Лукашэнкавыя вакацыя

Mar 03, 2009 01:09


Безумоўна, Лукашэнкаўскія вакацыі ў Сэрбіі былі найгарачэйшай навіной панядзелка. Пакуль БелТА расказвала пра працоўны візыт, астатнія разважалі пра "круцізну" курорта ды й пра астатніх прэзыдэнтаў на вакацыях. Але ўсе недзяржаўныя крыніцы пагаджаліся з тым, што гэткія вакацыі падчас крызы ё недарэчнасьць. У мяне ж зьявілася толькі два пытаньня:

1) Чаму ён паехаў на вакацыі толькі зараз?
2) Чаму ён паехаў менавіта ў Сэрбію?
Ад'езд кіраўніка краіны на вакацыі падчас даволі вялікай эканамічнай крызы, калі мясцовыя грошы кожны дзень таньнеюць у адносінах да асноўнай міжнароднай валюты, заўсёды ё значнай падзеяй. У нашым выпадку гэны кіраўнік яшчэ й аўтарытарны, што стварае больш пытаньняў, чым адказаў. Генералы звычайна адпачываюць перад кожнай бойкай, а палітыкі пасьля ўдалай кампаніі. Улічваючы падзеі апошніх тыдняў і Лукашэнкаўскае атачэньне на 150 чалавекаў, мне падаецца, што ён вырашыў адсьвяткаваць удалыя перамовы з Эўразьвязам.  Сапраўды, трошку дзіўна, што ён шчодра ўзяў з сабою яшчэ шмат чыноўнікаў ды сваякоў, але дыктатары таксама могуць паводзіць сябе сумленна ў дачыненьні пэўных людзей. Ягонае атачэньне ў Сэрбіі, пэўна, складаецца з найадданейшых "дупалізаў", ахоўнікаў і сваякоў, а гэткіх людзей Лукашэнка вымушаны шанаваць, каб яны яму ня здрадзілі.

Маю думку пра сьвяткаваньне перамоваў з ЭЗ пацьверджвае й месца адпачынку. Раней Лукашэнка любіў наведваць аўстрыйскія Альпы, каб падлячыцца й пакатацца на лыжах. Калі яму забаранілі ўезд у ЭЗ, Лукашэнку прыйшлося карыстацца мясцовымі "курортамі" Сілічы й Раўбічы, а калі яму дазваляў Пуцін, то й Сочы. Цяпер жа санкцыі часова скасаваныя, але ён усё роўна не паехаў у Аўстрыю. Я ня думаю, што выбар залежыў ад коштаў, бо для чалавека, які апранае скураную дзягу ад Эрме, каб праверыць збожжа ў полі, грошы ня будуць праблемай. Справа ў тым, што Сэрбія пад кіраўніцтвам Тадзіча імкнецца далучыцца да ЭЗ, а таксама яна заўсёды была хаўрусьнікам Расеі на Балканах. Сяброўства з гэтай краінай Лукашэнку проста стратэгічна неабходна, бо атрымліваецца гэткі хаўрус мастоў паміж ЭЗ і Расеяй. Выбраўшы Капаонік для сваіх вакацыяў, Лукашэнка сказаў Эўразьвязу: "Мы будзем з вамі працаваць, але паступова," - а Расеі ён сказаў: "Мы хочам паболей незалежнасьці, але мы будзе добрымі суседзямі й хаўрусьнікамі." Цяпер застаецца чакаць на рэакцыю Расеі, бо рэакцыю ЭЗ надта лёгка прадказаць - яна будзе станоўчай.

аналітыка, politics

Previous post Next post
Up