнку Вестэрфельта, і на ім падпісана, што гэта Кіеў.
Далей, як кажуць, яшчэ горш.
Вось гэты малюнак Абрагам ван Вестэрфельта з недвухсэнсоўным подпісам "Łojow oppidum", які я з такім задавальненьнем у фрагментах выклаў у сябе ў блогу ў 2011 г., на праверку аказваецца, таксама ня Лоеў (
Па праўдзе кажучы, у мяне ад самага пачатку не атрымлівалася суаднесьці тое, што мы бачым на гэтым малюнку, з Лоевам, які бачны на гравюры з Theatrum Europeanum:
1) і замак ня так разьмешчаны адносна места,
2) і ракі ня відаць,
3) і ў гэтым "Лоеве" усё цэлае і неспаленае, як быцца і ня было зьнішчэньня места і замкам казакамі ў 1648-1649 гг.
На ўсё гэта я меркаваў, што Вестэрфельт мог крыху "пагуляцца" з вобразам паселішча і змадэрнізаваць яго адпаведна сваім мастацкім густам і патрэбе больш выразнай кампазіцыі. А сам малюнак паўстаў у 1651-1653 гг., калі места магло быць неяк адбудаванае.
Аднак яшчэ горай з нацяжкамі стала, калі зьявіўся вось гэты план шанца, ці палявога ўмацаваньня пад Лоевам з "Літоўскага пахода 1651 г.":
(гэты і два іншыя малюнкі падаю паводле публікацыі: Кондратьєв, І. Любецьке староство (XVI - середина XVII ст.), 2014)
Зьвярніце ўвагу, што шанец пад Лоевам, па-першае, разьмешчаны за ракою ад замка, па-другое, мае зусім іншую форму (замест трох бастыёнаў мы бачым палігон з рэданам і двума паўбастыёнамі, і па-трэцяе, самога места Лоева няма, а ёсьць толькі "Стары замак".
Гэта ж якім чынам Вестэрфельт мусіў аддацца ўсім грахам сваёй фантазіі, каб "зьляпіць" з усяго гэтага такую панараму Лоева?
Але варта было праявіць трохі кемлівасьці, каб давер да мастака вярнуўся, а разам з тым усе гэтыя нестыкоўкі былі зьнятыя. Справа ў тым, што подпіс "Łojow oppidum" мае пазьнейшае паходжаньне і зьяўляецца памылковым, а на панараме адлюстраваны насамрэч Любеч. Параўнайце яшчэ раз гэты малюнак з планам Любеча, што зьмешчаны ў тым жа "Літоўскім паходзе 1651 г.":
Ня буду падказваць, з якога боку зроблена панарама. Думаю, тут не складана здагадацца. Каб пераканацца ў тым, што гэта менавіта Любеч параўнайце на абодвух выявах наступныя дэталі (апроч агульнай планіроўкі, канечне): 1) мейская вежа-брама; 2) вуліца, што ідзе за ёй, і вуліца да замку; 3) замак, яго брама і мост; 4) царква побач з замкам, 5) вежы-башты па перыметры мейскіх умацаваньняў і замка.
Да гэтага малюнка трэба яшчэ дадаць план шанца насыпанага перад Любецкім замкам з таго ж "Літоўскага пахода 1651 г.":
Гэта той самы трохбастыённы шанец, што бачны на панараме перад замкам. Але ён быў насыпаны пасьля таго, як быў складзены план места, таму і ня трапіў на яго.
А вось яшчэ параўнайце выяву замка на панараме з рэканструкцыяй Любецкага замка на XVI-XVII стст., зробленай ня так даўно ўкраінскімі калегамі. Адзінае, канечне, трэба мець на ўвазе, што ня маючы гэтых іканаграфічных крыніц гісторыкі не змаглі рэканструяваць башты па перыметры замка.
Такім чынам, мы маем справу з амаль фатаграфічную па сваёй дакладнасьці панарамай Любеча аўтарства Абрагама ван Вестэрфельта і, прыгадваючы першы малюнак, яшчэ адну цікавую выяву Кіева. Так вось на пару выяваў беларускага Лоева стала менш :( Але гэта, канечне, жарт :)
Лоеў і Любеч, па сутнасьці, належалі да аднаго гісторыка-культурнага рэгіёну (колішняга Любецкага староства) і мелі аднолькавыя гісторыка-культурныя і этнаграфічныя рысы (тую ж архітэктуру).
Мяне ж асабіста гэтыя землі вельмі цікавяць з тае прычын, што з-пад Брагіна, які таксама належаў да Любецкага староства паходзіць мой дзед, прозьвішча якога я маю гонар насіць. Ну і, магчыма, гэта адзін з маіх тамтэйшых прадзедаў ехаў на возе сена ў Любеч:)