Niechay harac choc usie

Oct 17, 2011 22:11

Маральная гісторыя на папялішчы замкавай царквы ў Слуцку. Старажытны храм збудаваны яшчэ знакамітай княгіняй Анастасіяй згарэў 11 красавіка 1745 года. Аб тым як гэта здарылася даведваемся з рапарта афіцэра слуцкага гарнізона Людвіка Шылінга ад 13 красавіка 1745 года:

“… non sine dolore (лац. не бяз гнева) ці з волі Бога падданыя Вашай Княскай Мосьці і Дабрадзея места тутэйшага Слуцка панеслі шкоду ад агня, які быў 11 красавіка а 9-ай гадзіне ўначы. Агонь паўстаў не выпадкова, але, як цяпер выявілася, з-за падпаленьня зласьлівымі на жыдоў людзьмі. З тых адзін, што ня раз [раней], а таксама і на гэтым пажары, як сьведчаць, салетру ў гаршчку насіў з агнём тлеючым, маючы намер падпаліць. І далей з-за мешаніны і сваволі некаторых жаўнераў замест абароны людзей нямала рэчаў было пакрадзена.

Напад пачаўся ад жыда, які жыве пры самым кабаку насупраць Любэна. Адразу з-за ветра, пакуль зьбегліся людзі, вагонь разыйшоўся ў гушчыні будынкаў і агарнуў цэлы бок [рынка] ад крамаў з боку замка аж да маста насупраць вялікага палаца. Я накіраваўся было зь людзьмі бараніць кабак, як той ад небяспекі быў ўратаваны, аднак з-за павароту ветру ў супрацьлеглы бок ані радзіць, ані ратаваць ня можна было. З другога боку ажно да Спаскай царквы кабак, спіхлеры і новы млын агонь ухваціў. Таму перайшлі куды трэба да будынкаў зь людзьмі і паспольствам для заліваньня агня. Сьвежы наступіў паварот ветру і ўвесь імпэт агня з палаючых будынкаў павярнуўся на мураваны скарбец …, [той] ледзьве ацалеў. На якім [скарбцу] калі на верх даху даляцеў вагонь, кінуўся да найпершага агляду складзеных рэчаў, з якіх прынцыпова дастаўшы архівы забясьпечыў [іх] ад вагня. Рэчы, якія не было як апісваць…, калі махіна старога даху на скарбцу пачала гарэць. Адразу і на царкву замкавую агонь агонь з ветрам паляцеў, і без якой-кольвек магчымасьці для абароны спаліў склад, лядоўню і будынак стары для мядзьведзяў.

Внльмі перажываў з-за таго, што мне дапамогі з ніадкуль ня было. Паспольства на вуліцах і па жыдоўскіх дамах кінулася болей да раскраданьня мёду і гарэлкі, чым да ратаваньня. Упіўшыся некаторыя крычалі, што ніхто ня будзе жыдоў ратаваць “niechay harac choc usie”. Гэтаму ў такой мітусьне і горы цяжка перашкодзіць, калі ніхто з мяшчанаў ані зь вядром, ані зь сякерай [ня быў], але з голымі рукамі глядзець зьбегліся. За гэтага 33 дамы згарэла, ў якіх было па некалькі гаспадароў. Ксёндз Архімандрыт упрошвае, каб яму дазволілі на замкавым папялішчы паставіць крыж і апаркаваньне, бо царква адно ў попел згарэла. Гэтае [пытаньне] адкладваў да волі Вашай Мойсьці …”

Шкадаваньне з таго што згарэў стары храм, а разам з тым і ўсё старое замчышча, асабіста ў мяне перакрыла зьдзіўленьне з вастрыні міжэтнічнай напружанасьці ў Слуцку. Увесь ліст Шылінга, зразумела, быў напісаны па-польску, аднак гэты выраз я палічыў непатрэбным перакладаць: “niechay harac choc usie”. Напэўна, афіцэр занатаваў тыя словы, якія яго найбольш уразілі і на той мове, якой чуў. Больш адступленьняў у бок мовы ў яго лісьце ня было, ды і ўвогуле рэч гэта была рэдкая.

Ня будзем цяпер паглыбляцца ў прычыну канфліктаў хрысьціянскай абшчыны з жыдоўскай, аднак на карысьць разуменьня гісторыі варта адкінуць варты дзіцячага замілаваньня байкі аб талерантнасьці беларусаў. Ня менш глупа было б шукаць “добрых і дрэнных”. Дарэчы, мы ж, беларусы, вядома дрэннымі ня будзем) Відавочным ёсьць тое, што канфрантацыя між беларусамі і жыдамі існавала, і беларусы былі гатовыя бараніць свае інтарэсы, праўда, ня вельмі сумленнымі мэтадамі. За гэта ўрэшце самі і паплаціліся. Замкавая царква згарэла, а Геранім Фларыян Радзівіл забараніў будаваць новую на тым самым месцы. З гэтага часу старое замчышча апусьцела (застаўся стаяць толькі мураваны скарбец).

Аднак, ня ўсё было так дрэнна ў нашым старадаўнім беларуска-жыдоўскім хаўрусе. Ужо на наступны дзень (12 красавіка) пасьля пажару вымольваючы літасьці князя, Шылінг напісаў наступнае:

“… Мяшчане тутэйшыя ачышчаючы сябе, а таксама жыды, рэчы якіх пагінулі ў час пажару, звальваюць на жаўнераў. А нікога [вінаватага] не знайшлі. Толькі найбольш паміж жыдоў і паспольствам, і каторы ў тым страху адзін другога даў ратаваць. Тое [пошук вінаватага] забыўшы, віну на жаўнераў ускладвалі, што гэта з-за іх згінула. У тым, і праўда, быў грэх жаўнераў, што ня хутка на алярм зьбегліся. Бо іншыя па дзесятай гадзіну ў сваіх гасподах спалі, а ў час ленунговага (ленунг - зарплата) дня іншы мог быць упіты, калі ж 11-ага дня тое няшчасьце здарылася. Але такія за тое бэлі бязьлітасна пакараныя, што і цяпер не адзін бы няжывыя ляжаць …”

Усёткі ратавалі адзін аднаго, а затым дамовіліся і знайшлі крайніх …

міты vs гісторыя, СЛУЦАК

Previous post Next post
Up